Песня – тая ж птушка (аповед)
Плаваў марак па морах і акіянах. Можа, ад таго, што кожны дзень ён любаваўся прыгажосцю заходаў і ўзыходаў чароўнага Сонца, а кожную ноч у сваіх марах крочыў па серабрыстай дарожцы Месяца, сталі ў яго душы нараджацца вельмі прыгожыя і меладычныя песні. Няшмат слухачоў было ў яго на караблі – капітан ды дзясятак такіх жа, як і ён, маракоў. Ім падабаліся песні марака, і яны нават напявалі іх, знаходзячыся ў добрым настроі.
Нарэшце, пасля доўгага плавання карабель прычаліў да аднаго з берагоў невядомай краіны. Маракі выйшлі на бераг і адправіліся на шпацыр па вуліцах горада. Па дарозе зазірнулі ў прыбярэжнае кафэ перакусіць. Якое ж было іх здзіўленне, калі яны пачулі ў выкананні мясцовай спявачкі песню свайго марака. А пасля марак пазнаў у чужым выкананні яшчэ некалькі сваіх песень.“Як мае песні патрапілі сюды? Хто іх прынёс, ці не ветрык?” – разважаў марак.
Разгаварыўшыся са старым, які сядзеў каля прычала, ён шчыра распавёў яму аб усім. На што мудры дзядуля адказаў:
– Душэўную песню не ўтоіш і не пасадзіш у клетку. Яна паляціць ад цябе з галасамі птушак, з шумам марской хвалі альбо ветра да чулых сэрцаў людзей. І не шкадуй, што яна паляцела, бо твая песня цяпер стала птушкай.
Гэты аповед на рускай мове
15.02.19