Падарожжа на Камчатку (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Падарожжа на Камчатку (аповед)
Падарожжа на Камчатку (аповед)
Зараз, дарагія сябры, я вам распавяду пра аднаго майго знаёмага хлопчыка, які здзейсніў падарожжа на Камчатку.      Гэтага хлопчыка завуць Алесем. Ён жыве ў Мінску і вучыцца ў пятым класе. Яго бацька – геафізік, працаваў у Мінску, а затым некалькі гадоў – на Камчатцы ў інстытуце вулканалогіі. Тата Алеся любіць сваю прафесію. На Камчатцы ён асвоіў працу вулканолага і збіраўся зноў наведаць сваіх інстытуцкіх сяброў. Да таго ж, тата так часта распавядаў сыну пра тую загадкавую, але вельмі далёкую зямлю, што хлопчыку вельмі захацелася самому там пабываць.
     – Да Петрапаўлаўска-Камчацкага, – казаў тата, – больш за сем тысяч кіламетраў. І ляцець туды на самалёце прыйдзецца восем з паловай гадзін. Але гэта варта таго, бо жыццё на паўвостраве вельмі незвычайнае і цікавае.
     – Калі ты паедзеш туды, калі ласка, вазьмі мяне з сабой! – папрасіў сын.
     – А ты вытрымаеш такое жыццё? Там няма мінскіх крам і разнастайных забаў.
     – Затое ёсць вулканы і гарачыя гейзеры, – запярэчыў сын.
     – Яшчэ там можна ўбачыць адразу ўсе чатыры пары года, – усміхнуўся тата.
     – Няўжо? – здзівіўся Алесь. – Як гэта ўсе?
     – Прынясі сюды карту Камчаткі, тады сам усё ўбачыш.
     Яны разгарнулі вялікую татаву карту. На ёй быў добра бачны ўвесь паўвостраў Камчацкі. Алесь заўважыў, што ўздоўж Камчаткі выстраіліся горныя хрыбты. Адзін хрыбет расцягнуўся па ўсходняй частцы паўвострава, іншы размясціўся на сярэдзіне. А паміж імі віднелася вузкая зялёная раўніна, на якой хлопчык заўважыў рэчышча вялікай ракі.
     – Вось тут, – тата паказаў на горныя хрыбты, – знаходзяцца ўсе вулканы Камчаткі. Іх больш за трыста. Шмат патухлых вулканаў, але ёсць і дзеючыя. Самая высокая – Ключавая сопка, яе вышыня 4835 метраў. Часам яна паказвае свой характар і пачынае вывяргацца. Тады надвор'е псуецца, наплываюць хмары, леднікі на сопцы падтаюць, камяні зрываюцца, набіраюць хуткасць і са свістам ляцяць уніз. Калі чалавек заблудзіўся на сопцы, яго ўжо не знайсці.
     – Гэтыя вулканы небяспечныя, – пагадзіўся Алесь.
     – Цікава, – працягваў тата, – што калі настае лета, то ў паўночнай частцы Камчаткі яшчэ ляжыць снег, па рэках плаваюць ледзяныя глыбы. У цэнтральнай частцы паўвострава квітнее лугавая трава і чаромха, а ў паўднёвай – у нізінах ужо адцвітаюць расліны.
     – Тата, я чуў, што на Камчатцы б'юць гарачыя крыніцы. Гэта праўда?
     – Так, там ёсць знакамітая даліна гейзераў, дзе размешчана 90 гейзераў. Яны выкідваюць угару на велізарную вышыню слупы кіпячай вады.
     Тата яшчэ мог шмат пра што распавесці сыну, але зазваніў яго тэлефон. Алесю ж трэба было садзіцца за ўрокі…
     Пасля той самай гутаркі хлопчык пачаў думаць пра Камчатку. Гэта вандраванне ён з нецярпеннем чакаў і рабіў усё дзеля таго, каб яно здзейснілася. Алесь шмат прачытаў пра гэты паўвостраў з татавых кніг, не ленаваўся зарабляць выдатныя адзнакі па школьных прадметах, і нават паспяваў чымсьці дапамагчы маме – хадзіў у краму, але не за рознымі ласункамі, а за прадуктамі, прыбіраў у сваім пакоі.
     У пачатку летніх канікулаў ён адправіўся ў вандраванне на Камчатку разам з татам, толькі з той умовай, што вяртацца адтуль будзе адзін. Хлопчык разумеў – тату яшчэ трэба будзе застацца там на некаторы час, бо ён паедзе туды не адпачываць, а працаваць – у камандзіроўку.
