Маша и яе чароўны лес(5 частка “Завушніцы” ў бярозкі) (чытае Ліка Пташук)
У канцы красавіка Маша ўгаварыла тату зноў схадзіць у бярозавы гай.
– Я ведаю, на бярозах ужо павінна распусціцца лістота, і адрастуць “завушніцы”(каташкі), – сказала яна. – Ты мне сам казаў, што гэта адбудзецца ў гэтую пару года.– Сходзім, ты толькі не хвалюйся, – адказаў тата. – Пачакай трохі. У найбліжэйшую нядзелю пойдзем да тваіх любых прыгажунь.
Тата выканаў сваё абяцанне. Адклаўшы ўсе справы, павёў дачку ў бярозавы гай. Шустры і дапытлівы Тарзан увязаўся следам за імі. Пакуль яны ішлі па сцяжынцы, сабака паспяваў аббегчы ўсю прылеглую да яе прастору, панюхаць і палізаць "смачную" траўку, пагуляць з хрушчом, што перелазіў праз сухія галінкі і травінкі.
У гэты час лес ужо па-сапраўднаму расквітнеў. Чараўніца Вясна падарыла сваю далікатную прыгажосць усім без выключэння раслінам. Пухнатыя елкі і хвоі зіхацелі мяккімі ярка-зялёнымі лапкамі, якія нядаўна адраслі на хвойных дрэвах з новых покавак. Зацвіталі клёны і таполі. Паўз сцежкі, на лужках разрасліся крапіва, трыпутнік і мядзведжая цыбуля. Кусты чарніц, малін і дурніц зазелянелі, з новых покавак сталі адрастаць маладыя галінкі. На сунічных палянах з'явіліся маленькія кусцікі лясных суніц.
– Ох, Тарзан, не хадзіў бы ты да крапівы, можаш апячыся. І вунь тыя ярка-жоўтыя кветачкі чыстацелу таксама не чапай, выпацкаеш свой нос! – сказаў тата.
– Глядзі, Маша! – тата паказаў дачцэ на неба, калі яны выйшлі на велізарны луг. – Чуеш? Гэта спявае лясны жаўрук.
З неба на дол ліліся звонкія ясныя трэлі маленькай незвычайна галасістай птушкі. Гэта ён, жаўрук, на досвітку ўзлятае ў неба не велізарную вышыню, каб абвясціць на ўвесь свет сваю любоў да роднай зямлі, чыстага блакітнага неба, яркага вясновага Сонца.
Паглыбіўшыся ў лес, падарожнікі страцілі песню жаўрука, але пачулі пералівістыя галасы іншых птушак. Яны, гэтыя галасы, несліся адусюль. Колькі ж птушак гняздуецца ўвесну ў лесе! Іх не пералічыць! Гэта шпакі, гракі, сініцы, дразды і зязюлі, дзятлы і сойкі, берасцянкі і ластаўкі, сітаўкі, пеначкі, шчыглы, чыжы, івалгі, варакушкі, беражанкі, стрыжы, каралькі, совы і пугачы, рачныя і азёрныя птушкі – лебедзі і качкі, жураўлі і чаплі, а таксама шмат іншых птушак.
У цудоўны цёплы вясновы час птушкі выседжваюць птушанят і абараняюць гнёзды ад чужынцаў. Часта самай "гучнай зброяй" птушак з'яўляецца песня. Сваім голасам, прыгожымі спевамі, не падобнымі на спевы суседзяў, птушка дае знак усім – маўляў, я тут жыву, гэта маё дрэва, тут маё гняздо. І, калі ласка, не замінайце маёй сям'і.
