Маша и яе чароўны лес (1 частка Вясновы сюрпрыз) (чытае Ліка Пташук)
Прадмова Мой паважаны чытач!
Перад табой казачная аповесць пра жыццё сучаснай дзяўчынкі ў чароўным лесе, пра яе цікавыя сустрэчы са звярамі, птушкамі і нават з раслінамі. Гэты лес любяць і берагуць казачныя Феі: Вясна, Лета, Восень, Зіма. Яны знаёмыя не толькі з раслінамі і жывёламі гэтага лесу, а таксама ведаюць яго гаспадыню Машу, хаця сама дзяўчынка не здагадваецца пра гэта.
Маша – дачка лесніка. Яна жыве ў хатцы, пабудаванай пасярод дрымучага лесу. У гэтым лесе схавалася невялікае возера. За лесам – вёска, дзе жывуць бабуля і школьныя сябры дзяўчынкі. Маша любіць прыроду, яна ўважліва назірае за зменамі, якія адбываюцца на працягу года ў яе родным лясным царстве. Зіма змяняецца Вясной, Вясна – Летам, Лета – Восенню, і ўслед за гэтым змяняецца жыццё ў лесе.
Колькі такіх запаведных месцаў у нашай Беларусі, не злічыць! Гэта і Бярэзінскі запаведнік, і Белавежская пушча, і Прыпяцкія лясы і балоты, і Налібоцкая пушча. Калі паглядзець на нашу зямлю з вышыні птушынага палёту, то можна ўбачыць, як у прыгожых старых лясах нібы чароўныя люстэркі зіхацяць сотні вялікіх і маленькіх азёр, сярод іх Браслаўскія, Лясныя, Блакітныя азёры і самае вялікае беларускае возера Нарач.
У кожным з такіх дзіўных па прыгажосці лясоў можа жыць дзяўчынка, пра якую пойдзе гаворка ў гэтай аповесці. Так давайце пажывём яе жыццём і палюбуемся на прыгажосць беларускай прыроды.
Калі ў Машын лес зазірнула чараўніца Вясна, усюды пачаў раставаць снег, адагрэліся дрэвы і кусты. Маленькі калючы Вожык, які спаў усю доўгую зіму ў заснежанай норцы, пачуў, як звіняць кроплі ручайка, і, нарэшце, прачнуўся. Яшчэ сонны ён вылез з норкі, расправіў на спінцы доўгія іголкі і пацягнуўся.
– І-і-і…ух! – піснуў Вожык, заплюшчыўшы круглыя вочкі-пацеркі.
Сонейка азарыла лясныя палянкі, слізгала па адталых сцяжынках, церабіла галінкі кустоў і гладзіла ствалы бярозак, рабін, дубоў і асін, лашчыла зялёныя іголачкі хвой і ялін. Ад яркага сонечнага святла зыходзіла столькі вясновага цяпла, што яшчэ даволі прахалодны Ветрык, не жадаючы сагравацца, уцякаў кудысьці ўніз у ямкі і лагчынкі альбо, наадварот, ляцеў угару пад блакітныя нябёсы.
Вожык разглядзеў на адталай зямлі бліскучы жоўты Пясочак і асцярожна ступіў на яго лапкамі, баючыся абпаліцца.
– Не бойся, – шапнуў яму Пясочак. – Я яшчэ не гарачы, але ўжо даволі цёплы. Мае пясчынкі сагрэла Сонейка.
– Вось і добра, – узрадаваўся Вожык. Ён улёгся на пяшчаную подсцілку і растапырыў свае іголкі.
Неўзабаве невядома адкуль да яго падляцела Пчолка. Яна нядаўна прачнулася і вылецела з ляснога вулля на першы вясновы шпацыр. Пчолка пакружылася вакол Вожыка і адляцела. Мабыць, яна зразумела, што яго іголкі – гэта не свежая вясновая траўка.
Аднак траўка ўжо дзе-нідзе з'явілася. Яе тоненькія зялёныя сцяблінкі выглядвалі з-пад зямлі, усміхаліся Сонейку і саграваліся ад яго прамянёў. І не толькі траўцы падабалася глядзець на Сонейка. З набрынялых покавак кустоў і дрэў паказаліся маленечкія цікаўныя носікі пялёсткаў. Але яны былі настолькі нясмелыя і нявопытныя, што нават не падазравалі, якое выдатнае вясёлае жыццё чакае іх у ярка-зялёным царстве вясновага лесу. Вельмі хутка скрыначкі-пупышкі, у якіх яны схаваліся, лопнуць, і тады пялёсткі расправяць свае тонкія бліскучыя светла-зялёныя цельцы, а забіяка Ветрык прыляціць, каб пагуляць з імі і пакратаць іх.
