Пра мужнасць и адвагу зямлян
5 чэрвеня – Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя
Калі гэта адбудзецца, цяжка прадказаць. Лепш каб гэта не адбылося зусім. Але ж такі сцэнарый вельмі рэальны, калі людзі не зменяць свае адносіны да прыроды роднай планеты і не наладзяць стваральнае, а не знішчальнае жыццё на Зямлі…
Зямля гінула. Ва ўсім былі вінаватыя людзі. Яны самі, як сапраўдныя крывапіўцы, выцягнулі з планеты ўсё, што толькі было ім патрэбна, што прыносіла мільярдныя прыбыткі. А за гэта яшчэ задушылі яе, да неверагоднасці сапсаваўшы зямную атмасферу. Некалі такая цудоўная зялёная планета, ператварылася ў засмечаны шэранькі шарык, які задыхаўся ад дыму і смуроду. Зямля памірала, а разам з ёй памірала ўсё тое, што калісьці жыло і расквітала на ёй. Людзі, а іх засталося на планеце зусім мала, ужо не спадзяваліся, што змогуць выратаваць яе і сябе.
Але ў неабсяжным космасе знайшліся тыя, хто ўбачылі, як гібне планета, і вырашылі даведацца, чым жа ўсё-такі можна дапамагчы ёй і людзям, што жывуць там. Магчыма, ужо і не варта траціць на гэта свае намаганні, і лепш будзе, калі ачысціць Зямлю ад людскай брыдоты (гразі, смецця, дыму) і адрадзіць на ёй новае жыццё?
– Не, не трэба сячы з-за пляча, – вырашылі іншапланецяне. – Давайце абмяркуем гэта з самімі зямлянамі. Хай наш карабель прывязе сюды, да нас, самых здаровых і моцных прадстаўнікоў гэтай планеты.
Неўзабаве іншапланецяне паслалі на Зямлю касмічны карабель. А калі ён вярнуўся назад, на яго борце знаходзілася двое зямлян. Гэта былі браты Ціхан і Антон дваццаці сямі і дваццаці пяці гадоў з аднаго з астравоў у Ціхім акіяне. Яны, вядома ж, як і ўсе зямляне, адчувалі бедствы роднай планеты, аднак, вада і паветра там, дзе яны жылі, былі яшчэ даволі прыгоднымі для жыцця.
У далёкі і невядомы палёт на іншаземным караблі іх выпраўлялі бацькі:
– Мы верым, што іншапланецяне змогуць дапамагчы нам, – казалі яны на развітанне сынам. – З нецярпеннем будзем чакаць ад вас шчаслівых вестак!
– Верце, верце, – з ухмылкай прамовіў малодшы сын Антон.
А старэйшы – Ціхан моцна абняў маці з бацькам:
– Я таксама, як і вы, веру, што на нашай планеце яшчэ наладзіцца шчаслівае жыццё. Чакайце мяне, я абавязкова вярнуся.
Сыны паляцелі ў невядомасць. А бацькі глядзелі на знікаючы след касмічнага карабля і жадалі сваім дарагім дзеткам шчасця і поспехаў…
Ужо не першы зямны месяц карабель іншапланецян ляцеў назад, да сваёй планеты, але браты зусім не заўважалі гэтага. Тут, на караблі, час цёк зусім па-іншаму. Здавалася, прайшло ўсяго толькі некалькі дзён з моманту адлёту, калі ім паведамілі пра тое, што карабель ужо падлятае да Суны. Іншапланецяне знешне практычна нічым не адрозніваліся ад зямлян, таму можна было выказаць здагадку, што і Суна падобная на Зямлю. Усё так і аказалася. У круглыя вокны ілюмінатараў на падарожнікаў глядзела выдатная блакітная планета, дакладная копія Зямлі, трохі большая па памеры, яшчэ зусім не сапсаваная, такая, якой калісьці вельмі даўно ў перыяд свайго росквіту была Зямля. "Магчыма, што адгэтуль і было завезена жыццё на Зямлю", – раптам прамільгнула думка ў галаве Ціхана.
І вось браты ўжо на Суне. Яны спакойна ідуць па ёй без скафандраў і зусім не адчуваюць цяжкасцей паллету. Ім кідаецца ў вочы прыгажосць і чысціня незнаёмай планеты: свежае паветра, велізарнай вышыні дрэвы, густая трава, цудоўныя незвычайна прыгожыя кветкі і яркае сонечнае святло. "Дык, гэта ж зусім іншае свяціла! – раптам зразумеў Ціхан. – Як жа ў іх атрымалася захаваць усё гэта?" – думаў ён. Антон ішоў побач з ім, і гэтак жа, шырока расплюшчыўшы вочы, разглядаў усё вакол сябе. Вядома ж, ён, як і брат, быў здзіўлены ўбачаным цудам. "Я не з'еду адгэтуль. Калі я зраблю гэта, то буду сапраўдным дурнем!" – вырашыў Антон.
Зямлян пасялілі ў шыкоўнай гасцініцы са мноствам камп’ютарных "наваротаў". Шмат з таго, што ўбачылі браты, ім было зусім не зразумела. Ежу ў нумар ніхто не прыносіў, яна сама нейкім дзіўным чынам выплывала са сцянной шафы. Пітная вада была не каламутная, як на Зямлі, а празрыстая і запоўненая нейкімі незразумелымі каляровымі бурбалкамі. Садавіна і гародніна аказаліся не падобнымі на зямныя, нашмат буйнейшымі, больш сакавітымі і ярчэйшымі па афарбоўцы. Усё, што елі браты, было вельмі смачнае і незвычайна лёгка засвойвалася арганізмам.
