Вясновы падарунак ад Сонейка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вясновы падарунак ад  Сонейка
Вясновы падарунак ад Сонейка
У першыя сакавіцкія дзянькі Сонейка пачало растапліваць снег. Па лясных сцяжынках пабеглі ручайкі. Уначы зямля ўсё яшчэ астывала, і вада подмярзала, але днём Сонейка зноў адагравала яе, таму ў лесе раставала ўсё больш і больш снегу. Прайшло яшчэ трохі часу, і вясёлыя сонечныя Праменьчыкі растапілі ўвесь астатні снег. А Сонейка, не шкадуючы свайго цяпла, працягвала і далей саграваць адталую ад зімовай спячкі зямлю. Ды, відаць, нездарма. Яму хацелася ўбачыць больш белага і сіняга колеру не толькі ў небе, але і на Зямлі.      Неўзабаве ўсе палянкі ў лесе пакрыліся россыпам маленькіх далікатных белых і бэзавых кветачак – першацветаў. І ўсё гэта адбылося пасля таго, як сонечныя Праменьчыкі, пралятаючы раніцай па лесе, не шкадуючы, шчодра сыпалі і сыпалі на зямлю сваё яркае і гарачае сонечнае золата. Вось яны асвятлілі правы бок лесу – і палянкі абсыпаліся белымі Падснежнікамі, потым левы бок – і ўсюды, нібы зорачкі, успыхнулі блакітныя Пралескі.
     Зрабіўшы такі каштоўны падарунак лясным палянкам, Сонейка паклапацілася і пра дрэвы. Яно сагрэла покаўкі на галінах, і яны лопнулі. А адтуль, нібы кураняты з яек, высунулі свае вострыя носікі маленькія ліпкія ярка-зялёныя Лісточкі.
     Вось і пералётныя Птушкі пачулі кліч вясновага Сонейка. Чарада за чарадой яны вяртаюцца ў родныя мясціны. Птушкі спяваюць звонка, радасна, шчасліва! Усе іх песні ўслаўляюць наша Сонейка! Хто ж, як ні яно, падарыла ўсім на Зямлі такое цудоўнае, шчаслівае свята са светлай і прыгожай назвай – Вясна!
     
      Гэтая казка на рускай мове
     
     Вясновая залацінка
     
     Залацінка, Залацінка, сонца светлага іскрынка!
     Прытуліся на хвілінку ля дзяцяці Ручая!
     Пагуляй з ім у аладкі, раскажы свае загадкі.
     Казку вам нашэпча Ветрык, ласкай цёплай абгарне.
     
     А Ручай бяжыць і скача. У яго свая задача –
     Усе сучкі і ўсе карэнні вельмі шпарка абмінуць.
     Залацінка ў ім іскрыцца, сілы надае вадзіцы,
     Каб яна цякла далёка за лугі і за лясы,
     Улілася ў Рачулку. Там Ручай знойдзе прытулак,
     Бо Рачулка стане маці для малога Ручая.
     
     І яна яго абдыме, скажа: “Прывітанне, сынку,
     Пацячом цяпер мы разам па лясам і па лугам.
     Сяброў ветлівых сустрэнем, свае думкі ім даверым,
     А іскрынка Залацінка будзе нам дапамагаць”.
     
     Сонца на зямлю пральецца. Ля ракі хлапчук смяецца.
     Ён караблік запускае ў вадзіцу Ручая.
     А Ручай, цяпер ён – рэчка, стаў дарослым – не смяецца.
     Толькі трошкі дапаможа карабельчыку паплыць.
     
     Хлопчык пільна назірае, як караблік уплывае
     У далёкія вандроўкі, дзе чужыя берагі.
     Шчасця ён яму жадае: – Ты плыві з зямлі – да края,
     Паглядзіш, затым вяртайся, буду я цябе чакаць.
     Скажаш мне, што там пабачыш, ведаю, што на ўдачу
     Адпусціў цябе паплаваць. Так плыві ўжо хутчэй!
24.10.18