Трэцякласніца Маша, дачка лесніка, прачнулася трохі пазней звычайнага. Сёння быў першы дзень вясновых канікулаў. Дзяўчынка паглядзела ў акно, убачыла на дарожцы ў садзе яркія сонечныя прамяні і зразумела: "Я хачу пагуляць па лесе!". Свой родны лес яна добра ведала, тата часта браў яе з сабой, калі абыходзіў лясныя ўгоддзі. Да таго ж, каб дабрацца ў школу, дзяўчынцы трэба было кожны дзень праходзіць некалькі кіламетраў па ўжо добра знаёмай лясной сцяжынцы праз лес да вёскі, дзе жыла яе бабуля.
Паснедаўшы і пакарміўшы сваіх чацвераногіх сяброў, Маша пайшла на шпацыр у лес. Тарзан, яе верны сабака пароды чорны тэр’ер, тут жа кінуўся наўздагон, а сіямская котка Васіліса не пайшла. Яна засталася ў хаце, таму што на мінулым тыдні ў яе нарадзіліся маленькія кацяняты. Клапатлівая котка не магла іх пакінуць і старалася заўсёды быць побач са сваімі дзецьмі.
– Тарзан, глядзі, як добра ў лесе! Вожык грэецца на палянцы, – цешылася Маша.
Сабака падбег да Вожыка, паглядзеў, панюхаў і адышоў. Разумны сабака не захацеў трывожыць калючага звярка. Хай адпачывае, набіраецца сіл пасля зімовай спячкі. Маша пайшла далей. Наперадзе з бярозавага гаю данесліся птушыныя галасы. Самыя раннія пералётныя птушкі – чорныя гракі – старанна ўладкоўвалі леташнія гнёзды. Недалёка ад лясной сцяжынкі, па якой ішла дзяўчынка, на верхавіне елкі сядзела Сарока-белабока і з асцярожнасцю пазірала на няпрошаных гасцей, разважаючы пра штосьці сваё. Але ні Маша, ні Тарзан зусім не жадалі ёй замінаць. Яны нават не здагадваліся, што пільная Сарока шукае на адталай зямлі што-небудзь для сняданку – леташнія жалуды, яловыя шышкі альбо чарвячкоў.
Але галоўны самы лепшы падарунак гэтага дня, які прыгатавала чараўніца Вясна, чакаў Машу з Тарзанам наперадзе. Там, на вялікай азоранай яркім сонечным святлом паляне яны ўбачылі нечаканы сюрпрыз з белых падснежнікаў! Першыя вясновыя кветкі, заслаўшы белым бліскучым пахкім дываном усю лясную паляну, радасна ўсміхаліся, гледзячы на дзяўчынку і яе чацвераногага сябра. Было відавочна, што кветкі неверагодна шчаслівыя таму, што з’явіліся на свет. Ад іх маленькіх кветкавых галовак сыходзіла столькі вясновай пяшчоты і зачаравання!
– Які цуд нарадзіўся ў нашым лесе! – усклікнула Маша.
Стараючыся не пашкодзіць ніводнай кветкі, яна злёгку дакраналася да іх, напяваючы любімую песню аб прыгажуні Вясне. Дзяўчынка не заўважыла, што ў той час побач з ёю была тая, хто стварыла гэтую "незямную" прыгажосць. Чараўніца Вясна, толькі некалькі хвілін таму падарыўшы лясной паляне букеты са сваіх любімых кветак – белых падснежнікаў, ужо хацела ісці далей. Але тут заўважыла дачку лесніка і вырашыла паглядзець, што тая будзе рабіць далей. "Яна разумная дзяўчынка, і не стане губіць мае кветкі", – падумала чараўніца. І не памылілася.
Уволю налюбаваўшыся цудоўным сюрпрызам, Маша з Тарзанам адправіліся далей шукаць новыя цуды вясновага лесу. А чараўніца Вясна паспяшалася ў іншы бок. Яе чакалі лясы, палі, лугі, рэкі і азёры, гарады і мястэчкі – усе тыя мясціны роднай зямлі, дзе ёй у хуткім часе трэба было быць. Яна яшчэ не аднойчы за тры свае вясновыя месяцы абыдзе, абляціць зямныя абшары, наводзячы ўсюды строгі веснавы парадак: разам з Сонейкам будзе саграваць замерзлую зямлю, рэкі і азёры, напаўняючы ўсе расліны жыццёвай энергіяй – энергіяй шчасця і кахання.
Гэты аповед на рускай мове
26.03.19