Блакітныя азёры (казка-аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Блакітныя азёры (казка-аповед)
Блакітныя азёры (казка-аповед)
Бязмежнае Міжземнае Мора ўсё яшчэ песцілася ў цішыні сыходзячай ночы. А далёка за гарызонтам, там, дзе цёмнае неба злучалася з марскімі хвалямі ў адно цэлае, ужо заіскрылася сонечнае святло. Павольна і велічна, быццам з марской вады, выплыў спачатку краёчак, а затым і ўсё наша дарагое Сонейка. Надышла раніца прыгожага вясновага дня.      У прыбярэжным парку, дзе ўжо зазелянела трава, а на дрэвах пачало распускацца маладое лісце, ля самага берага, на верхавіне стройнага кіпарыса, сядзела маленькая птушачка. У яе быў доўгі чорны хвосцік і такія ж доўгія чорныя крылцы. Гэта была пералётная птушачка Ластаўка. Яна прыляцела сюды ўвосень з паўночных краёў на зімоўку. Да вясны Ластаўка пражыла ў гняздзечку, якое сляпіла з гліны на высокім марскім уцёсе. Але надышоў час, калі ёй трэба было зноў вяртацца на Поўнач. У вялікае вандраванне птушачка сабралася адправіцца раніцай наступнага дня. Цяпер жа яна падляцела бліжэй да Мора, каб пагаварыць з ім і развітацца.
     – Дарагое Мора, заўтра я адпраўлюся ў вандраванне да далёкай паўночнай краіны, – праціўкала Ластаўка.
     – Навошта? – спытала Мора.
     – Там мая другая хата. Але гэта не назаўжды, я вярнуся да цябе ўвосень. Чакай мяне.
     – Хто ж сустрэне цябе на Поўначы?
     – Блакітныя азёры.
     – Азёры?
     – Так, яны вельмі прыгожыя, ціхія і ласкавыя. Я іх люблю гэтак жа, як і цябе.
     – Яны прыгажэйшыя за мяне?
     – Яны – блакітныя, а ты – бірузовае.
     – Як бы я хацела пазнаёміцца з імі!
     – Я прынясу ім ад цябе "прывітанне!"
     – Дзякуй.
     Маленькай Ластаўцы было вельмі шкада пакідаць свайго дарагога сябра. Але інакш яна не магла зрабіць. Такі лёс яе і ўсіх пералётных птушак. Кожную вясну яны вяртаюцца з Поўдня на Поўнач, дачакаўшыся заканчэння там доўгай марознай зімы. Ластаўка добра адпачыла і набралася сілы для далёкага пералёту. Мора па-бацькоўску карміла яе мошкамі, якія часта раіліся над яго берагам.
     Зараз жа пералётнай птушачцы трэба было ляцець у паўночную краіну Беларусь, дзе на абрывістым беразе аднаго з Блакітных азёраў яе чакала леташняе гняздзечка.
     На досвітку Ластаўка ізноў прыляцела да Мора, каб яшчэ раз развітацца з ім. Заўважыўшы птушачку, Мора пляснула хваляй аб бераг. Кропелькі вады зазвінелі, як звіняць званкі, і Ластаўка пачула сумны голас Мора:
     – Бывай, Ластаўка! Шчаслівай табе дарогі! Да сустрэчы ўвосень!
     У адказ чарнакрылая птушачка падляцела да самай вады, узмахнуўшы крылцамі так, каб лёгкі ветрык крануў сінія хвалі, нібы вельмі цёплы паветраны развітальны пацалунак.
     Сябры расталіся. Ластаўка паляцела ў падарожжа па белым свеце. З вельмі добрым і светлым настроем яна пачала далёкі пералёт ад берага Міжземнага мора да зямлі Беларусі, да яе цудоўных казачна прыгожых азёраў.
