Я буду заўсёды з табою, буду тваёю я (казка-быль) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Я буду заўсёды з табою, буду тваёю я (казка-быль)
Я буду заўсёды з табою, буду тваёю я (казка-быль)
Гэта гісторыя здарылася калісьці даўно ў старадаўнем горадзе Еўропы, размешчаным на беразе ракі Віслы.      Кожны дзень на Рыначную плошчу да касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі прыходзіў невядомы мастак. Ён расстаўляў свае карціны поруч веж касцёла з надзеяй, што хоць адно з гэтых палотнаў прадасць заезджым турыстам. Мастак быў таленавітым, яго карціны адрозніваліся прастатой і шчырасцю. Можна было гадзінамі стаяць і любавацца імі. Шмат хто з прахожых так і рабіў. Мала ў каго знаходзіліся грошы, каб купіць карціну. Аднак часам майстру шанцавала, і які-небудзь дзівак, закахаўшыся ў "незямное тварэнне", купляў яго, не шкадуючы грошай.
     Прыбыткі ад продажу карцін былі невялікія. Іх хапала мастаку толькі на тое, каб набыць свежыя фарбы і новыя пэндзлікі, неяк прахарчавацца, апрануцца і трохі ўладкаваць сваё жыллё. Усё жыццё ён пражыў у родным горадзе. У яго не было грошай на далёкую паездку, а сюжэты для карцін гэты таленавіты чалавек прыдумляў, любуючыся старадаўнімі палацамі і вежамі горада, яго шырокай паўнаводнай ракой.
     Вядома, мастак любіў усе створаныя ім карціны, і калі адна з іх сыходзіла ад яго да новага гаспадара, тужыў, быццам губляў штосьці дарагое і роднае. Але былі ў майстра тры карціны, з якімі ён ніколі не змог бы растацца.
     На першай карціне была намалявана маленькая дзяўчынка з яснымі блакітнымі вачыма і светлымі валасамі. Прыгледзеўшыся, можна было знайсці ў яе рысах вялікае падабенства з рысамі самога мастака. Але ў мастака не было дачкі. Усё жыццё ён марыў аб ёй, таму вельмі даражыў гэтай карцінай.
     На другой карціне красаваўся агніста-рыжы малады жарабец з залатой грывай, якая развявалася на ветры. Конь увесь свяціўся, нібы найярчэйшы сонечны прамень. З-пад капытоў каня выляталі іскры агню, ён быў гатовы памчацца далёка за гарызонт. Мастак усё жыццё марыў пра такога жарабца, пра тое, як ён на ім аб'ездзіць увесь белы свет. Таму ён ні за што на свеце не жадаў раставацца са сваёй марай.
     На трэцяй карціне мастак намаляваў белую галубку. Яго птушка была лёгкая як паветра. Майстар вельмі любіў гэту карціну. Яму здавалася, што ў галубцы жыве душа яго каханай, якую ён калісьці сустрэў на сваім жыццёвым шляху, а потым, выпадкова, страціў. Гэта ж белая птушка, намаляваная ім самім, заўсёды была побач. Яна дарыла надзею і веру ў шчасце.
     Тры самыя дарагія сэрцу карціны мастак заўсёды насіў з сабой. Ён выстаўляў іх на плошчы, але не прадаваў. З маленькай дзяўчынкай, што была намалявана на першай карціне, пасябраваў трубач. Кожную гадзіну для ўсіх, хто быў на плошчы, гэты адважны юнак падаваў сігнал дакладнага часу з высокай вежы Марыяцкага касцёла. А ў вольны ад працы час юны трубач пераморгваўся з маленькай сяброўкай з карціны мастака. Дзяўчынка тым часам ажывала і весела ўсміхалася свайму сябру. Агністы конь з другой карціны майстра, апынуўшыся на плошчы, таксама ажываў. Ён сачыў за ўсім, што адбывалася тут, і часам яму здавалася, што ён, зліваючыся з прамянямі сонца, ляціць па брукаваных каменем вуліцам старадаўняга горада, а звон яго залатых падкоў адлюстроўваецца ад тоўстых сцен палацаў і веж.
     Вось толькі белай галубцы з трэцяй карціны мастака нікуды не хацелася ляцець. Нават на плошчы, дзе было столькі прастору і волі, яна не спрабавала ўзляцець, а толькі сядзела, склаўшы крылы і назіраючы за мастаком. Гэта намаляваная птушачка, быццам жывая душа, была закахана ў свайго творцу і нават не падумвала растацца з ім, гэтак жа як і ён з ёю.
     Аднойчы да мастака падышоў чужаземец і стаў угаворваць прадаць яму карціну з белай галубкай. Мастак адмаўляўся, але чужаземец быў вельмі настойлівы. Пасля доўгіх угаворванняў, ён прапанаваў майстру такую суму грошай, што той не ўстаяў і прадаў дарагую сэрцу галубку. "Нічога страшнага, – вырашыў мастак, – я яе зноў намалюю". Так карціна і з'ехала з новым гаспадаром далёка ў невядомую краіну.
     Спачатку майстар перажываў, што аддаў у чужыя рукі любую карціну, потым супакоіўся. За тыя грошы, што выручыў ад продажу, ён змог купіць сабе больш падыходзячую кватэру і быў гэтаму вельмі рады. Але, як ні стараўся мастак намаляваць новую белую галубку, падобную да старой, яму не удалося гэта зрабіць. Кожны раз, як толькі ён браўся за пэндзаль і садзіўся маляваць, фарбы на палатне пачыналі расплывацца, і той вобраз, які яму хацелася захаваць на карціне, ніяк не атрымліваўся.
     Вось так з нудой і смуткам у сэрцы пастарэлы мастак і пражыў рэшткі свайго жыцця. Перад смерцю ён усё ж такі зайшоў у той самы касцёл Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі, ля якога страціў апошнюю надзею на шчасце, і паспавядаўся. Ён пакаяўся Госпаду, што калісьці так легкадумна здрадзіў сваю самую запаветную мару.
     
     p.s. прысвячаю найпрыгожаму польскаму гораду Кракаву
     
      Гэтая казка на рускай мове
2.01.19