Новы Каляндар - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Новы Каляндар
Новы Каляндар
Надышла раніца Новага года. Міколка расплюшчыў адно вока, затым другое і ўсміхнуўся. Пасярод пакоя ля акна стаяла ўся ў пышным убранні навагодняя Ёлачка. Заўчора ён упрыгожваў яе разам з бабуляй. На Ёлачку яны павесілі самыя прыгожыя бабуліны навагоднія цацкі. А іх у скрынцы ляжала вельмі шмат. Міколка перагледзеў усе да адной і выбраў самыя яркія і чароўныя. А потым прыйшоў Міколкін тата і павесіў на Ёлачку гірлянды з рознакаляровых лямпачак. Іх яны купілі раней на ёлачным кірмашы. Ёлачка стала такой прыгожай, што хлопчык не мог адарваць вачэй ад зіхатлівага святла лямпачак і бліскучых цацак!      Учора тут у бабулі Міколка сустракаў Новы год. Праўда, Дзед Мароз не прыходзіў, яго хлопчык бачыў толькі па тэлевізары. Затое за святочным сталом пазбіралася ўся яго сям'я – мама, тата, бабуля і ён, Міколка. Роўна апоўначы ўсе загадалі запаветныя жаданні. Толькі распавядаць пра сваё жаданне хлопчык нікому не стаў, таму што яно можа тады і не спраўдзіцца.
     І вось яшчэ што. Незразумела адкуль пад Ёлачкай роўна апоўначы апынуліся навагоднія падарункі для ўсіх – для яго, для бабулі, для мамы і таты. Хто і калі іх туды паклаў, Міколка нават не заўважыў. Вядома ж, толькі сапраўдны чараўнік мог такое зрабіць! Дзякуй табе, Дзядуля Мароз!
     Раніцай, прачнуўшыся, Міколка ўспамінаў мінулы дзень. Але потым, зірнуўшы на старадаўні Гадзіннік, які вісеў побач з Ёлачкай на сцяне, хлопчык зразумеў, што ўжо поўдзень! Гэта ж так заспаўся!
     – Бабуля! Ты ўжо ўстала? – спытаў ён.
     – Так, Міколка. Уставай, сняданак на стале.
     – А дзе мама і тата?
     – Яны пайшлі дахаты. Цябе пакінулі тут. Пабудзеш яшчэ некалькі дзён у мяне, добра?
     – Добра! – узрадаваўся Міколка.
     Ён успомніў, што хутка пойдзе з бабуляй на навагодняе свята ў Палац. Як гэта выдатна!
     Хлопчык не адразу заўважыў, што бабуля змяніла стары адрыўны Каляндар, які вісеў ля яе ложка, на новы. Учора на ім заставаўся толькі адзін апошні лісток з надпісам “31 снежня”. А цяпер на сцяне з'явіўся новы Каляндар. Яго ранкам, калі хлопчык яшчэ спаў, бабуля павесіла на месца старога. Гэты "прышэлец" яшчэ не зусім асвоіўся ў новым становішчы і з цікавасцю разглядаў усё, што бачыў перад сабой. Новы Каляндар быў тоўсты і цяжкі, а яго лісточкі – тонкія і лёгкія, нібы лісце на бярозцы. Папяровыя лісточкі былі моцна прылеплены да Календара, таму самі адарвацца ад яго не маглі. Лісце з дрэва зрывае вецер, а лісточкі з Календара заўсёды зрывала бабуля. Яна гэта рабіла строга ў адзін і той жа час. Бабуля падыходзіла да Календара і, уважліва разгледзеўшы дзень і месяц, якія былі надрукаваны вялікімі лічбамі і літарамі на лістку, акуратна адрывала яго ад Календара са словамі: "Учарашні дзень ужо прайшоў, сёння новы дзень". Бабуля гучна прагаворвала дзень, месяц новага дня і дзень тыдня. Гэта выглядала прыкладна так, бабуля казала: "Сёння другога красавіка, аўторак". Які год, бабуля не паведамляла, таму што новы год ужо даўно надышоў, і ўсе ведалі яго нумар. Але сёння першага студзеня, і год толькі пачаўся! Нумар года неабходна запомніць усім!
     Нарэшце, Міколка заўважыў новы Каляндар, падышоў да яго і разгледзеўшы намаляваныя на ім чырвоным колерам лічбы і словы, урачыста прамовіў:
     – Сёння першага студзеня 2023 года, нядзеля. Гэта самы лепшы дзень у годзе, бо сёння маё любімае навагодняе свята!
     Пачуўшы гэтыя словы, новы Каляндар яшчэ больш раздуўся, а надпісы на яго першым Лістку яшчэ больш счырванелі ад хвалявання. Першы святочны Лісток, на якім было напісана “1 студзеня”, разумеў, што сёння – яго дзень, і гэты дзень ужо ніколі не паўтарыцца. Цяпер святочны Лісток бачны ўсім, у цэнтры ўвагі. На яго глядзяць Міколка, бабуля, старадаўні Гадзіннік з зязюляй, навагодняя Ёлачка, таму што сёння галоўнае свята года! Але заўтра раніцай бабуля адарве першы Лісток ад Календара і выкіне ў смеццевае вядро. "Як крыўдна!" – падумаў першы святочны Лісток, але тут жа супакоіўся: сённяшні дзень яшчэ не прайшоў, ён працягваецца, і таму рана журыцца.