     Сонейка накіроўвала птушачку і асвятляла яе шлях. Яно, нібы маячок, не давала Ластаўцы збіцца з дарогі. Бязмежнае неба то зіхацела чыстым блакітным ззяннем, то хавалася за белымі пухнатымі аблокамі. Часам яно нават станавілася цёмным і змрочным ад наплыўшых на яго навальнічных хмар. Тады Ластаўка апускалася на зямлю і чакала, калі скончыца непагадзь. Але часцей за ўсё неба было светлым і прыязным, а Сонейка – ласкавым і цёплым.
     Па дарозе пералётная птушачка сустракала такіх жа, як і сама, пералётных птушак. Яны дзяліліся з ёй парадамі аб тым, як лепш ляцець, каб менш стамляцца, і дапамагалі выбіраць карацейшы шлях да месца прызначэння. Часам з Ластаўкай знаёміліся вялікія разумныя птушкі з велізарнымі крыламі, а іншы раз – далікатныя і маленькія, як і яна сама.
     Унізе, на зямлі, зіхацелі адталыя ад лёду ручайкі і азярцы, віхлялі змейкі вузенькіх рачулак. Ластаўка пралятала над зелянеючымі палямі і лугамі, высокімі ўзгоркамі, густымі хваёвымі лясамі і светлымі бярозавымі гаямі. Зоркія вочкі птушачкі заўважалі, як шырока разліліся па навакольных лугах вялікія паўнаводныя рэкі. Тады Ластаўка разумела, што на гэтых рэках узімку было шмат лёду і снегу.
     Нарэшце, пералётная птушачка амаль дабралася да Паазер'я, той запаветнай зямлі, дзе калісьці ў даўнія часы нарадзіліся маленькія азёры з найчысцейшай блакітнай вадой.
     – Вітаю вас, мае дарагія сябры! – праціўкала Ластаўка, і яе галасок даляцеў да самай зямлі, дзе ў цішыні сярод густых лясоў прытаіліся дзіўныя зямныя стварэнні – Блакітныя азёры.
     Вось іх імёны: Балдук, Глубля, Глубелька, Вільчынія, Балдучыца, Ячмянец, Імшарац, Акунёк, Глухое возера, Мёртвае возера, Карасік, Вялікі Болцік, Малы Болцік. Людзі далі Блакітныя азёрам незвычайныя казачныя назвы. Гэтыя азёры і сапраўды прыйшлі на Зямлю з казкі. Кажуць, што ў даўнія часы Блакітныя азёры стварыліся дзякуючы чароўным камяням. Біруза і аквамарын, тыгровае вока і дыяменты дагэтуль ляжаць на іх дне і зіхацяць, нібы вочы блакітнавокай панны. А вакол азёр на ўзгорках шумяць дрэвы – хвоі і елкі, бярозы і клёны. На лясных палянках вясновай парой расквітае рознакаляровы дыван з палявых кветак. Тут можна сустрэць духмяныя ландышы, ветрагонку лясную, сон-траву, венерын чаравічак, лясны цюльпан залацістага колеру. Даўганогія чаплі і малышы-кулікі жывуць ля самай вады ў чаратах, па вадзе плаваюць дзікія качкі і лебедзі, лясныя гушчары з ранняй вясны да позняй восені напоўнены звонкімі галасамі пералётных птушак. Мудрыя ласі, алені і дзікі, хітрыя ліскі і нават ваўкі часам выходзяць з цёмнага ляснога гушчару на берагі Блакітных азёр, каб здаволіць смагу чыстай крынічнай вадой альбо нават трохі выкупацца ў ёй. Лепшы сябар азёр, чараўнік чорны Крумкач, ахоўвае цішыню і спакой у гэтым загадкавым краі і сочыць за тым, каб ніхто не крыўдзіў выдатную прыроду і не палохаў птушак і звяроў.
     – Дарагія Блакітныя азёры! Я прынесла вам "прывітанне!" ад далёкага Міжземнага мора! – звонка праспявала Ластаўка.
     – Дзякуй, наша чарнакрылая сяброўка! – прашапталі ёй блакітныя вочы азёр.
