Самотная Расамаха (чытае Ліка Пташук)
Жыла-была ў лесе Расамаха. Усе жыхары лесу са сваякамі сваімі сябруюць, у госці ходзяць, гутаркі заводзяць, а яна заўсёды адна. Недружалюбная, невясёлая але не хмурная, нядобрая але і не злая, наогул – ніякая, ні на каго не падобная. Галава ў яе каціная, тулава касматае, хвост як у лісіцы, лапы шырокія кіпцюрастыя, зубы вострыя доўгія.
– Ох, і што за такі звер да нас у лес прыблудзіўся, – казала Варона, калі ў госці да сяброў завітвала. – У нас усе жывуць у сем'ях з дзецьмі – вожыкі, зайцы, лісы, ваўкі, нават мядзведзі. А яна заўсёды адна ды адна. Ні з кім не сябруе, у госці ні да каго не ходзіць, ды і сваякоў у яе няма.– А ты злятай да хаты з чырвоным дахам, што стаіць на ўскрайку лесу, – параіла ёй сяброўка Сарока. – Кожны раз, калі я прылятаю ў гэты сад за пачастункам, заўсёды чую адно і тое ж: "Што ты нарабіла, бесталковая расамаха!", "Ідзі адсюль, расамаха!", "Усё ты пераблытала, расамаха!", "Вось ізноў страціла маю костачку, расамаха!"
– Ды няўжо? – не паверыла Варона. – У вясковай хаце не можа жыць Расамаха.
Але Варона з цікаўнасці аднойчы злятала туды. Сапраўды, яна пачула ўсё тыя ж словы, што ёй Сарока казала. Глядзіць, а гэта гаспадарскі Сабака Котку так называе.
– Яна што і напраўду Расамаха? – спытала Варона ў Сабакі.
– Так! – пацвердзіў Сабака і нават лапай махнуў.
– Дык, у яе ж ёсць сваячка, у лесе жыве. Хай наведаецца да яе, пагасцюе, – прамовіла Варона і падрабязна распавяла Котцы і Сабаку, як туды дабрацца.
Котка спачатку не паверыла, але Сабака настаяў, таму што дурней Коткі нікога ў акрузе не ведаў. А расамахамі, ён быў упэўнены, завуць усіх дурных, бесталковых і слабых. Вось пайшлі яны ў лес, каб знайсці тую самую Расамаху і паглядзець на яе. Па дарозе сустрэўся ім Вожык.
– Дзе тут у вас Расамаха жыве? – спыталі яны ў Вожыка.
– Вунь яе хатка, пад паваленымі дрэвамі каля хвоі, – паказаў Вожык.
Падышлі Котка з Сабакам да хаткі, пагрукаліся. І тут з хаткі выйшаў невядомы страшны звер з ваўчынай галавой, з тулавам мядзведзя, з лісіным хвастом, з доўгімі кіпцюрамі і вострымі зубамі, як у льва.
– Ой-і-і-і! – спалохана піснула Котка.
– Ну-і-ну! – здзіўлена гаўкнуў Сабака.
Не жадаючы даўжэй заставацца ў гэтым лесе побач з такім страшным зверам, Котка з Сабакам пусціліся наўцёкі, нават не пазнаёміўшыся з сапраўднай Расамахай. З тых часоў Сабака баіцца называць Котку гэтым імем. А што, калі сапраўдная Расамаха падумае, што ён яе кліча і зойдзе ў іх двор. Тады ўсім ім не паздаровіцца, бо гэтая пачвара такая страшная!
Гэтая казка на рускай мове
12.10.18