Маша и яе чароўны лес(6 частка Машыны шпакі) (чытае Ліка Пташук)
Кожны будзень, выходзячы з хаты і накіроўваючыся праз лес у школу, Маша глядзела на хвою, дзе тата калісьці прыбіў шпакоўню. У ёй з года ў год сялілася сям'я шпакоў. У сакавіку прыляталі птушкі. Яны абнаўлялі старое гняздзечка, складзенае з сухіх галінак і пуху, якое было размешчана на дне шпакоўні. І толькі потым самка адкладала ў гняздо яйкі.
Маша глядзела на хвою і спрабавала адшукаць дзесьці паблізу шпака. У яе гэта атрымалася, яна пачула голас птушкі. Шпак сядзеў недалёка ад гнязда на галінцы хвоі. Сваёй песняй ён абараняў ад ворагаў, можа нават ад Машы, якая праходзіла міма, будучых шпачанят. А дзяўчынка нават не здагадвалася аб гэтым.Шпачыха ж тым часам знаходзілася ў шпакоўні. Сваімі цёплымі крылцамі яна прыкрывала пяць зеленавата-блакітных яек. У яйках падрасталі птушаняты. Мама-шпачыха з дня на дзень чакала з'яўленне іх на белы свет.
Нарэшце, гэта здарылася. Якой жа цудоўнай здалася клапатлівай птушачцы раніца, калі пад яе цёплым жывоцікам заварушыліся малышы! Шкарлупіна на яйках лопнула, і шпачыха ўбачыла яшчэ зусім слабенькіх мокрых птушанят.
"Якія яны цудоўныя!" – узрадавалася шпачыха і тут жа паклікала тату шпака паглядзець на іх. А шпачаняты ўжо выцягнулі шыйкі і разявілі доўгія жоўтыя дзюбкі, просячы бацькоў пакарміць іх. "Ах, якія яны худзенькія, слабенькія! Нам трэба зараз жа накарміць дзяцей", – зразумелі шпакі. І тата паляцеў шукаць мошак, жучкоў і чарвячкоў. Мама ж яшчэ некалькі дзён заставалася ў гняздзе побач з малышамі, пакуль сляпыя пры нараджэнні птушаняты не пачалі ўсё бачыць.
Колькі ж разоў у дзень трэба карміць птушанят, каб яны выраслі моцнымі і навучыліся лятаць? Вельмі шмат. Да трохсот разоў. І так кожны дзень з раніцы да позняга вечара шпакі кормяць сваіх дзяцей. За дваццаць дзён птушаняты паспяваюць падрасці. Затым яны вучацца лятаць з дапамогай мамы і таты. Яшчэ два тыдні шпакі будуць карміць птушанят і вучыць іх самастойна здабываць для сябе ежу. А пасля уся вялікая сям'я вылЕціць са шпакоўні і адправіцца на пошукі новых сяброў. Шкада, што Машына шпакоўня спусцее на цэлае лета.
Куды ж паляцяць сямёра невялікіх прыгожых птушак з перламутравым адлівам пёраў? На пошукі сваіх сваякоў, такіх жа шпакоў, як яны самі. Вядома, вялікая шпачыная чарада, якая прыляцела з поўдня гнездавацца ў гэты лес, пасялілася не толькі ў шпакоўнях. Шмат птушак жыве ў дуплах дрэў – хвой, дубоў, ліп, бяроз.
Недалёка ад Машынай шпакоўні, у паўкіламетры ад яго, у дупле старога дуба таксама пасяліліся шпакі. Калі шпачыныя сем’і сустрэнуцца, птушкі будуць размаўляць на сваёй птушынай мове. Гэтая мова асаблівая, таму што шпакі – сапраўдныя перасмешнікі. Яны хутка пераймаюць гучанне галасоў розных пеўчых птушак, добра запамінаючы новыя песні. Такім чынам, шпакі могуць спяваць як дразды, чарацянкі, жаўрукі, івалгі, сойкі, жураўлі. А яшчэ яны ўмеюць квакаць як жабы, рыпаць, трашчаць, брахаць як сабакі, мяўкаць і казаць асобныя чалавечыя словы, якія часта чуюць.
– Добрай раніцы! – павітаюць адзін аднаго шпакі. – Вы гатовыя ляцець з намі?
– Гатовыя, – адкажуць іх новыя сябры.
– Тады паляцелі!
Цяпер ужо дзве шпачыныя сям'і выправяцца шукаць новых шпакоў. Яны абляцяць увесь лес і пазбіраюцца ў велізарную чараду. Усё лета шпакі будуць вандраваць па сенажацях, палях, нават па садах, дзе неўзабаве змогуць паласавацца смачнымі ягадамі і садавіной.
А Маша будзе глядзець на пустую шпакоўню і чакаць вяртання знаёмых птушак. Так-так, шпакі вернуцца. Увосень, калі трохі пахаладае, яны зноў паселяцца ў сваёй шпакоўні. Але ўжо ненадоўга. З першым снегам птушкі паляцяць на зімоўку ў паўднёвыя краіны, каб ізноў вярнуцца ў шпакоўню каля Машынай хаты ў пачатку наступнай вясны.
Гэты аповед на рускай мове
25.04.19