     – У майго сябра на Камчатцы сын твайго ўзросту. Пясябруеш з ім і будзеш праводзіць час, – паведаміў тата.
     Самалёт ляцеў да Петрапаўлаўска-Камчацкага цэлых восем гадзін. І хоць у Мінску ўжо было даволі цёпла, там жа надвор'е аказалася не вельмі прыязным і зусім не летнім. Дзьмуў халодны вецер, і імжыў дробны дожджык. Але варта было вандроўнікам дабрацца да гасцініцы, як надвор'е рэзка змянілася. У небе з'явілася сонейка, а хмары кудысьці сышлі.
     – Пойдзем, паабедаем, – прапанаваў тата. На ўсякі выпадак ён узяў з сабой парасонік і куртку, ды і Алесю параіў прыхапіць іх таксама.
     "Тут не горача, у Мінску нашмат цяплейшае надвор’е ў чэрвені", – разважыў хлопчык, але не засмуціўся. Ён чакаў ад гэтага вандравання шмат прыемных уражанняў, бо такога дзіўнага месца ён больш нідзе не сустрэне. Алесь з цікавасцю ўзіраўся ўдалячынь. Там віднеліся белыя вяршыні гор. "Гэта вулканы", – зразумеў хлопчык.
     Горад здаўся зусім невялікім, ён стаяў на сопках – патухлых вулканах, якія пазарасталі зялёнай расліннасцю. Паміж імі былі пабудаваны дамы і пракладзены вуліцы, а яшчэ далей, за горадам, узвышаліся вяршыні трох дзеючых вулканаў. Тое, што іх завуць "дамашнімі", і што горад пабудаваны на беразе Ціхага акіяна ў Авачынсквй бухце, хлопчык даведаўся ад таты яшчэ ў паветры, калі заўважыў у ілюмінатары самалёта сінія бязмежныя абшары акіяна.
     – Мы з табой абавязкова падымемся на Мішэнную сопку. Калі захочаш, дык гэта здзейснім праз некалькі дзён, бо ў суботу ў мяне будзе выхадны, – сказаў тата.
     Ён дастаў тэлефон і набраў нечы нумар. Хлопчык пачуў імя Валянцін. "Гэта татаў сябар", – зразумеў Алесь.
     – Заўтра я пазнаёмлю цябе з Максімам, – паведаміў тата пасля недоўгачасовай тэлефоннай гутаркі. – Гэта сын майго сябра. Ён таксама скончыў пяты клас, пасябруеш з ім і будзеш праводзіць вольны час...
     Назаўтра яны ўсталі даволі рана, бо тату трэба было ісці на працу ў Інстытут вулканалогіі. Пасля сняданку ён падвёў сына да дома, дзе жыў хлопчык Максім.
     – Хутка ён прыйдзе сюды, а ты будзь асцярожным у незнаёмым горадзе, – папрасіў тата. – Слухай Максіма, не хадзі нікуды адзін без яго. Я табе патэлефаную. Да сустрэчы ўвечары.
     Максім здаўся прыемным і вясёлым хлапчуком. Ён з задавальненнем паказваў новаму сябру славутасці свайго роднага горада, нават звадзіў яго ў два музеі.
     – А давай з'ездзім на набярэжную, – прапанаваў Алесь.
     Яму вельмі хацелася паглядзець на вялікія акіянскія караблі і ўбачыць зблізку сам акіян. І яны паехалі на Марскі вакзал. Велізарныя ціхаакіянскія судны захапілі хлопчыка. Яны здаваліся неверагодна вялікімі, нібы шматпавярховыя будынкі. Бераг акіяна быў абсыпаны дробнымі каменьчыкамі.
     – Гэта часцінкі вулканічнай лавы, – растлумачыў Максім.
     Алесь атрымліваў асалоду ад убачанага цуду. Перад ім плёскаўся сапраўдны Ціхі акіян. Блакітныя хвалі з шумам біліся аб бераг, удалечыні ўздоўж узбярэжжа зіхацелі беласнежныя сопкі, а з акіянскай вады вырасталі тры скалы.
     – Гэтыя скалы завуць трыма братамі, – сказаў Максім. – Кажуць, што калісьці даўно тры браты ўтрымалі ваду велізарнага цунамі, які абрушыўся на бераг. А потым гэтыя браты-волаты акамянелі і ператварыліся ў тры скалы, якія дагэтуль стаяць на варце спакою нашай бухты.
     – Цікава, магчыма так і было насамрэч, – задумаўся Алесь. У той момант ён мог паверыць у любы цуд, з захапленнем гледзячы на бязмежны акіянскі прастор, які распасціраўся перад ім.