     Яны з цікавасцю сачылі за палётам далікатнай і вельмі адважнай птушачкі, якая не баіцца адпраўляцца ў такія далёкія вандраванні над Зямлёй два разы ў год – увесну і ўвосень.
     Самі ж азёры гэтай позняй вясной толькі нядаўна адталі ад лёду, таму іх вада была яшчэ вельмі халодная. Сонейка старалася хутчэй адагрэць празрыстую ваду, зазірала ў азёры, спрабуючы дацягнуцца да іх глыбокага дна сваімі цёплымі прамянямі. Яно слізгала па бліскучых спінках азёрных рыбак, саграваючы іх азябшыя за час халоднай зімы цельцы.
     Павітаўшыся з усімі, Ластаўка накіравалася да свайго любага возера, дзе яе чакала леташняе гняздзечка. Імя гэтага азярца – Глубелька. Яно размешчана побач з азёрамі Глубля і Ячмянец і злучана з імі пратокамі. Чым жа спадабалася птушачцы гэта азярцо? А тым, што яно адрозніваецца незвычайным блакітам і празрыстасцю. Акрамя таго ў цэнтры Глубелькі размешчан старажытны востраў, якому больш за дзесяць тысяч гадоў.
     – Добры дзень, мой дарагі сябар! Я прыляцела, каб пражыць побач з табой з вясны да восені, – праціўкала Ластаўка Глубельцы.
     – Мілая Ластаўка! Я чакала цябе і ахоўвала тваё гняздзечка. Ніводная птушачка не ўляцела ў яго. Я не дазваляла нікому яго псаваць. Калі ласка, сяліся ў ім і гадуй птушанят, – ласкава прашаптала возера, злёгку пакалыхаўшы люстранымі хвалямі.
     – Дзякуй, Глубелька! Я вельмі рада новай сустрэчы з табой, – весела адказала нястомная Ластаўка, бліснуўшы чорнымі крылцамі.
     Яна хутка адшукала сваё леташняе гняздзечка на высокім схіле берага возера. Чарнакрылая птушачка пражыве ля цудоўнага возера да пачатку восені разам з новым сябрам, таксама пералётнай Ластаўкай. Яны выгадуюць сваіх птушанят у гняздзечку. А калі тыя навучацца лятаць, вялікая сям'я ластавак адправіцца ў падарожжа па ўсім Паазер'і. Птушкі наведаюцца ў госці да кожнага надзвычайна прыгожага блакітнага возера.
     Дзеці Ластавак пазнаёмяцца з беларускай прыродай гэтага ціхіга ляснога краю, а манавіта з цудоўнымі заліўнымі лугамі, рачулкамі і крыніцамі. Яны ўбачаць, колькі ў ім расце высокіх стройных елак і хвой, белых бяроз і клёнаў. Птушаняты прыляцяць на яркія квітнеючыя лясныя палянкі, абсыпаныя пахкімі суніцамі і чарніцамі. А колькі новых сяброў-птушак сустрэне сям'я Ластаўкі ў гэтых мясцінах!
     Увосень цяпер ужо не адна Ластаўка, а ўсё яе сямейства, будзе вяртацца да марскіх берагоў. Велізарны шлях ад Блакітных азёр Паазер'я да Міжземнага Мора птушаняты насілу пераадолеюць. Ім яшчэ трэба будзе шмат чаму навучыцца ў сваіх бацькоў: вытрымцы, адвазе, зацятасці і сіле волі. Маладым птушкам неабходна добра адужэць на цёплым і сытным марскім беразе, стаць цягавітымі, каб на будучы год вясновай парой яны змаглі даляцець да Блакітных азёраў і стварыць там свае сем'і.
     
     Сінявокая!
     А навокал прыгажосць – лясы бяскрайнія
     Ды азёраў хвалі нібыта крыштальныя…
     Песня (ісп. В.Алешко, Ю.Быкава, А.Ярмоленко)
     
     
     p.s. Малюнак вядомай беларускай мастачкі Наталлі Расолька
     
      Гэтая казка на рускай мове
5.09.18