Кнопік - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Кнопік
Кнопік
Штосьці насвістваючы сабе пад нос і размахваючы мяшком з кедамі, Косцік вяртаўся са школы дадому. Заданні па матэматыцы і гісторыі да заўтрашняга дня ён зрабіў яшчэ ўчора, таму сёння хлопчыку амаль што няма чаго было рабіць, акрамя ангельскай і рускай мовы. "Пайду на вуліцу гуляць", – вырашыў ён, гледзячы на маленечкія пухнатыя сняжынкі, якія плаўна падалі на зямлю. "Ах, якія ж яны прыгожыя!" – у такі момант сказала б яго мама, ды і Косціку самому было прыемна і нават неяк радасна глядзець на хрусткі асляпляльна белы снег і ўдыхаць халаднаватае свежае паветра. "Мама, відаць, ужо дома", – вырашыў ён. Хлопчыку падабалася, калі яна прыходзіла з працы трошкі раней за яго самога і разагравала абед.      – Мама, ты дома? – з парога крыкнуў Косцік.
     – Так, чакаю цябе. Як справы ў школе?
     – Усё добра.
     – Тады пераапранайся, вымый рукі і сядай абедаць. Ведаеш, – працягвала казаць мама, – каля дома я сустрэла суседку з першага паверху, бабулю Ліду. Яна паклікала мяне з акна сваёй кватэры і папрасіла, каб ты выгуляў яе сабачку.
     – Сабачку? – здзівіўся Косцік. – Хіба ў бабулі Ліды ёсць сабачка? Штосьці я яго ніколі не бачыў.
     – Яна падабрала сабачку ў нашым двары, калі ішла з паліклінікі. Бабуля Ліда падвярнула нагу, таму хадзіла да ўрача. Недалёка ад дома да яе падбег маленькі сабачка і пачаў жаласна скавытаць. Відаць, згубіўся небарака. Толькі, як адшукаць яго гаспадароў? Пэўна, трэба павесіць аб'яву на дошцы каля пад'езда.
     – Вось яшчэ праблема, – прабурчаў Косцік. – Добра, я зараз зраблю ўрокі, а потым зайду да бабулі Ліды.
     У двары ўжо сцямнела, калі хлопчык пазваніў у дзверы да суседкі.
     – Хто там? – пачуў ён ціхі бабулін галасок.
     – Я, Косця.
     – А, гэты ты, праходзь, калі ласка, – сказала бабулька, адчыняючы ўваходныя дзверы і запрашаючы да сябе хлопчыка.
     Косцік яшчэ ніколі не быў у гэтай кватэры. Першае, што ён убачыў, былі паліцы зверху данізу забітыя кнігамі. Маленькі кудлаты сабачка стаяў побач і глядзеў на хлопчыка знізу ўгару, падціснуўшы кароткі хвосцік.
     – Гэта мой новы жылец, – сказала бабуля. – Прыблудны. Згубіўся, мабыць, а можа хтосьці выгнаў з хаты. У наш час усякае здараецца. Паходзіць, паходзіць па хаце, а потым бяжыць да дзвярэй, стаіць, скавыча, хоча на вуліцу. Я яго пакарміла. Косця, як ты, зводзіш яго? Я б і сама з ім схадзіла, ды вось нага распухла, ступаць балюча, – бабуля паказала палкай на нагу.
     Толькі цяпер Косцік заўважыў, што бабуля Ліда кульгае і абапіраецца на палку.
     – Добра, зважу, – адказаў хлопчык. – А як яго клічуць?
     – Не ведаю. Ён у мяне трэці дзень. Я яго клічу Непаседай. Усюды лезе, усё абнюхвае.
     – Тады пайшлі, ці што? Непаседа, за мной! – сказаў Косцік і пацягнуў сабачку за ланцужок, які бабуля паспела прывязаць да ашыйніка.
     Ашыйнік той, як відаць, у сабачкі быў і раней, яшчэ да таго, як ён згубіўся…
     
