Прыгоды кіцяняці ў паўночных морах - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Прыгоды кіцяняці ў паўночных морах
Прыгоды кіцяняці ў паўночных морах
На поўдзень ад Паўночнага Ледавітага акіяна ля берагоў Кольскага паўвострава размешчана Белае мора. Чаму яго завуць Белым? Можа таму, што больш за паўгода яно пакрыта снегам і лёдам. У гэты час тут дзьмуць моцныя вятры, мяце завея. Але ўвесну мора адтае ад лёду. Сонца асвятляе празрыстую ваду, бліскучыя цельцы рыбак, зіхатлівыя каралы, марскія зоркі і багавінне. На паўночным узбярэжжы Белага мора, у тундры, зямля пакрываецца яркім дываном з духмянай травы і кветак, квітнеюць кусцікі брусніц і марошкі, а на паўднёвых берагах мора ў яловых і сасновых лясах расцвітаюць паляны.      Пасля доўгай і халоднай палярнай ночы ў траўні настае палярны дзень, калі сонца не сыходзіць за гарызонт, а свеціць і днём, і ўначы. І хоць у тундры сонца не такое гарачае, як на поўдні нашай Зямлі, аднак яно дапамагае ўсім, хто ў гэты час жыве тут, крыху адагрэцца і зрабіць больш добрых спраў.
     Працавітыя птушкі – палярныя крачкі, бакланы, гагі, марскія чайкі – без стомы шукаюць корм, каб хутчэй падгадаваць сваіх жоўтаротых птушанят. А рознай машкары вясной і летам у тундры звышдастаткова.
     Вялікія зграі белых кітоў – бялух збіраюцца ў водах Белага мора і жывуць тут да восені. Зіму яны праводзяць ля берагоў больш халаднейшых паўночных мораў, таму вясной і летам ім падабаецца жыць у Белым моры. Бялухі – самыя маленькія кіты ў свеце. Скура ў дарослага кіта белага колеру, а ў малыша, які толькі нарадзіўся, яна цёмна-сіняя альбо нават чорная. Мамы-бялухі кормяць сваіх дзяцей малаком. Як толькі не клічуць людзі гэтых разумных жывёл: палярнымі дэльфінамі, спяваючымі кітамі, марскімі канарэйкамі. І ўсё таму, што бялухі вельмі цямлівыя, разумныя, а яшчэ яны неверагодна музыкальныя. У вадзе кіты збіраюцца групамі, пра нешта доўга размаўляюць, жартуюць, весяляцца, нават спяваюць песні. Іх галасы падобныя на ціўканне, піск, свіст, а часам і гучны роў. Як усе кіты і дэльфіны, без паветра бялухі жыць не могуць, таму што дыхаюць не жабрамі, а лёгкімі. Яны часта вынырваюць з вады, каб удыхнуць паветра, якое паступова расходуюць, плаваючы пад вадой.
     
     У больш цёплай вадзе ля паўднёвых берагоў Белага мора ў бялух нараджаюцца маленькія кіцяняты! Пра аднаго такога малыша, якога завуць Васільком, мой аповед.
     Каля мыса Белужага на мелкаводдзе ў цёплай вадзе Белага мора мамы-бялухі гулялі са сваімі дзецьмі. Сярод іх быў і Васілёк. Ён нядаўна нарадзіўся. Скура на яго цельцы была цёмная, амаль чорная, а валошкавага колеру вочкі весела зіхацелі.
     – Пі-і-і! – крычаў Васілёк.
     Ён пляскаў па пяску маленькім хвосцікам, паварочваючы вялікую галоўку ў розныя бакі.
     – Найграўся? – спытала мама-бялуха, гледзячы, як у яе сыночка заплюшчваюцца вочкі. – Бачу, што стаміўся. Паплылі дахаты. Ляжам спаць.
     Дабраўшыся да ціхага берага мора, дзе знаходзілася іх летняя марская хата, мама-бялуха пакарміла дзіця малачком і ўкалыхала ў мяккай пасцельцы з марскога багавіння.
     Да восені малыш падрос. Ён ужо мог праплысці ў вадзе без адпачынку даволі вялікую адлегласць.
     Неяк мама-бялуха сказала Васильку:
     – Сынок, нам трэба вяртацца ў Баранцава мора, там наша зімовая хата.
     – Гэта далёка? – спытаў малыш.
     – Далёка. Але ты не хвалюйся, бо мы будзем плыць з прыпынкамі, пераначуем у нашых добрых знаёмых.
     – А хто яны такія?
     – Марскія цюлені.
     – Мама! А белы мядзведзь жыве ў Баранцавым моры?
     – Жыве. Але нам трэба яго асцерагацца. Ён злы, і можа нам нашкодзіць.
     Васілёк задумаўся. Старэнькая бабуля-бялуха нядаўна распавядала яму казку пра добрага белага медзведзяня, з якім сама сябравала ў дзяцінстве. "Можа, і я сустрэну такое ж медзведзяня. І яно стане маім сябрам", – марыў малыш. Васілёк даведаўся ад мамы і бабулі, што ў Баранцавым моры на вялікіх заснежаных крыгах і выспах жывуць палярныя мядзведзі. Яны белыя, касматыя і велізарныя, як волаты. "Мядзведзь здольны забіць цюленя альбо кіцяня ўдарам сваёй магутнай лапы", – казала бабуля. Але Васілёк не верыў, што гэты звер заб'е яго, такога маленькага і слабога. А яшчэ ён марыў, што калі вырасце, стане вельмі моцным і зможа даць адпор любому злоснаму беламу мядзведзю.
