Чароўная Казка далёкага Вострава - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чароўная Казка  далёкага Вострава
Чароўная Казка далёкага Вострава
На маленькім Востраве, які згубіўся ў бязмежным моры, ляжаў снег. Белы і пухнаты, ён тоўстым пластом атуліў усё, што толькі мог – кусты і дрэвы, дах і ганак драўлянага доміка, кветнік перад ім, лаўкі і столік. Самотны Востраў замярзаў. Домік быў пусты. Халоднай Зіме не патрэбен быў прытулак, яна лётала па небе легкадумнай завірухай, прымушаючы ўсё жывое ратавацца ад яе калючых ледзяных уколаў. Часам у цемры ціхай ночы Востраву не спалося. Ён глядзеў у неба, бачыў там зоркі, круглы, як аладка, Месяц і зайздросціў ім: " Напэўна, там у небе зусім не холадна. І яны ніколі не зразумеюць, што адчуваю я цяпер".      Але жыццё змілавалася і паслала да Вострава цёплы карабель з Вясной. Вясна выйшла на бераг, а снег пад яе нагамі тут жа растаў. Маракі вынеслі на бераг кветкі, і яны вельмі хутка прыжыліся на адтаяўшай зямлі. Прыгажуня Вясна пасялілася ў драўляным доміку. Яна прыбрала яго, а ў кветніку пасадзіла свае самыя любімыя кветкі. Раніцай яна апранала лёгкую сукенку з далікатнага зялёнага шоўку, заплятала ў доўгую русую касу незабудку і гуляла па лесе альбо ўздоўж берага.
     Востраў ажыў. З прыходам Вясны ён напоўніўся спевамі птушак, стракатаннем конікаў, гудзеннем пчолак, пахамі палявых і лясных кветак, шоргатам маладой лістоты. Востраў цешыўся такой змене ў сваім жыцці. Ён любіў Вясну. А час, калі яна гасцявала ў яго, лічыў чароўнай казкай.
     Скажыце, як па-іншаму назваць тую прыгажосць, якую стварала на Востраве Вясна? Усе яго жыхары былі шчаслівыя ў гэтую пару года. Дзьмухаўцы распускалі жоўценькія капялюшыкі, імкнучыся быць падобнымі на вясновае Сонейка, і тады ўвесь Востраў пакрываўся іх яркімі галоўкамі. Квітнелі дрэвы і кусты, траўка зелянела, птушачкі будавалі сабе гнёзды. Жучкі і павучкі, мухі-цакатухі, матылькі, працаўнікі-мурашкі – ўсе любілі Вясну.
     Але праходзіў час і да маленькага Вострава падплываў іншы карабель, з якога на бераг сыходзіла красуня Лета. Вясна моўчкі саступала ёй сваё месца. Лета гэтак жа, як і Вясна, высцілала паляны і лугі дыванамі яркіх і духмяных кветак. Следам за чаромхай адцвітаў бэз і зацвіталі ружы. Прыгажуня Лета, як і Вясна, была чараўніцай. З яе прыходам лясныя паляны напаўняліся водарам суніц, а гарэзы-грыбы то тут, то там выглядвалі са сваіх зацішных мястэчак. Спелі чарніцы і дурніцы, на палях каласавалі жыта і пшаніца. Лета кожны дзень абыходзіла маленькі Востраў і цешылася багатаму ўраджаю. “Зараз ежы хопіць усім да будучага ўраджаю, толькі трэба здолець усё пазбіраць і захаваць”, – разважала клапатлівая чараўніца Лета. Аднак ёй нікому не трэба было нічога казаць. Усе насельнікі Вострава ведалі што і як рабіць. Пчолкі з раніцы да вечара збіралі мёд у свае вуллі, ствараючы сабе запасы на зіму, лясныя звяркі запасіліся сушанымі грыбамі, ягадамі і арэхамі.
     Час няўмольна бег наперад. І неўзабаве цёплыя летнія навальніцы з далікатнымі чароўнымі вясёлкамі змянілі зацяжныя восеньскія дажджы. Лета гэтак жа, як і Вясна, саступіла сваё месца Восені. Чараўніца Восень, сыходзячы з карабля на Востраў, моўчкі агледзела яго. А той, развітваўшыся з цёплым любым Летам, з неахвотай сустракаў халаднаватую Восень. Але Восень ведала пра гэта. Яна, як разумны доктар, не спрабавала нікому навязваць сваю любоў. Восень разумела, што патрэбна Востраву гэтак жа, як Вясна і Лета, бо толькі цяпер можна не спяшаючыся падрыхтавацца да прыходу лютай і бязлітаснай Зімы.
     Дрэвам і кустам трэба было скінуць сваю лістоту і прыгатавацца да доўгага сну на заснежаным Востраве. Вядома, цеплалюбівым птушкам не выжыць тут у зімовыя халады, ну а тым, хто можа прыстасавацца, неабходна зрабіць гэта. Восень, хоць і была строгая, шкадавала ўсіх – дрэвы і кусты, траву і кветкі. Але жыццё ёсць жыццё. Кветкі адцвілі і рассыпалі па зямлі сваё насенне. Дрэвы і кусты, пакрасаваўшыся напрыканцы ярка-жоўтымі і барвовымі фарбамі завядаючай лістоты, скінулі яе, як летнюю сукенку, каб ужо нішто не перашкаджала ім адпачываць і чакаць прыходу новай Вясны.
     І вось ужо Восень прыгатавалася да ад'езду. Яна зачыніла на замок дзверы доміка, у якім жыла, змяла са століка апаўшае лісце дрэў і адправілася да берага чакаць свой карабель. Неўзабаве на гарызонце з’явіўся яго сілуэт. Толькі цяпер Востраў усё зразумеў і засмуткаваў ізноў. "Вось і Восень сплыве, а я застануся адзін!" – думаў ён. І кроплі дажджу, як слёзы суму, пакаціліся па ім, ператвараючыся ў халодныя струменьчыкі.
     Восень спыла, а з мора падзьмуў халодны вецер. Неўзабаве да Вострава падплыў белы заснежаны карабель. Чараўніца Зіма ў пухнатым футры з іскрынак-сняжынак выйшла на бераг. Востраў паглядзеў у яе вочы і зразумеў, што ў іх ужо няма таго злога ледзянога агеньчыка, які ён бачыў раней. Зіма толькі трохі падмарозіла і абсыпала мяккім сняжком зямлю Вострава.
     Непрыкметна прайшоў халодны зімовы час, і пачало цяплець. Адчуўшы гэта, маленькі Востраў і ўсе яго насельнікі зноў пачалі рыхтавацца да новай вельмі жаданай сустрэчы з чароўнай зялёнавокай прыгажуняй Вясной.
     
      Гэтая казка на рускай мове
12.10.18