Маша и яе чароўны лес(3 частка Бярозавы гай) (чытаеТаццяна Дамаронак)
Тата! А калі пад нашым акном расцвітуць чаромха і бэз? Я так люблю іх водар! – спытала Маша, выходзячы з татам з хаты. Яны адправіліся ў далёкі лес да прыгажунь бяроз, каб сабраць трохі бярозавіка.
– Пачакай трохі, расцвітуць, – адказаў тата. – Цяпер канец сакавіка. Не ўсім жа раслінам адразу квітнець. Ім трэба аднекуль браць сілы для гэтага.– Адкуль?
– З зямлі, з паветра, ад Сонца і вады.
– І ад Вясны.
– Так, ад Вясны. Гэта яна ўсім раздае свае чароўныя падарункі, – усміхнуўся тата.
Мабыць, ён і сам не разумеў, наколькі справядлівыя былі яго словы. Кажуць, часта дарослыя не вераць у цуды. А дарма. Цуды здараюцца.
Калі Маша і яе тата дабяруцца да бярозавага гаю, там ужо пабывае чараўніца Вясна. Вандроўнікі змогуць разглядзець сапраўдныя цуды, якія чараўніца стварыла.
– Вунь яны, нашы бярозы, – сказаў тата, выходзячы з густога цёмнага яловага лесу.
Наперадзе на пагорку бялеў бярозавы гай. Не, маладых лісточкаў на галінах стройных прыгажунь яшчэ не было відаць. Але бярозавы гай ужо адышоў ад зімовай спячкі. У гэтым яму пасадзейнічала Вясна. З дапамогай сонечных прамянёў яна растапіла ўвесь снег, адагрэла ствалы бяроз і напаіла іх гаючым сокам.
– Тата! А калі бярозы заквітнеюць? – спытала Маша.
– У канцы красавіка альбо ў траўні. У гэты ж час на бярозах адрастуць маладыя лісточкі.
Знаходзячыся ў бярозавым гаі, дзяўчынка не змагла не пагутарыць з бярозкамі.
– Вы мае прыгажуні! – ласкава казала яна, звяртаючыся да дрэў.
Маша падыходзіла да кожнай бярозы, абдымала, гладзіла далонькай па кары. Гладкі тонкі ствол быў у зусім яшчэ юных маленькіх дрэў, а шурпаты і тоўсты – ў высокіх і станістых прыгажунь.
А тата шукаў самую старую бярозу, у якой можна было б узяць трохі бярозавіка.
– Відаць, гэтай бабульцы больш за сорак гадоў, – сказаў ён, гледзячы на велізарнае дрэва.
Густая карона старой бярозы накіраваліся высока ў неба, ствол быў тоўстым, на шурпатай кары чаргаваліся цёмныя і белыя плямы.
– Вось у яе мы і паспрабуем узяць трохі соку, – тата зірнуў угару на верхавіну бярозы. – Ты дазваляеш? – спытаў ён у дрэва.
Бяроза маўчала, аднак адчувала, як у яе тоўстым ствале бурліць сок. Мабыць, яго было шмат. Гэта стала зразумела, калі тата прасвідраваў у кары невялікую дзірачку і падставіў бутэльку, каб сок па тонкім дубчыку сцякаў у яе. "Кап, кап, кап", – зазвінелі празрыстыя кропелькі бярозавіка.
Кажуць, калі бяроза не захоча, яна не аддасць людзям свой сок. Значыць, у яе ствале соку не вельмі шмат, ён патрэбен ёй самой для жыцця.
– Аддае сок, – сказаў тата.
Але напоўніўшы бутэльку, ён не стаў падстаўляць пад дзірачку новую. Трэба ведаць меру і не адбіраць у дрэва шмат яе жыватворнага соку. Інакш, бяроза можа засохнуць і загінуць.
Чараўніца Вясна бачыла людзей, як яны забіралі ў самай старой бярозы сок. І хоць Машын тата, набраўшы ў бутэльку сок, заткнуў драўлянай затычкай прасвідраваную дзірку ў ствале, чараўніца Вясна вырашыла дапамагчы бярозе папоўніць страчаны ёю сок. Яна накіравала да каранёў дрэва зямную вільгаць і пажыўныя рэчывы.
Увесь час, пакуль тата збіраў бярозавік, Маша хадзіла па бярозавым гаі. Яна любавалася белымі бярозамі, дакраналася да іх, казала ім добрыя словы. Тонкія і незвычайна гнуткія ствалы юных "прынцэс" з радасцю прымалі дакрананні дзявоцкай далонькі. Маша дарыла бярозкам сваё цяпло і ласку, яе звонкі галасок далятаў да іх верхавін. І хоць дзяўчынцы больш падабалася размаўляць з маладымі дрэўцамі, яна не забывала падыходзіць да старых бяроз, каб дакрануцца да іх ствалоў, пагладзіць, сказаць добрыя словы.
Прагуляўшыся па гаі, Маша зразумела, колькі прыемных уражанняў і адчуванняў яна атрымала ад гутаркі з дрэвамі, а яны, вядома ж, таксама адчулі добрае святло і цяпло ласкавай дзяўчынкі.
– Неўзабаве я прыйду да вас ізноў, – адыходзячы, сказала Маша. – Гэта будзе тады, калі на вашых галінках распусцяцца маладыя светла-зялёныя лісточкі і вырастуць доўгія пухнатыя каташкі(завушніцы).
– Прыходзь да нас, абавязкова прыходзь, – шапталі дрэвы ў адказ. – Мы будзем цябе чакаць.
Гэты аповед на рускай мове
21.04.19