     Праз некалькі дзён пазбіраліся іх сваякі: бабуля і чатыры цёткі. Уся вялікая сям’я бялух адправілася ў вандраванне да сваёй зімовай хаты. Для маленькага кіцяняці такое доўгае вандраванне было вельмі стомным, таму яны часта спынялася на адпачынак. Цёткі і бабуля абкружалі малога, абараняючы дзіця ад злых зубастых рыб, а мама яго карміла. Але паступова Васілёк прывык падарожнічаць, а калі яны прыплылі да Баранцава мора, ён спытаў:
     – Бабуля! Пакажы, дзе жывуць белыя мядзведзі.
     – Як я табе пакажу? Яны ж не заўсёды сядзяць на адным месцы. Іх хата – ўсё мора.
     – Ого! – здзівіўся Васілёк. – І ўсе крыгі?
     – Так!
     І тады малыш пачаў глядзець уверх на паверхню крыг. Але ні на адной крызе ён не заўважыў белага медзведзяняці. Толькі аднойчы Васілёк убачыў велізарнага старога мядзведзя, які адпачываў на крызе. Васілёк спалохаўся і хутчэй уцёк ад яго прэч. "Як жа мне знайсці медзведзяня?" – разважаў малыш. А калі мама сказала, што яны ўжо падплываюць да выспы, кіцяня спытала:
     – Там знаходзіцца наша хата?
     – Так, – адказала мама.
     – І там водзяцца белыя мядзведзі?
     – Водзяцца, водзяцца, – махнула плаўніком бабуля.
     "Значыць, я хутка сустрэну свайго сябра!" – узрадаваўся Васілёк. Ад радасці ён нават падскочыў угару і піснуў танюткім звонкім галаском так гучна, што мама дакорліва пакруціла галавой.
     Першымі, каго Васілёк сустрэў на выспе, былі вялікі грэнландскі Цюлень і вусаты Морж. Малыш прывітаўся з суседзямі і ветліва спытаў:
     – Вы не бачылі, дзе тут жыве белае медзведзяня?
     – Чарныш? – прагыркаў Морж. – Я яго бачыў у тым баку, – Морж паказаў галавой у левы бок выспы.
     Адпрасіўшыся ў мамы на адну гадзіну, Васілёк паплыў на сустрэчу з медзведзянём.
     Белы звер з касматымі лапамі і чорным носам стаяў на беразе выспы і даядаў маленькую рыбінку. "Ён накінецца на мяне", – спалохаўся Васілёк і хацеў ужо ўцячы да мамы. Але медзведзяня заўважыла яго і гучна прараўло:
     – Ты хто?
     – Я кіцяня, маё імя Васілёк, – спалохана піснуў малыш.
     – Калі ты – бялуха, то чаму не белы?
     – Я яшчэ маленькі, а малышы-бялухі заўсёды такія.
     – А я Чарныш. За гэты радзімы знак мяне так назвалі, – медзведзяня прыпадняла правае вуха, і Васілёк убачыў пад ім кавалачак чорнай шэрсткі.
     – Ведаеш, у мяне няма касматых лап, як у цябе, а ёсць толькі плаўнікі і хвост, – пакруцілася ў вадзе кіцяня.
     – Не хвалюйся. У цябе хутка вырастуць такія ж вострыя і вялікія зубы, як і ў мяне! – медзведзяня выскаліла зубы і загыркала.
     Кіцяня спалохалася, скурчылася і нават хацела ўцячы да сваёй мамы, бо яно вырашыла, што медзведзяня зараз накінецца на яго і з'есць!
     – Мяне ўсе баяцца, ніхто не жадае са мной сябраваць, – жалобна нахмурыўся Чарныш.
     – Я буду тваім сябрам! – гучна піснуў асмялеўшы Васілёк. – І я зусім не баюся цябе, бо сяброў не ядуць!
     – Вядома! – узрадавалася медзведзяня і скокнула з выспы ў ваду.
     – Дык ты яшчэ ўмееш плаваць? – здзівіўся Васілёк.
     – Яшчэ як! – пахваліўся Чарныш.
     – Ты не змерзнеш тут узімку?
     – Не. Я ўжо зімаваў на гэтай выспе. Узімку мяце страшэнная завея, дзьме жудасны вельмі халодны паўночны вецер, а высока-высока ў цёмным небе гарыць Паўночнае ззянне. Але маё тоўстае футра абароніць мяне ад марозу! – медзведзяня пагладзіла лапай сваю касматую белую поўсць.
     – А я схаваюся пад вадой, бо там цяплей, – сцяміў Васілёк. – Ты будзеш прыплываць да мяне ўзімку?
     – Добра.
     – Але яшчэ няма зімы, а ўвосень не холадна! – весела крыкнуў Васілёк.
     Найграўшыся, сябры развіталіся да раніцы. Кіцяняці трэба было хуценька вяртацца да сваёй мамы. Яна ўжо нагаманілася са старымі сябрамі – цюленямі і маржамі, абмеркавала ўсе навіны і вырашыла, што трэба ўкладвацца спаць. Усім вандроўнікам належыла добра адпачыць пасля доўгага стомнага падарожжа да сваёй паўночнай хаты.
     Заўтра Васілька чакае яшчэ адно шчаслівае адкрыццё. Ён пазнаёміцца з Сенькам. Гэты малыш – аднагодак Васілька. У яго добрыя чорныя вочы і серабрыстая поўсць у чорную крапінку. Яго мама – вялікая цюленіха. Жыве Сенька па суседстве з Васільком. Усю зіму кіцяня будзе сябраваць з Чарнышом і Сенькам. А ўвесну пачнуцца яго новыя прыгоды, яшчэ больш цікавыя і пазнавальныя.
     
      Гэтая казка на рускай мове
26.09.18