Раніцай суняне арганізавалі "нараду па праблеме Зямлі". Усё, пра што на ёй гаварылася, браты зразумелі і змаглі адказаць на зададзеныя ім пытанні. Вось толькі ім было незразумела, адкуль з'яўляліся некаторыя іншапланецяне, якія распытвалі іх, і куды яны затым хуценька знікалі. Пазней браты зразумелі, што гэта былі прадстаўнікі іншых планет, якія звязаліся з Сунай па касмічных "камп’ютарных сетках".
Некалькі дзён працягвалася гэтая "нарада". Нарэшце суняне абвясцілі сваё рашэнне:
– Трэба ратаваць вашу планету. Мы зацікаўлены ў гэтым, бо гэта мы калісьці зарадзілі на Зямлі жыццё. Як жа кінуць у бядзе хворага дзіцяці? Планет, падобных на вашу, у Сусвеце некалькі тысяч. Вядома ж, вы не здагадваліся аб гэтым. Але хваробы пашкодзілі не толькі Зямлю, яны былі яшчэ на трох планетах, якія нам давялося выратаваць. Мы зразумелі вашы праблемы і распачнём намаганні па выратаванню Зямлі. На такую справу спатрэбіцца шмат сіл і сродкаў. Зрабіць усё гэта нам павінны дапамагчы нашы сябры з Саюза па выратаванню жыцця ў Сусвеце.
– Саюз па выратаванню жыцця ў Сусвеце? – здзівіўся Ціхан.
– Так, існуе такі Саюз, у яго ўваходзяць самыя магутныя планеты Сусвету, на якіх ёсць разумнае жыццё.
– Калі жадаеце, – працягваў "старшыня нарады", так мысленна ахрысцілі яго браты, – можаце заставацца і жыць у нас. Усё, што трэба зрабіць на Зямлі, мы ўжо зразумелі. Але гэта доўгі працэс, ён зойме не меней пяцідзесяці зямных гадоў.
"Пяцьдзесят гадоў… – падумаў Ціхан. – Мне ўжо будзе за семдзесят. Але я ўсё роўна вярнуся на Зямлю! Яна – мая Радзіма, і там засталіся мае бацькі. Апрача таго, я змагу ў чымсьці дапамагчы іншапланецянам".
"Пяцьдзесят гадоў… – разважыў Антон. – Да таго часу, калі адновіцца звычайнае жыццё на Зямлі, мне ўжо будзе семдзесят пяць! А ці дажыву я да гэтых гадоў у такой экалогіі? І што я там убачу? А тут! Я змагу выдатна жыць і, магчыма, нават злятаць дзеля цікавасці на іншыя абжытыя планеты. Не, такое жыццё я не прамяняю на марненне ў брудзе і дыме зямной атмасферы".
– Дык, што вы вырашылі? – спытаў "старшыня".
– Я застаюся, – вымавіў Антон, нясмела зірнуўшы на брата.
– А я палячу назад, – цвёрда сказаў Ціхан.
– Добра, – быў адказ.
Вось так і вырашыўся далейшы лёс Зямлі і двух яе прадстаўнікоў.
Прайшлі гады, ні многа, ні мала, а пяцьдзесят зямных гадоў. На Зямлі яны цягнуліся павольна, а на Суне – у некалькі разоў хутчэй. За гэты час Зямля акрыяла, яе выратавалі іншапланецяне. Бацькі Ціхана, вядома ж, не змаглі дажыць да гэтага цуду –адраджэння роднай планеты, а сам Ціхан ужо пастарэлы, пасівелы быў ганарлівы тым, што Зямлю выратавалі, і ў гэтым ёсць часцінка яго працы і намаганняў.
Ён шмат новага даведаўся ад іншапланецян, якія ўсе гэтыя гады прыляталі на Зямлю ці вялі з ім перагаворы са сваіх планет. Ціхан здолеў стварыць некалькі зямных арганізацый па выратаванню Зямлі, якія працавалі пад яго кіраўніцтвам.
Планета адрадзілася. На ёй ізноў пачалі расці сады і лясы, ачысціліся рэкі, азёры, моры і акіяны, ды і атмасфера яе стала больш чысцейшая. Цяпер з космасу ў Сусвет ізноў глядзеў блакітны шарык Зямлі. Вядома ж, іншапланецяне былі гэтаму вельмі рады. А як жа інакш? Суняне ж як-ніяк прабацькі зямнога жыцця.
А Антон? Як ён жыў там, на Суне, увесь гэты час? Ці змог Ціхан падтрымліваць добрыя адносіны са "здраднікам" ?
Не, Антон нічога не паведамляў пра сябе і іншапланецянам забараніў штосьці распавядаць пра яго на Зямлі. Аднак сунянам ён быў больш не патрэбен. Ціхан – вось гэта чалавек, сапраўдны зямлянін! Памяць пра яго захавае не толькі Зямля, але і Суна. Яго ўжо даўно ўнеслі ў каталог самых знакамітых людзей Сусвету.
Антон яшчэ жывы. Але пра тое, што карыснага ён зрабіў для Суны, ніхто не ведае. Магчыма, ён знайшоў сабе ўтульнае гняздзечка дзесьці ў райскім кутку Суны і жыве ў цішы і красе гэтай цудоўнай планеты, атрымліваючы асалоду ад усёй яе раскошы.
Але кожнаму сваё. І ніхто не будзе асуджаць яго за гэты ўчынак. Напэўна, Антону не хапіла мужнасці, сілы духу і адвагі, каб пражыць такое жыццё, якое пражыў яго брат Ціхан.
Гэты аповед на рускай мове
22.08.18