Будзьце шчаслівыя! (казка-прытча) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Будзьце шчаслівыя! (казка-прытча)
Будзьце шчаслівыя! (казка-прытча)
На небе жывуць аблокі. Іх жыццё нямногім адрозніваецца ад жыцця людзей. Адрозненне толькі ў тым, што людзі ходзяць, а аблокі лётаюць. А ў астатнім усё амаль тое ж самае. Аблокі вельмі розныя, як і людзі. Бываюць лёгкія, пухнатыя аблокі. Яны лунаюць у паветры, нібы вясёлыя і жыццярадасныя людзі, натхнёна і радасна пазіраючы на жыццё. Бываюць невясёлыя цяжкія хмары. Яны, як недобрыя сварлівыя людзі, праліваюць на Зямлю ўвесь свой гнеў. Бываюць аблокі бясконцыя, злітыя ў адну вялікую шэрую хмару. Стомленыя і змучаныя, гэтыя сумныя аблокі памятаюць усю сваю жыццёвую бязладзіцу, бясконца жалячыся на нялёгкі лёс, і ўшчэнт зморваюць Зямлю сваім плачам.      І вось, аднойчы, сярод усяго гэтага бязмежнага мноства розных і вельмі непадобных адно на адну хмар і аблокаў нарадзілася на Божы Свет ружовашчокая Аблачына. З першых імгненняў свайго жыцця яна палюбіла яркае сонечнае святло, блакітнае неба, зоркі і Зямлю. Аблачына яшчэ не разумела, навошта яна нарадзілася, і ў чым яе прызначэнне. Цэлымі днямі яна бестурботна насілася па бязмежных нябесных абшарах. Ёй было добра і прыемна проста так лётаць, ні пра што сур'езна не задумваючыся.
     Але побач з маладой і легкадумнай Аблачынай па небе лётала шмат цяжкіх цёмных Хмар і шэрых Аблокаў. Гледзячы на бестурботныя паводзіны маладой Аблачыны, яны пачалі сароміць яе за бязмэтнасць існавання. Па іх меркаванні, у кожнага з нас, хто жыве на белым свеце, ёсць сваё прызначэнне. Яно даецца нам ад Бога, і мы павінны прытрымлівацца яго. Прызначэнне ж хмар і аблокаў – даваць Зямлі ваду для жыцця раслін і ўсяго жывога.
     Задумалася маладзенькая Аблачына. Уважліва паглядзеўшы ўніз на Зямлю, яна заўважыла, што там расце шмат дрэў, кветак і іншых раслін.
     "І сапраўды, – падумала Аблачына, – як гэта я раней не заўважала іх? Усе гэтыя расліны трэба паліваць. Без вады яны загінуць!"
     З таго часу ўсю сваю любоў і нерастрачаную энергію працавітая Аблачына пачала аддаваць раслінам, якія жылі на Зямлі. Яна старанна збірала з паветра кропелькі вады, каб падрасці і пацяжэць, а затым падлятала бліжэй да Зямлі і палівала лугі і палі, лясы і паляны з кветкамі.
     Расліны палюбілі добрую Аблачыну і радасна віталі яе, калі яна падлятала да іх. А Аблачына старанна і добрасумленна выконвала сваю місію дзень пры дні, хоць, вядома ж, вельмі стамлялася ад цяжкай працы, а адпачыць ёй было некалі.
     Спачатку на Зямлі з нецярпеннем чакалі сваю дабрачынную Аблачыну і хвалілі яе за стараннасць і добрасумленнасць. Але паступова расліны прывыклі, што Аблачына заўсёды іх палье, і ім не трэба думаць і хвалявацца пра тое, што яны застануцца без вады. Дрэвы, кусты і кветкі на зямлі добра раслі, наліваючыся жыццёвай сілай. А Аблачына ад доўгай знясільваючай працы старэла і ператваралася ў шэрую змучаную жыццём хмарку.
     Час ішоў. Пастарэлая Аблачына ўжо не магла так хутка лётаць, як лётала раней. Расліны перасталі яе хваліць і пачалі шукаць ёй на змену іншую, маладзейшую і энергічную. Дазнаўшыся пра гэта, Аблачына вельмі пакрыўдзілася. Яна ж так старалася, дапамагала раслінам, ратавала іх ад пагібелі, не шкадуючы сваіх маладых сіл і энергіі. А яны, бессаромныя, хочаць яе, нібы змучаную працай старую кабылу, змяніць на маладога жвавага скакуна.