     А хлопчык, палюбаваўшыся на новы Каляндар, ужо забыўся пра яго. Ён уключыў ілюмінацыю на Ёлачцы і скакаў поруч яе, прагаворваючы: "А я, Ёлачка, хутка ўбачу сапраўднага Дзеда Мароза, ага-а-а-а!"
     Лясной прыгажуні было прыемна, што Міколка любуецца ёю. Яна ўзгадала, як ён прыбіраў яе, як навагоднія цацкі казыталі яе галінкі, нібы птушачкі ў лесе. Яркія лямпачкі зіхацелі на ёй, быццам нябесныя зорачкі, а перламутравы дожджык іскрыўся, нібы снег. Ёлачка адчувала салодкі пах шакаладных цукерак і фігурнага пячэння. Яны віселі паміж цацак. Гэты пах быў зусім не падобны на пах яе зялёных іголачак, але Ёлачка разумела, што ўсё гэта падабаецца Міколку.
     – Міколка! Як ты думаеш, наша Ёлачка падобная на прынцэсу з чароўнай казкі? – спытала бабуля, падышоўшы да Ёлачкі.
     – Так! – пацвердзіў унук. – Бліскучая зорка на яе верхавіне – карона!
     Ёлачка збянтэжылася. Словы “прынцэса” і “карона” былі такія незвычайныя і чароўныя! Ёю захапляюцца, значыць, яна прынесла ў гэтую хату шчасце!
     – Бабуля! А можна я сёння з’ем цукерку з Ёлачкі? – спытаў хлопчык.
     – Можна, толькі пасля таго, як паснедаеш.
     Каляндар і Гадзіннік у гэтае імгненне пазайздросцілі навагодняй Ёлачцы. Насценны Гадзіннік з зязюляй згадваў, як учора ўначы ўсе з хваляваннем глядзелі на яго, як усе чакалі, калі абедзве стрэлкі на яго цыферблаце сыдуцца ўверсе на лічбе “12”, як чароўная зязюля вызірне з акенца і пракукуе дванаццаць разоў. "А сёння Міколка з бабуляй нават не глядзяць у мой бок", – засмучаўся Гадзіннік.
     Раптам хлопчык пра нешта ўспомніў, падбег да Календара і стаў перагортваць яго лісточкі, потым убачыў дату "8 студзеня" і спытаў:
     – Бабуля! Я палічыў, засталося сем дзён да пачатку новай чвэрці ў школе. А калі мы пойдзем з табой на навагодняе прадстаўленне?
     – Заўтра.
     – Тады сёння можна схадзіць на каток! Пойдзем?
     – Пойдзем, толькі трэба хуценька збірацца, бо хутка сцямнее.
     – Няважна, затое мы ўбачым святочную ілюмінацыю на вуліцах і будынках, бліскучыя навагоднія Ёлкі, сёння яны будуць паўсюль.
     – І на катку ўжо стаіць навагодняя Ёлка, – пацвердзіла бабуля.
     – Бабуля, я хутка збяруся! – крыкнуў ўнук. – А дзе мае новыя канькі?
     Неўзабаве бабуля з унукам сышлі, а навагодняя Ёлачка, насценны Гадзіннік з Зязюляй і Каляндар засумавалі. Мабыць, Ёлачка таксама навучылася лічыць дні, таму што яна адчувала, што праз некалькі дзён яе выкінуць на вуліцу. Аднак, як мы з вамі разумеем, гэта адбудзецца пасля трынаццатага студзеня. У гэты дзень усе людзі яшчэ святкуюць стары Новы год. Сёмага студзеня – Каляды, і Міколка з бабуляй абавязкова будуць сустракаць гэтае чароўнае свята. Напярэдадні бабуля спячэ смачны пірог, прыгатуе калядную куццю, бліны і паставіць на стол. Ізноў усе пазбіраюцца разам – Міколкавы мама, тата, бабуля і ён. Прыгажуня Ёлачка будзе ў цэнтры ўвагі! Міколка знойдзе пад ёй цяпер ужо Калядны падарунак.
     А як жа Каляндар, чаго яму радавацца?
     Разам з бабуляй ён пражыве шмат звычайных працоўных і яркіх святочных дзён надышоўшага года. Штораніцы Каляндар будзе нагадваць бабулі, што трэба сарваць з яго стары лісток, бо ўчарашні дзень ужо прайшоў, настала раніца новага дня. Да канца года на пастарэлым Календары застанецца адзіны лісток – “31 снежня”.
     Але ўсё-такі новаму Календару яшчэ рана хвалявацца. Наперадзе ў яго 365 непражытых дзён і столькі ж неадарваных лісткоў. Цяпер зіма, у сакавіку прыдзе вясна, у чэрвені – лета, у верасні – восень, і толькі потым у снежні ізноў пачнецца зіма. Як і ўчора, 31-га снежня ўсе будуць сустракаць Новы год. Але ў будучага года ўжо будзе іншы нумар. Які? Вы разберацеся самі.
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
6.12.18