Маша и яе чароўны лес(2 частка Новыя вясновыя радасці) (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маша и яе чароўны лес(2 частка Новыя вясновыя радасці) (чытае Ліка Пташук)
Маша и яе чароўны лес(2 частка Новыя вясновыя радасці) (чытае Ліка Пташук)
Пагуляўшы яшчэ трохі па лесе, Маша раптам развярнулася і пайшла па ўсё той жа знаёмай сцежцы толькі ў зваротны бок, назад да сваёй хаты. Яна ўспомніла, што ўчора тата абяцаў ёй паход у дзівосны лес. Гэта даволі далёка, але там ёсць вялікі вельмі прыгожы бярозавы гай. Маша памятала, як хадзіла туды летась, гуляла паміж бяроз, любавалася на іх прыгожыя стройныя белыя ствалы, тонкія, нібы ніткі, галінкі, на бліскучыя напаўпразрыстыя светла-зялёныя лісточкі, якія адлівалі срэбнымі фарбамі.      І хоць цяпер ранняя вясна, ад таты дзяўчынка даведалася, што бярозы ўжо прачнуліся, і ў іх ствалах бурліць салодкі сок. Яго вельмі шмат. Ён напаўняе ствалы і галінкі бяроз да самых краёў. Тата казаў, што калі трохі бярозавіку "адабраць" у бярозак, гэта ім не пашкодзіць. Вільготная вясновая зямля падсілкуе карані, і дрэвы папоўняць згублены сок. А людзям іх сок дапаможа аднавіць сілы пасля доўгай халоднай зімы.
     "Як мне хочацца пабываць зноў у тым бярозавым гаі і пагаварыць з любымі бярозкамі", – думала Маша, вяртаючыся дахаты. Яна ўсю дарогу ўспамінала тыя гадзіны, калі шпацыравала ў бярозавым гаі і сустракалася з дрэвамі.
     Дзяўчынка спяшалася. Тарзан стараўся не адставаць ад сваёй гаспадыні, але часта спыняўся і прынюхваўся. Яго чулы сабачы нос бударажылі далікатныя вясновыя пахі, якія ішлі ад адталай зямлі. А можа, у тых месцах нядаўна пабывала чараўніца Вясна? Верагодна, што так яно і было.
     – Маша! Ты вярнулася? – ля ганка дачку спыніў тата. Ён штосьці шукаў у адрыне, рыхтуючыся да паходу за бярозавікам. – Як там, у лесе? Добра?
     – Ой, як добра, татачка! – з захапленнем адгукнулася Маша. – На "Светлай" паляне распусціліся падснежнікі. Іх шмат, яны такія прыгожыя!
     – На "Светлай"? Заўтра схаджу пагляджу. А ў нас, вунь там каля тых ялінак, – тата рукой паказаў у бок, – блакітныя пралескі і белыя ветраніцы расквітнелі. Іх таксама шмат. Схадзі, палюбуйся.
     – Зараз збегаю, – узрадавалася дачка.
     – Толькі не затрымлівайся там. Хутка пойдзем.
     – Добра. Тарзан, пабеглі!
     Маша, не адчуваючы стомленасці, "паляцела" ў бок, куды паказаў тата. За пяць хвілін дабраўшыся да патрэбнага месца, яна спрытна праціснулася паміж елкамі, асцярожна рассоўваючы іх пухнатыя ледзь колючыя галінкі, і раптам, здранцвеўшы, замерла ад захаплення, шырока расплюшчыўшы вочы…
     Па ўсёй верагоднасці, тут гэтак жа, як і па "Светлай" паляне, нядаўна прагулялася чараўніца Вясна. Гэта яна падарыла маленькім зацішным лясным палянкам сваё чараўніцтва. З-пад леташняй травы, з-пад сухой апалай ігліцы і шышак прабіліся на белы свет і расцвілі тысячы белых і блакітных кветачак. Яны зіхацелі на Сонцы далікатнымі пялёсткамі, усміхаліся жоўтымі тварыкамі і глядзелі на Машу.
     "Паглядзі, якія мы прыгожыя! – быццам казалі яны дзяўчынцы. – Мы – самыя першыя вясновыя кветкі. Нядаўна сюды прыходзіла чараўніца Вясна. Шкада, што ты яе не бачыш!"
     Маша не бачыла Вясну, але яна разумела, хто ў яе родным лесе стварае такую прыгажосць. Яе дзіцячае сэрцайка цешылася і захаплялася, душа радавалася. Напяваючы мелодыю любімай песенькі, Маша абышла кветкавыя палянкі і, наглядзеўшыся на вясновы цуд, вярнулася дахаты.
     А яе родны лес – хвоі і елкі, клёны і асіны, дубы і ліпы, ясені і рабіны – непрыкметна з вышыні назіралі за Машай. Яны паспелі пакахаць гэтую дзяўчынку за пяшчоту і наіўную дзіцячую душу, за любоў да іх саміх, за цяпло і радасць, якія яна дарыла ўсім, хто сустракаўся на яе шляху.
     
     Нататка для чытачоў.
     На нашай беларускай зямлі расце шмат дзіўных раслін. Шмат якія з іх распускаюцца ўвесну ў садах, парках, лясах, на лугах. Стаміўшыся пасля доўгай халоднай зімы, упачатку вясны мы імкнёмся часцей выходзіць на прагулку на прыроду, а ўбачыўшы на лузе або лясной паляне прыгожыя вясновыя кветкі, часта, не задумваючыся, зрываем іх, каб паставіць дома ў маленькую вазачку. Жыццё гэтых няшчасных зусім кароткае. Яны хутка вянуць, а мы становімся шкоднікамі нашай роднай прыроды. Дзеля некалькіх дзён сузірання, не зрывайце першацветы. Хай яны цешаць нас у лесе альбо на паляне. Інакш, ім пагражае поўнае знікненне. Вось назвы кветак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Пашукайце іх фота ў інтэрнэце:
     падснежнікі, пралескі, ландыш травеньскі, сон-трава лугавая, ветраніца лясная, першацвет высокі, пярэсна еўрапейская, казялец, фіялка тваністая.
     Збор гэтых раслін забаронены па законе.
     
      Гэты аповед на рускай мове
1.04.19