Бабіна лета ў парку (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Бабіна лета ў парку (казка)
Бабіна лета ў парку (казка)
Пасля халодных праліўных дажджоў настала Бабіна лета. Восеньскі парк асвяціўся сонечным святлом, а потым аднекуль прыляцеў цёплы Ветрык. Ён патрапаў хрызантэмы і вяргіні на кветніках, пранёсся ўздоўж алей і закруціўся паміж густых елак. Там ён прыпыніўся і прыслухаўся.      Адна старая Елка казала суседцы:
     – Ён зайздросціць нам. У нас галіны заўсёды зялёныя і пухнатыя. А ён хутка стане лысым. Яго галінкі змерзнуць і нават могуць зледзянець.
     – Але зараз жа Бабіна лета, – запярэчыла маладая Ялінка.
     Яна стаяла збоку, недалёка ад высокага тоўстага дрэва. Гэта быў стары Клён. У восеньскую пару яго лісце заўсёды змяняла колер. Яно жоўкла ці станавіліся барвовага колеру. Вось і цяпер стары Клён стаў падобны на казачнага волата ў сонечным адзенні.
     – Які ты яркі! – захапіўся Ветрык, падлятаючы да дрэва. – Стары, падары мне, калі ласка, некалькі сваіх залатых Зорачак!
     – Бяры, колькі хочаш! – сумна прамовіў Клён. – Хутка ўсе яны абляцяць на зямлю і згніюць.
     – Навошта ж так журыцца! – падбадзёрыў яго Ветрык. – Твае сяброўкі Елкі будуць саграваць цябе ў зімовую сцюжу. – Ці не так?
     Ветрык ізноў абляцеў вакол пухнатых прыгажун і пакратаў іх доўгія зялёныя іголкі:
     – Вунь у іх якія тоўстыя цёплыя футры, – прамовіў ён.
     – Сагрэем, сагрэем! – паабяцалі Елкі. – Ты не журыся, Клён! Цяпер прыгажэй цябе ў парку нікога няма. Хутка сюды прыйдуць людзі. Яны збяруць тваё залатое лісце, падобнае на зоркі, у вялікія маляўнічыя букеты, аднясуць дахаты, паставяць у вазы ці зробяць з іх восеньскі гербарый.
     – І гэта праўда! – пакалыхаў галінамі стары Клён. – Дзякуй вам усім, што падтрымалі мяне і ўзнялі настрой.
     – Мы заўсёды з табой, дарагі сябар, мы з табой! – паўтарылі Елкі.
     
     Дрэвы не заўважалі, што тым часам ва ўсіх кутках парку лёталі восеньскія серабрыстыя Павуцінкі. Яны дакраналіся да галінак, серабрылі іх лістоту і іголкі, рабілі больш ярчэйшымі і прыгажэйшымі. Гэта былі чароўныя Павуцінкі. Яны ахутвалі парк загадкавым прамяністым святлом!
     Не прайшло і гадзіны, як усе дрэвы ў парку насычыліся чараўніцтвам Бабінага лета. Яны супакоіліся і нават папрыгажэлі. Усюды пасялілася восеньскае зачараванне.
     І не толькі цёплы Ветрык зразумеў, якім прыгожым стаў парк у гэтую пару Бабінага лета. Кожны, хто прыходзіў сюды на шпацыр, не мог проста так сысці. Дарослыя і дзеці збіралі букеты з восеньскай лістоты. А каб захаваць на памяць прыгажосць Восені, людзі фатаграфаваліся ля яркіх восеньскіх дрэў і кветкавых алей.
     
     Прыйдзе Зіма. Увесь парк атуліць снег. Ён будзе абараняць дрэвы ад марозу. А сяброўкі Елкі, як і абяцалі, не дадуць заледзянець старому Клёну. Яны распушаць іголкі і захіляць яго ад марознага Ветру.
     Потым прыйдзе Вясна, і стары Клён ізноў ажыве і памаладзее. Ён апранецца ў новы светла-зялёны ўбор і зусім пазабудзе пра сваю трывогу і смутак. У парк ізноў прыляціць цёплы Ветрык. Ён успомніць пра восеньскія Зорачкі і пра тое, як дарыў іх рачным хвалям.
     – Ну, што, перажылі халады? – спытае Ветрык у старога Клёна.
     – Перажылі. Дай Бог, яшчэ пажывём, – прарыпіць Клён і бадзёра расправіць велізарныя пухнатыя галіны.
     
      Гэтая казка на рускай мове
29.10.18