     Прайшло два працоўныя дні, і надышлі выхадныя. З вечара пятніцы падвучыўшы ўрокі, раніцай у суботу Косцік сабраўся з сябрам Янкам пакатацца з гары. Ён ужо хацеў сыйсці з хаты, як тут ізноў з’явілася суседка і пачала прасіць хлопчыка выгуляць Непаседу. "Вось яшчэ, у выхадны дзень не даюць спакойна адпачыць", – падумаў Косцік, але ўсё-такі ўзяў у бабулькі ланцужок і павёў сабачку ў двор.
     – Я не буду з табой гуляць, – сказаў ён сабачцы. – Пастаіш на горцы і мяне пачакаеш.
     Сустрэўшы сябра, Косцік, не марудзячы, прывязаў сабачку да найблізкага дрэва і пабег на самы верх гары, каб "з ветрыкам" скаціцца з яе на санках. Загуляўшыся, ён зусім забыўся пра маленькага сябра.
     – Кастусь! Твой сабачка змерз, – пачуў ён голас Машы, сваёй аднакласніцы.
     Падбегшы да дрэва, хлопчык убачыў дрыжачага сабачку і зразумеў, што той "не на жарт акалеў".
     – Ну-ка хадзі да мяне на ручкі, – пашкадаваў Косцік маленькага сябра.
     А адчуўшы, якое ў таго халоднае цельца, спалохаўся сам і хутка панёс Непаседу ў дом.
     – Бабуля! Я яго замарозіў. Але я не хацеў, – апраўдваўся Косцік перад суседкай.
     – Ах ты, гора маё! – загаласіла бабулька, але тут жа спахапілася, загарнула сабачку ў коўдру і напаіла цёплым малаком.
     – Нічога, адыдзе, – вырашыла яна, чапаючы пацяплеўшы носік і паглядзеўшы ў чорненькія вочкі Непаседы.
     А Косцік вінавата хадзіў па пакоі, разглядаючы фатаграфіі, якія віселі на сцяне.
     – Хто гэта на фота, бабуля Ліда? – спытаў ён, паказваючы на сівога старога з медалямі і ордэнамі на грудзях.
     – Мой бацька. Ён ваяваў на фронце, дайшоў да Берліна. Пасля вайны працаваў архітэктарам, напісаў некалькі кніг – свае ўспаміны пра вайну. Я захоўваю яго кнігі.
     Бабуля падвяла Косціка да кніжных паліц і паказала на кнігі з яркімі вокладкамі. Хлопчык узяў адну з іх, пагартаў пажаўцелыя старонкі. Са старых ваенных фатаграфій на яго глядзелі гарэзлівыя вочы адважных і мужных маладых хлопцаў, быццам жадаючых штосьці расказаць ці пра нешта запытацца. "Якімі маладымі яны былі там, на фронце, а вунь той падобны на майго стрыечнага брата Мішку", – падумаў Косцік і акуратна паставіў кнігу назад на паліцу.
     – Калі захочаш, возьмеш пачытаць, – сказала бабуля. – Я вось нарадзілася пасля вайны, яе, на шчасце, не бачыла гэтак жа, як і ты. Не дай Божа нам яе убачыць і зведаць такое гора…
     
     У нядзелю Косцік сам зазірнуў да бабулі Ліды. Ён хваляваўся пра сабачку.
     – Нічога. Бегае па кватэры, акрыяў, – бабулька паказала на кудлатага Непаседу. А той ужо пазнаў Косціка і падбег да яго.
     – Пойдзем гуляць? – спытаў хлопчык.
     – Пойдзе, пойдзе! – пацвердзіла бабуля.
     Косцік вырашыў, што сёння не будзе катацца з горкі, і павёў Непаседу ў найбліжэйшы сквер. Пахадзіўшы па алеях, хлопчык ужо хацеў вяртацца дадому, як пачуў нечы ўсхваляваны голас:
     – Кнопік! Гэта ж мой Кнопік! – дзяўчынка з суседняга класа, здаецца, яе звалі Галяй, з радасным крыкам бегла па снезе прама да Непаседы.
     – Кастусь! Як у цябе апынуўся мой Кнопік? – здзівілася яна. – Мы яго адшукваем па ўсім нашым раёне. Тыдзень назад ён згубіўся, збег ад майго таты на шпацыры. – Кнопік! Як добра, што ты знайшоўся!
     – Яго бабуля Ліда падабрала, – сказаў хлопчык і распавёў дзяўчынцы пра ўсё, што толькі ведаў.
     – Дзякуй! Я прынясу тваёй бабулі падарунак за гэта, – сказала Галя і пацягнула Кнопіка-Непаседу ў іншы бок – цяпер ужо ў яго сапраўдную хату.
     А сабачка быў рад і не рад, ён бег за сваёй ранейшай гаспадыняй і ўсё яшчэ азіраўся назад на Косціка…
     
     Сышла зіма з яе снягамі і маразамі. На неба ўсё часцей пачало выходзіць доўгачаканае сонейка. У двары Косціка прадзяўбліся з адталай зямлі першыя парасткі зялёнай траўкі. У бабулі Ліды, на шчасце, цяпер ужо не баліць нага. Бабулька часам ходзіць па двары і ўсміхаецца, сустрэўшы хлопчыка. А ён таксама рад, што ў яго доме ўсё добра. Галоўнае, каб жыхары былі здаровыя і шчаслівыя.
     Галя часта гуляе з Кнопікам і запрашае пагуляць Косціка. Яны разам, утрох, ходзяць па алеях сквера, гавораць пра ўсё і глядзяць адно на аднаго задуменным пяшчотным позіркам. Хто зараз скажа – Кнопік вінаваты ці вінаватая вясна, што да гэтых маладых людзей прыйшло першае ў іх жыцці Каханне.
     
      Гэты аповед на рускай мове
13.02.19