Нябачныя камп’ютэрныя ніткі будучыні
Наталля Мікалаеўна працавала настаўніцай у школе. Яна вяла інфарматыку. Дзеці любілі яе прадмет. Вывучыць асновы камп’ютэрнай граматы ім хацелася ў момант, за адзін дзень, так, каб потым можна было працаваць самастойна. Настаўніца дзівілася шпаркасці рэакцый і кемлівасці дзяцей. У іх бясконцай і нястрымнай цязе да камп’ютэра яна бачыла не толькі любоў да камп’ютэрных гульняў, тут угадвалася нешта большае. Наталля Мікалаеўна шмат думала пра будучыню, пра дзяцей, і яе ўяўленне малявала карціны, як ёй здавалася, будучай камп’ютэрнай рэальнасці…
Вядома, думала яна, пройдзе яшчэ нямала гадоў, можа нават сто, але камп’ютэры непазбежна завалодаюць розумам і сэрцам людзей. Напэўна, да таго часу ў школах ужо будуць абыходзіцца без падручнікаў, ручак і сшыткаў. Усе хатнія заданні дзеці будуць рабіць за камп’ютэрам. Падручнікі ён ім таксама заменіць. А настаўнік будзе правяраць хатнія заданні не ў сшытках, а таксама на камп’ютэры. Па сетцы лёгка скінуць усе хатнія заданні на адзін сервер. Ва ўсіх вучняў на камп’ютэрах будуць свае паролі, і спісванне стане немагчыма. Камп’ютэры заменяць тэлефон, тэлевізар, у крамы таксама будуць хадзіць з маленькімі партатыўнымі камп’ютэрамі, з дапамогай якіх можна будзе разлічыцца за пакупкі праз банк. Вядома, старыя не змогуць карыстацца камп’ютэрам у сувязі са сваёй глухатой і слепатой, але яны будуць абгаворваць неабходныя пакупкі з даверанымі асобамі, якія будуць усё гэта выконваць.Камп’ютэры ўвойдуць у вельмі шматлікія сферы жыцця людзей. Рост і паспяванне раслін, неабходнасць паліўкі будзе прасочваць камп’ютэр, нават дакладныя частотныя ваганні будуць стварацца з яго дапамогай для паляпшэння ўраджая. Медыцына таксама будзе цалкам камп’ютэрызавана. Кожны, маючы дома адмысловую камп’ютэрную прыстаўку, зможа правесці самастойна дыягностыку стану свайго здароўя. З дапамогай датчыкаў, выразна ўлоўліваючы частату работы кожнай сістэмы і органа чалавечага арганізма, кампъютэр выдасць вынік абследавання і парады па ліквідаванню выяўленых захворванняў. Паступова адыдзе неабходнасць ва ўчастковых лекарах. Вось толькі лячыцца кожны павінен будзе самастойна.
Людзі не будуць удыхаць выхлапныя газы. Аўтамабілі будуць кіравацца камп’ютэрамі з дапамогай спадарожнікаў Зямлі. Вырошчванне, дакладней, стварэнне натуральных прадуктаў – бавоўны, лёну, пшаніцы, круп будзе вырабляцца на адмысловых фабрыках з дапамогай камп’ютэраў.
Гэты аповед на рускай мове
25.08.18