     – Увечар над акіянам заходзіць сонца. Яно вельмі прыгожае, пунсовае! – сказаў Максім.
     А Алесь пашкадаваў, што яшчэ толькі сярэдзіна дня і, да таго ж, на небе з-за хмар зусім не відаць сонца.
     – Шкада, што сёння не сонечнае надвор'е. Але ўсё роўна мне тут падабаецца! – усміхнуўся хлопчык. Ён з захапленнем і цікаўнасцю ўзіраўся ў яркія белыя сілуэты вулканаў, якія абкружылі бухту з усіх бакоў.
     – Магчыма, што сёння сонца яшчэ выйдзе з-за хмар, – адказаў Максім.
     І ён меў рацыю. Пакуль яны дабіраліся назад у цэнтр горада, на небе з’явілася сонца і асвятліла гарадскія вуліцы.
     – А гэта яшчэ што такое, таксама мора? – спытаў Алесь, заўважыўшы, як паміж зялёнымі раслінамі праглянула сіняя вада.
     – Гэта возера Култучнае, – растлумачыў Максім.
     – Прама ў горадзе?
     – Так.
     Хлапчукі абыйшлі ўсё возера, палюбаваліся на качак, затым падышлі да помніка святым Пятру і Паўлу, у гонар якіх быў названы гэты горад.
     – Тата казаў, што ваш горад заснаваў легендарны мараплавец Вітус Берынг, – сказаў Алесь.
     Вядома ж, Максім ведаў гэта, ён нават распавёў Алесю пра помнік Берынгу, які з'яўляецца самым старым помнікам Камчаткі.
     Вечарэла. Неўзабаве патэлефанаваў тата Алеся і, дамовіўшыся пра новую сустрэчу, дзеці расталіся. Алесь вяртаўся ў гасцініцу задаволены. У яго галаве пазбіралася шмат такога, пра што ён жадаў пагаварыць з татам. Той ведаў шмат усяго пра Камчатку. Але самае галоўнае, што хвалявала хлапчука, гэта будучае ўзыходжанне на вулкан. І таму Алесь увесь час з нецярпеннем чакаў гэтай падзеі.
     Непрыкметна праляцелі дні да суботы. Для Алеся яны аказаліся такімі ж насычанымі і цікавымі, як і папярэднія дні знаёмства з незвычайным горадам на ўзбярэжжы Ціхага акіяна. Хлапчукі ў другі раз з'ездзілі да Марскога вакзала, каб паглядзець на велізарны круізны лайнер, схадзілі ў краязнаўчы музей і вулканарыум.
     Максім ніколі не гасцяваў у Мінску, і яму таксама было цікава размаўляць з сябрам пра яго родны горад. Аднак, такой прыроды, якую Алесь убачыў на Камчатцы, у Мінску не знойдзеш, і ёю не магчыма пахваліцца. Тут жа ўсё патанала ў зеляніне. Вада была вельмі смачная, крынічная, паветра чыстае. Вось толькі з надвор'ем не заўсёды шанцавала. Прыходзілася хадзіць у куртцы і браць з сабой парасон.
     Нарэшце наступіў доўгачаканы выхадны дзень. На досвітку Алесь разам з татам адправіліся на Мішэнную сопку.
     – Мы ўзлезем туды? – з вечара засумняваўся хлопчык.
     – Вядома. Яна не высокая, пакатая, па ёй пракладзена сцежка. Яна ўся патанае ў зеляніне, не тое, што велізарныя халодныя жывыя вулканы. Да таго ж, яе вышыня ўсяго толькі нейкіх 380 метраў. Але мы ўстанем вельмі рана, каб падняцца ўгару і ўбачыць узыход сонца, – сказаў тата.
     Сапраўды, асцярогі хлопчыка былі дарэмныя. Пад’ём на гару аказаўся зусім нескладаным, але ўбачанае здзівіла. З вышыні Алесь разгледзеў увесь горад. Наперадзе была бачная бухта, а за ёй плёскаўся сіні акіян. Ён распасціраўся да самага гарызонту. У гэты час над Ціхім акіянам уставала пунсовае сонца! Яно асвятляла ваду, рассыпаючы па ёй свае яркія гарачыя прамяні.
     – Тата! Як тут дзіўна! – сказаў Алесь. – Мы з табой у краіне жывых вулканаў і гарачых гейзераў. З-за Ціхага акіяна устае сонца, значыць, тут пачынаецца новы дзень?
     Хлопчык глядзеў удалячынь і бачыў велізарныя дымлівыя вулканы.