Але галоўная птушка, якую любяць і ведаюць усе беларусы – белы бусел! Толькі ён селіцца не ў лясах, ён любіць людзей і ляціць да іх. А яго стрыечны брат – чорны бусел – сапраўдны самотнік. Залазіць у самыя глухія лясныя месцы і на балоты, баіцца з'яўляцца паблізу ад людзей. Маша ні разу ў жыцці не сустракала яго. А белага бусла бачыла. Яго гняздо ў вёсцы, там, дзе жыве бабуля. Гняздо буслы звілі недалёка ад бабулінай хаты, на даху старой вадакачкі. Дзяўчынка бачыла гэтых прыгожых грацыёзных птушак – маму, тату і іх сыночка, калі ўлетку мінулага года два тыдні жыла ў бабулі.
– Чуеш! – цяпер ужо Маша ціхім голасам паказала тату на велізарную елку. Дзесьці з-пад яе бухматых галін, а можа быць, зусім і не адтуль, даносіліся пошчакі яшчэ адной знакамітай лясной птушкі – салаўя. Гэты спявак вельмі ўтойлівы і ніколі не падымецца на верхавіну неба, як гэта робіць адважны і адкрыты ўсім жаўрук. Але голас салаўя незвычайны. Паўтарыць пошчакі гэтай дзіўнай птушкі не зможа ніводны птушыны спявак лесу.
Пачуўшы салаўіны голас, тата з дачкой прыпыніліся, прыслухаліся.
– Малайчына, хораша спявае, – усміхнуўся тата.
Разглядаючы верхавіны дрэў у надзеі адшукаць там салаўя, яны заўважылі на галінцы высачэзнага дуба іншую птушку. Яна, у адрозненне ад малюсенькага салавейкі, была велізарная!
– Там сядзіць пугач, – зразумеў тата. – Відаць ён так спіць, бо гэта начная птушка. Вось напрацаваўся за ноч, цяпер адпачывае.
Прайшоўшы яшчэ з кіламетр па лясных сцяжынках, падарожнікі выйшлі да запаветнага гаю. Маша пабегла бягом. Так яна знудзілася, што нават паўкіламетра не змагла прайсці да бяроз звычайным крокам.
– Не спяшайся! Глядзі, куды ідзеш, не ўпадзі, – крыкнуў наўздагон тата.
А белыя бярозы яшчэ больш расквітнелі ад радасці, сустрэўшыся з дзяўчынкай. Здавалася, увесь час ад апошняй сустрэчы яны чакалі яе. У гэтых глухіх лясных месцах чалавек не часта прыходзіць да іх у госці. Маша ж – дзіўная дзяўчынка, якая любіць іх. І сёння ў белых бяроз вельмі шчаслівы дзень – сустрэча з сяброўкай!
– Якімі вы сталі! Прыгажуні, заквітнелі! – Маша абдымала бярозы, дакраналася да іх цёплымі далонькамі.
Маладыя бярозкі зіхацелі далікатнымі ліпкімі лісточкамі. Больш старэйшыя – шамацелі не толькі маладой лістотаю, але і доўгімі пухнатымі завушніцамі, што звісалі з галін.
А самая старая бяроза, у якой тата браў сок, раптам схамянулася, замахала велізарнымі галінамі так, што яе маладая лістота заіскрылася у промнях сонечнага святла.
– Што гэта з ёй? Яна чагосьці спалохалася? – здзівіўся тата.
– Можа быць, яна баіцца, што ты зноў будзеш браць у яе сок, – выказала здагадку Маша.
– Не, не буду. У такую пару года ён патрэбен ёй самой. Вельмі патрэбен, – збянтэжыўся тата. – Мілая бяроза! Цяпер ты квітнееш, ствараючы новыя жыцці, – сказаў ён, кратаючы шурпаты ствол. – Новыя маладыя бярозкі спеюць у тваіх “завушніцах”(каташках). І я не маю права адбіраць тваю сілу, яна табе цяпер вельмі патрэбна.
Тата абняў старую бярозу. Вядома, яна не была занадта старой. Сорак гадоў для бярозы – мала. У старых гаях бярозы дажываюць да ста, а то і да двухсот гадоў. Так што гэтай прыгожай і станістай "бабульцы" яшчэ расці і расці…
Гэты аповед на рускай мове
24.04.19