     Аблачына настолькі пакрыўдзілася, што ў парыве страшэннай нуды ўзяла ды і паляцела, куды вочы глядзяць, абы далей ад гэтых няўдзячных раслін.
     Ляцела пакрыўджаная Аблачына, ляцела, стараючыся ні кропелькі вады не праліць на грэшную Зямлю, не жадаючы больш нікому дапамагаць. Ад гора і душэўнага неразумення яе жыццёвых праблем нікім, нават тымі, каму яна давярала, пра каго клапацілася і каму дарыла сваю любоў, Аблачына натапырылася, нават пакрылася ледзянымі калючкамі! Яна была так моцна засмучана, што змагла б, напэўна, бясконца доўга ляцець, нікога і нічога не заўважаючы, а толькі думаючы і перажываючы свае душэўныя крыўды.
     Але жыццё не бывае бясконца жорсткім. З намі Бог. Ён ратуе ўсіх нас. Вось і вырашыў Ён, што, усё ж, Зямлі патрэбна любоў і адданасць, якая была ў бескарыслівай Аблачыны. Такую любоў і самаадданасць не часта сустрэнеш на Зямлі. І яе трэба дарыць таму, хто ў ёй больш за ўсё мае патрэбу. Таму Бог і паслаў Аблачыну ў тое месца Зямлі, дзе ад засухі знемагалі і нават гінулі расліны.
     Аблачына прыплыла па небе ў самую, што ні на ёсць сапраўдную гарачую пустыню, дзе ў пяску сядзелі толькі адны несамавітыя калючкі. Нічога іншага не магло вырасці ў такой спякоце. І толькі ў адным зацішным мястэчку бязмежнай пустыні згубіўся маленькі калючы Кактус. Як ён змог выжыць у гарачай пустыні без адзінай кроплі вады, было зусім не зразумела. Хоць небарака атуліўся ад гарачага сонца за гарой з пяску, але ён ужо пачаў павольна гінуць ад смагі. Няшчасны Кактус не чакаў ніякага цуду, ён не верыў у сваё выратаванне. Адкуль можна ўзяць ваду, калі ў небе няма ніводнай аблачыны?
     Але здарыўся цуд – Кактусу нечувана пашанцавала. Калі Аблачына прыляцела ў пустыню і паглядзела на паміраючы Кактус, у яе душы абудзілася і ўваскрэсла далёка схаванае пачуццё жалю і любові да ўсяго жывога. Аблачына падляцела да Кактуса і багата паліла яго засыхаючае цельца і карані, а затым паляцела да мора, каб ізноў насычыцца вільгаццю.
     З той пары літасцівая Аблачына пачала дапамагаць тым, хто больш за ўсіх меў патрэбу ў яе дапамозе. Яна зноў здабыла згубленае з некаторага часу патрэбнасць пра кагосьці клапаціцца і камусьці дапамагаць.
     Кактус паступова ажыў і нават расцвёў, а месца, на якім ён рос, ператварылася ў сапраўдны аазіс сярод велізарнай пустыні. Там нарадзіліся і пышна расцвілі дзіўныя расліны. Маленькая ружовашчокая Аблачына ад шчырае душы цешылася таму, што яна яшчэ здольна камусьці дапамагчы, яе вялікія блакітныя вочы ззялі ад шчасця! Гледзячы на квітнеючыя расліны, Аблачына зараджалася энергіяй падзякі, якая зыходзила ад тых, каго яна ратавала.
     І тады ружовашчокая Аблачына зразумела, што нельга замыкацца ў сабе і азлабляцца на жыццё, якім бы цяжкім яно ні здавалася. Зямля велізарная, на ёй заўсёды знойдзецца месца, дзе жыве той, каму вельмі патрэбна твая дапамога і падтрымка, і хто будзе заўсёды ўдзячны табе за яе.
     З той пары прайшло шмат гадоў, змянілася жыццё на Зямлі і на небе. Хтосьці памёр, а хтосьці нарадзіўся. А жыццярадасная Аблачына ўсё яшчэ лётае па небе і не збіраецца старэць і паміраць. Яе гаючая вадзіца, напоўненая святлом і станоўчай энергіяй, будзе заўсёды патрэбная для таго, каб шчаслівае жыццё на Зямлі не памерла, а працягвалася бясконца.
     
      Гэтая казка на рускай мове
08.10.18