     – Як бы я жадаў адправіцца яшчэ далей па зямлі Камчаткі. Паглядзець зблізку на вулканы. Яны такія загадкавыя!
     – Самы высокі вулкан – Ключавая сопка, ён дзейнічае, – растлуачыў тата. – Але нам туды не варта ехаць, таму што знаходзіцца каля яго небяспечна. А ў даліну гейзераў мы з табой злятаем на верталёце.
     Яшчэ цэлы тыдзень Алесь правёў разам з Максімам. Хлапчукі каталіся па горадзе на роварах, заязджалі ў паркі і шпацыравалі ля ўзбярэжжа. Марскія чайкі і цюлені-сівучы падоўгу заседжваліся на прыбярэжных камянях, дзеці любаваліся імі і акіянскім прыбоем.
     У суботу Алесь з татам паляцелі ў даліну гейзераў. Хлопчыку пашчасціла ўбачыць яшчэ адзін цуд прыроды – фантаны гарачай пары і кіпячай вады, якія ўзнімаліся ўверх, ручайкі з вадаспадамі, азёры з халоднай і цёплай вадой, катлы з кіпячай чырвонай глінай. Нават пры хадзе па цвёрдай зямлі, накрытай драўлянымі насціламі, хлопчыка адольваў страх, бо Алесь вельмі баяўся праваліцца ў кіпячую і булькаючаю лаву і ўвесь час трымаўся за татаву руку. Ён нават стараўся не глядзець на ўсё тое, што шумела і гудзела вакол яго.
     Але потым, спыніўшыся ў больш бяспечным месцы і агледзеўшыся, хлопчык зразумеў, якое прыгожае і фантастычнае месца ён убачыў. У такой дзіўнай і незвычайнай даліне гейзераў яму больш наўрад ці давядзецца пабываць. Усё вакол хлопчыка ззяла рознакаляровымі фарбамі, і Алесю здавалася, што ён знаходзіцца не на Зямлі, а на нейкай іншай незнаёмай планеце.
     У нядзелю тата пасадзіў сына на вялікі самалёт і адправіў дамоў. Алесь паспеў развітацца са сваім камчацкім сябрам Максімам. Дзеці абмяняліся тэлефонамі і абяцалі перапісвацца па інтэрнэце. Тата застаўся ў далёкім усходнім горадзе яшчэ на два тыдні, а Алесю трэба было аднаму вытрымаць пералёт. Хоць гэта зусім не складана, да таго ж, у аэрапорце яго абяцала сустрэць мама.
     Усю дарогу хлопчык праспаў. Адбілася нязвыклае для яго становішча і насычаныя вандраваннямі дні знаходжання на Камчатцы. Вядома, усяго, чаго хацелася, Алесь не ўбачыў, на вялікія вулканы не патрапіў. Але нават таго, аб чым ён даведаўся, было досыць, каб у яго галаве паўсталі фантастычныя думкі. Прачнуўшыся, хлопчык нават адразу не зразумеў, дзе знаходзіцца. Седзячы ў крэсле самалёта, у яго перад вачамі ўсплыў нядаўна ўбачаны сон...
     Так, так! Яму снілася, быццам ён быў там, ля самага падножжа дымлівых вулканаў! Гледзячы ўгару, ён разгледзеў велізарныя вочы, нос і вусны Вулкана-волата. Той зморшчыў свой лоб і глухім басам стаў пра нешта тлумачыць суседу, другому Вулкану, які стаяў паводдаль і выпускаў у неба клубы цёмнага дыму. Алесь выразна пачуў усю іх гутарку. Вось пра што яны казалі: “Цяжка Зямлі. Яе атмасфера сапсавана, яе нетры, лясы і вада забруджаны, – разважалі Вулканы. – У нас тут яшчэ не сапсаваная людзьмі прырода. Нам пашанцавала, што мы нарадзіліся не каля вялікіх гарадоў, дзе жывуць мільёны чалавек”.
     Цяпер, разважаючы пра свой сон, хлопчык падумаў, што ўсё гэта падобна на праўду. А вулканы, яны сапраўды жывыя! Як і мы, людзі, вулканы ўсё адчуваюць і разумеюць! "Усім, хто жыве на свеце, трэба думаць пра тое, як выратаваць нашу Зямлю, – зразумеў Алесь. – Я абавязкова распавяду маме і тату свой сон. Мой тата вельмі разумны. Мы з ім абмяркуем усё і вырашым, што нам трэба зрабіць, каб дапамагчы нашай планеце".
     
      Гэты аповед на рускай мове
24.10.18