Сяброўкі Зямлі (фантастычная казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сяброўкі Зямлі (фантастычная казка)
Сяброўкі Зямлі (фантастычная казка)
Ноч. Камін. Трашчыць лучына. Каля агню ў крэсле сядзіць чалавек. Яго вочы заплюшчаны, але ён не спіць. Напэўна ў яго бясснонніца, і ён складае казку…      
     Аднаго разу Сонца і Месяц даведаліся ад зорак, што ў самым цёмным кутку Сусвету знаходзіцца самотная планета, на якой ёсць Чароўнае жыццё.
     “Я вельмі хачу знайсці добрых сяброў, якія асвятлілі б мяне і падарылі хоць трохі радасці”, – гэта пасланне Зямлі перадавалася ад зоркі да зоркі, пакуль не сустрэлася на адным боку Сусвету з Сонцам, а на іншым – з Месяцам.
     Даведаўшыся пра просьбу Зямлі, гарачае Сонца – з аднаго, а халодны Месяц – з іншага боку Сусвету адправіліся ў кірунку да яе. Абое жадалі падарыць самотнай планеце сваё святло і сяброўства. Але калі Сонца і Месяц наблізіліся да Зямлі і паглядзелі адно на аднаго, то зразумелі, што не змогуць удваіх сябраваць з Зямлёй, бо яны жывуць зусім па-рознаму. Сонца любіць цяпло, яно гарачае, як агонь, а Месяц паважае прахалоду, ён і сам халодны, як лёд.
     Але і Месяц і Сонца вельмі спадабаліся Зямлі, яна не захацела ні ад каго з іх адмаўляцца. А каб нікога не пакрыўдзіць, Зямля вырашыла, што з Сонцам будзе сябраваць днём, а з Месяцам – уначы.
     Гарачае Сонца аказалася вясёлым і жыццярадасным і адразу ж спадабалася ўсім жыхарам Зямлі. Яно асвятліла і сагрэла ўсіх, якія жылі тут. Прырода на Зямлі ажыла і расквітнела мноствам цудоўных фарбаў. Людзі сталі часцей усміхацца, гледзячы на ўсю гэтую прыгажосць. На тварах у некаторых з іх нават з'явіліся рыжыя вяснушкі – маленькія кропелькі Сонца.
     А сумны Месяц, хоць і асвятляў Зямлю ўначы сваім таямнічым серабрыстым святлом, не мог падарыць ёй столькі радасці і шчасця, колькі змагло даць Сонца. Вядома ж, Месяцу таксама вельмі хацелася стаць для Зямлі дарагім і любым сябрам. Але Зямля чамусьці не ўсміхалася ўначы і не цешылася ад шчасця, а паціху, моўчкі, засынала.
     "Як жа так, – з сумам думаў Месяц. – Няўжо я нікому не патрэбны на Зямлі?" І ён расплакаўся ад гора. Разам са слёзамі з Месяца пасыпаліся серабрыстыя іскрынкі, а, патрапіўшы на Зямлю, яны ператварыліся ў сотні тысяч маленькіх жывых светлячкоў. Светлячкі распусцілі свае крылцы і паляцелі, асвятляючы месяцовым святлом палі, лугі, кветкі і дрэвы.
     З тых часоў, кожную ноч, як толькі на неба ўзыходзіць светлы Месяц, на Зямлі то тут, то там запальваюцца светлячкі. Яны лятаюць каля Зямлі і танчаць свае дзіўныя танцы. І кожны, хто ў гэты час не спіць проста так, ці каму не дае заснуць бяссонніца, глядзяць на такія маленькія лятаючыя зорачкі і ўсміхаюцца ад радасці і захаплення.
     
      Гэтая казка на рускай мове
17.09.18