Недарэчны сон Даніка
Данік – зямлянін. Яму дзесяць гадоў, ён вучыцца ў чацвёртым класе ў звычайнай школе вялікага горада. Як і ва ўсіх хлопчыкаў яго ўзросту, у Даніка ёсць сотавы тэлефон з падключэннем да Сеціва, дзе ў яго шмат сяброў: усе яго аднакласнікі, сваякі і самыя блізкія сябры. Але нядаўна да Даніка далучыўся адзін дзіўны хлопчык. Ён сказаў, што лічыць яго сваім родным братам! Аб тым, хто ён і дзе жыве, Данік так і не даведаўся. Незнаёмец паабяцаў распавесці аб усім пры асабістай сустрэчы. "Як ён мяне знойдзе? – здзівіўся Данік. – Ён жа не ведае майго хатняга адрасу". Пра гэты інцыдэнт хлопчык пакуль што вырашыў нічога не распавядаць сваім бацькам.
У суботу ён паехаў з мамай на дачу. Надвор'е было цудоўнае. Усюды парасцвіталі сады, ля іх дачнай хаты распусціліся кусты бэзу. "Як добра! Хатнія заданні мне рабіць не трэба. Мае гадавыя адзнакі па ўсіх прадметах практычна выстаўлены. Я вольны! – цешыўся Данік. – Накатаюся на ровары, з'езджу на рэчку". Пра тое, што маме трэба будзе дапамагчы ў гародзе, ён нават не ўспомніў. Але сын ведаў – яна яшчэ збіраецца штосьці садзіць на ўзараных градках.– Данік! Дапаможаш мне пасадзіць агуркі і кабачкі, – пачуў ён голас мамы, выцягваючы торбу з прадуктамі з машыны, каб аднесці яе ў летнік.
– Я хацеў на ровары пакатацца, – сумна і тужліва прамямліў сын, як заўсёды спадзяючыся на матуліну прыхільнасць.
– На ровары? Добра, едзь! Сама як-небудзь упраўлюся. Толькі доўга не затрымоўвайся, увечары паедзем назад дахаты.
Задаволены, што можна спакойна адпачыць, пакатацца, пасядзець ля ракі, хлопчык неўзабаве з'ехаў са двара. Яго душа спявала і радавалася. Цёплы вясновы Ветрык абдзімаў твар, церабіў валасы, шаптаў на вуха ласкавым галаском: "Прывітанне, працаўнік. Адпачываеш? Малайчына! Усім, хто добра папрацаваў, патрэбен добры адпачынак". Данік ўсміхаўся. Ён і сапраўды быў задаволены сабой, сваімі поспехамі ў школе. Скончыць чацвёрты клас без дрэнных адзнак не кожны зможа!
На лузе пасвілася вясковая скаціна – каровы і козы. Недалёка ад хутара, на якім і знаходзілася дача, за лесам ля ракі размясцілася невялікая вёсачка. Улетку на адпачынку Данік часта сустракаў тут вясковых хлапчукоў, але так і не змог пазнаёміцца з імі. Часам смутак адольваў яго. Аб чым гаварыць з такімі дзецьмі, Данік не ведаў. Яны зусім не падобныя на яго, гарадскога. Кажуць з акцэнтам, апрануты проста, заўсёды нейкія занятыя, кудысьці спяшаюцца. Ды і на Даніка дзеці кідалі касыя позіркі, што яму, вядома ж, не падабалася.
Аб'ехаўшы луг і лес па прасёлачнай дарозе, хлопчык пад'ехаў да ракі. Паставіў ровар ля бярозы, а сам прылёг на траву. Залюбаваўся небам, аблокамі, ракой…
І раптам! Неяк хутка і зусім неспадзявана ў небе з'явіўся не то самалёт, не то касмічны карабель і на ўсёй хуткасці прызямліўся на лузе, распужаўшы кароў, якія жавалі зялёную траву.
– Што гэта за цуд такі? – здзівіўся Данік.
З самалёта выйшаў чалавек і накіраваўся прама да яго. "Дык гэта ж мая копія! – здзівіўся Данік. – Тая ж паходка, адзежа, прычоска, твар".
– Прывітанне! – прамовіў незнаёмец. – Я твой брат. У мяне пакуль яшчэ няма імя. Мяне стварылі на планеце Зуя па твайму вобразу і падабенству і паслалі на Зямлю, каб ты навучыў мяне ўсяму, што добра ведаеш і ўмееш. Толькі не прывівай мне свае дрэнныя звычкі і не распавядай пра дрэнныя ўчынкі. Я – тваё блізня, але не такое, як ты. Я – твой ідэал.
– Ідэал? – Які яшчэ ідэал? – здзівіўся Данік.
– А такі! Я замяню цябе, а ты паляціш на маю планету для выпраўлення.
– Якога такога выпраўлення?
– Распрацавана ўсегалактычная праграма ўдасканальвання насельніцтва Зямлі. І ты абраны першым паддоследным, – адказаў чалавек-робат.
– Што? Як гэта? – у Даніка закруцілася галава ад спалоху, затрэсліся рукі, і ён, быццам ватны, падняўся з зямлі, спадзяючыся хутчэй ўцячы як мага далей ад страшэннага незнаёмца…
І тут хлопчык прачнуўся, расплюшчыў вочы, убачыў над сабой блакітнае неба і глыбока ўздыхнуў. Колькі ён тут праспаў?
Сонца хілілася да заходу, пастух ужо пагнаў кароў з лугу, а ровар, на шчасце, ніхто не ўкраў.
– У-ў-у, дзякуй Богу, – прашаптаў Данік, сеў на ровар і паехаў назад на сваё лецішча.
Мама ўсё яшчэ працавала ў гародзе, стомлена зірнуўшы на сына, папрасіла:
– Данік! Схадзіў бы ты ў хату ды разагрэў ежу.
– Добра, зараз, – адказаў сын.
Яго душа спявала і клекатала ад радасці, што ён дома з мамай, і ніхто не пашле яго на незнаёмую планету для выпраўлення. "А як жа той брат з інтэрнэту? Хто ён? – усё яшчэ здзіўляўся хлопчык. – Аднак ілгуноў і жартаўнікоў усюды хапае", – нарэшце зразумеў ён.
Гэты аповед на рускай мове
18.11.18