Музыка для душы (казка-быль) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Музыка для душы (казка-быль)
Музыка для душы (казка-быль)
На брукаваныя каменем шырокія плошчы і вузенькія вуліцы старога горада, на дахі і сцены замкаў і палацаў спускаўся змрок. Але людзі не спяшаліся разыйсціся па хатах. Яны сядзелі за столікамі летніх кафэ прама на маставых, папіваючы халоднае піва з высокіх бакалаў, тоўпіліся ля вітрын дарагіх крам, разглядаючы адзежу і ўпрыгожванні, ці проста ўладкоўваліся на лаўках і гранітных плітах набярэжнай шырокай ракі.      Лета было ў поўным разгары. Векавыя сцены дамоў і камяні маставых днём распаленыя на сонцы, увечар аддавалі сваё цяпло, і таму ў такія вечары ў старым горадзе да самай ночы адпачывала досыць турыстаў і жыхароў горада.
     У вітрыне ювелірнай крамы былі выстаўлены на паказ ружы з бурштыну, замацаваныя ў срэбную аправу. Маленькія і вялікія на доўгіх срэбных ножках яны глядзелі на прахожых з дарагой вазы, і ў іх бурштынавых пялёстках адлюстроўвалася сыходзячае вячэрняе сонца. Багатыя турысты падыходзілі да вітрыны, разглядалі ювелірныя вырабы і бурштынавыя ружы. Некалькі маленькіх руж, тых, што былі таннешымі, ужо знікла – іх купілі. Вось толькі самая вялікая і прыгожая, таму і самая дарагая ніяк не прадавалася.
     З некаторага часу поруч ювелірнай крамы кожны вечар прыстасаваўся іграць вандроўны музыкант. Ніхто не ведаў, дзе хата гэтага маладога чалавека, і ці ёсць у яго іншая праца. Але дзень пры дні кожны вечар ён прыходзіў на гэта месца, раскладваў свой стул і дапазна іграў на старэнькім пашарпаным акардэоне. Гэта было вельмі віртуознае выкананне твораў знакамітых кампазітараў. Музыка разлівалася па плошчы, адлюстроўвалася ад яе сцен і веж, і стваралася ўражанне, што гучыць сапраўдны арган. Настолькі добрыя была акустыка старой плошчы.
     Людзям падабалася гэтая музыка. Хтосьці спыняўся, заслухоўваўся такой прыгажосцю, але, усё ж, рэдка хто-небудзь кідаў музыкканту манету. Часцей за ўсё турысты ўспрымалі ігру музыканта як нейкі дадатак да ўбачанага.
     Аднак маладому чалавеку гэта зусім не засмучала. Кожны дзень ён прыходзіў на плошчу і самазабыўна выконваў любыя сэрцу творы. Па ўсім было відаць, што ён іграе не дзеля грошай, а дзеля душы.
     Не толькі людзі прыслухоўваліся да музыканта. Чароўныя гукі яго інструмента ўбіралі ў сябе сцяны будынкаў і маставыя, ціхая рака, неба, зоркі і нават кветкі, якія ўпрыгожвалі вулічныя кафэ. Яны паварочвалі да музыканта свае галоўкі, звешваючыся з кветкавых вазонаў.
     Вялікай бурштынавай Ружы лепш за ўсіх быў бачны музыкант, тому што ён заўсёды садзіўся побач з вітрынай, ля якой яна стаяла. Нібы зачараваная Ружа слухала музыканта. Урэшце, з ёй адбылося тое, што і павінна было адбыцца ў гэтым выпадку. Яна закахалася! Закахалася ў музыканта і ў яго музыку! І ажыла! Так! Яна стала жывой! Сапраўднай залатой Ружай, пахкай з жывымі пялёсткамі!
     А калі гаспадыня крамы, у чарговы раз дабавляючы бурштынавыя ружы ў вазу, выявіла ў ёй жывую Ружу, то была нечувана абурана і засмучана. Яна вырашыла, што яе хтосьці абакраў, падклаўшы ў букет замест бурштынавай жывую Ружу. У парыве гневу жанчына выхапіла Ружу з вазы і шпурнула на маставую. А тая, праляцеўшы трохі, паспяхова патрапіла да ног музыканта.
     Малады чалавек падняў яе, паднёс да вуснаў і, адчуўшы цудоўны водар, далікатна пацалаваў яе пялёсткі і асяродак. Што адчула Ружа ў гэты момант, так ніхто і не даведаўся. Можа быць, яна адчула ўсё тое ж, што адчувае пры такім чароўным пацалунку юная прыгажуня?
     
     p.s. прысвячаю найпрыгожаму польскаму гораду Кракаву
     
      Гэтая казка на рускай мове
2.01.19