Кім ты хочаш стаць? (расказ пра вайну для школьнікаў) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Кім ты хочаш стаць? (расказ пра вайну для школьнікаў)
Кім ты хочаш стаць? (расказ пра вайну для школьнікаў)
Пагодлівай летняй раніцай у невялікім утульным скверыку цэнтральнага мікрараёна горада Мінска прагульваўся сівавалосы стары. Ён не спяшаючыся ішоў па асветленай сонцам алеі, пастукваючы палкай. Ні шуму машын, ні чалавечых галасоў у гэты ранішні час у скверы не было чуваць, і толькі няўрымслівыя галкі і вароны, якія жылі пад дахамі старых пасляваенных двухпавярховых хат, пра нешта перагаворваліся, прысаджваючыся на верхнія галіны высокіх клёнаў, ясеняў, таполяў. Стары абышоў круг па скверы, падышоў і сеў на лаўку каля дзіцячай пясочніцы. Рэдкія прахожыя прабягалі праз сквер, спяшаючыся па сваіх справах, мабыць таму, што гэта быў будны, а не нядзельны дзень. Стары паставіў збоку ад сябе палку, пазіраючы на прыгожы будынак дзіцячага садка, пабудаванага гадоў дзесяць назад на вуліцы Чэхава на месцы знесеных даваенных драўляных хат.      Неўзабаве двор дзіцячага садка запоўніўся дзятвой. Іх вывелі на шпацыр выхавальніцы. Глыбока задумаўшыся пра штосьці сваё, стары не звяртаў увагі ні на гуляючых за агароджай дзіцячага садзіка дзетак, ні на птушак, якія круціліся ля яго ног. Дзеці ж паводзілі сябе, як тыя няўрымслівыя птушкі. Яны крычалі і смяяліся, бегалі па дзіцячай пляцоўцы, прыдумляючы новыя забавы.
     Старога звалі Віктарам Сямёнавічам. Ён нарадзіўся перад самай вайной. Яму было ўжо за восемдзесят гадоў. Але ён добра памятаў сваё ваеннае дзяцінства, пасляваенную юнацкасць. У памяці захаваліся яркія падзеі яго жыцця, якімі ён заслужана ганарыўся. Адстаўны вайсковец, лётчык-выпрабавальнік, усё сваё працоўнае жыццё праслужыў у авіяцыі. Цяпер ён жыў у старым цагляным доме побач з гэтым скверам на вуліцы імя Гастэла разам з дачкой і жонкай.
     У такую летнюю раніцу стары прыйшоў сюды нездарма. Яго родны сквер, гэтак жа як і прымыкаючая да яго вуліца, насіў імя легендарнага лётчыка, Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэла. Подзвіг гэтага маладога чалавека ўвекавечылі не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах. У тыя жудасныя кровапралітныя першыя дні вайны пры абароне беларускай зямлі загінуў вялікі атрад маладых самаадданых людзей, ваенных лётчыкаў, якія прынялі на сябе першы мацнейшы ўдар варожага войска. І хоць толькі імёны некаторых з іх увайшлі ў гісторыю, памяць пра подзвіг усіх герояў вайны павінна захоўвацца ў сэрцах нашчадкаў. У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўлетку 1941 года недалёка ад Мінска загінулі экіпажы савецкіх лётчыкаў, якія здзейснілі агнявы таран на вялікую колькасць варожай тэхнікі. А сёння быў менавіта той дзень, 21 чэрвеня, дзень памяці легендарных герояў вайны.
     Стары лётчык успамінаў свае маладыя гады. Яшчэ калі ён вучыўся ў школе, то ў малодшых класах даведаўся пра гераічны подзвіг Мікалая Гастэла. Усе хлопчыкі ў яго школе з захапленнем казалі пра гэта і марылі стаць лётчыкамі. Скончыўшы школу, юнак прыклаў усе свае намаганні, каб паступіць і скончыць ваеннае лётнае вучылішча, а затым спецыяльную вайсковую ВНУ. Для гэтага яму запатрабавалася не толькі ўпартасць у вучобе, але і добрая фізічная падрыхтоўка, бо "слабакоў" у гэтую прафесію не бяруць.
     Першыя пасляваенныя гады былі цяжкімі для ўсёй савецкай краіны. Разруха, галодны час, неўладкаваны побыт. Але людзі не смуткавалі, наадварот, натхнёна і з вялікім жаданнем імкнуліся вучыцца, працаваць, займацца цікавымі справамі. А як ганарыліся, калі дасягалі поспехаў у вучобе, працы, творчасці. Ды і адпачываць таксама ўмелі. Колькі добрых кніг прачытана, песень праспявана, кінастужак, спектакляў прагледжана!
     Пра ўсё гэтае думаў стары лётчык, седзячы на лаўцы ў знаёмым скверыку. Ды і цяпер, хоць вочы ўжо не тыя, Віктар Сямёнавіч імкнуўся не адставаць ад маладых – чытаў, слухаў радыё, нават навучыўся працаваць за камп’ютэрам.
     "А ці ведаюць дзеці, хто такі Гастэла? Чалавек, чыім імем названы вуліца і сквер, дзе размешчаны іх дзіцячы садок? – разважаў стары. – Напэўна, не ведаюць. Можа быць, хтосьці з іх і ведае, але гэта адзінкі. Ім трэба распавядаць пра герояў вайны".
     З такімі думкамі лётчык устаў з лаўкі і ўжо хацеў накіравацца да свайго дома, але тут яго позірк спыніўся на бялявай галаве, якая гуляла з футбольным мячом за сеткай спартыўнай пляцоўкі. Хлопчык гадоў дзесяці відавочна кагосьці чакаў. Яго сябры не спяшаліся, таму ён нядбайна падкідаў мяч і выпадкова перакінуў яго праз сетку. Мяч пакаціўся і трапіў пад ногі да старога.
     – Калі ласка, дзядуля, падкіньце мне мяч пад сетку, – папрасіў хлопчык.
     "Яму лянота збягаць за мячом", – вырашыў стары, але, усё ж, падпіхнуў мяч палкай да сеткі.
     – Як цябе завуць? – спытаў ён хлопчыка.
     – Саша.
     – Ты тут жывеш?
     – Так, у гэтым доме, – хлопчык паказаў на двухпавярховы дом, які стаяў побач са скверам.
     – Так гэта ж інтэрнат ад завода?
     – Так, але мы хутка атрымаем кватэру.
     – Гэта добра.
     – Колькі ж табе гадоў?
     – Адзінаццаць. Я перайшоў у пяты клас.
     Малайчына. Выдатнік?
     – Не, але адзнакі ў мяне добрыя.
     – Кім ты думаеш стаць, калі вырасцеш?
     – Вайскоўцам.
     –Так? Афіцэрам?
     – Лётчыкам.
     Пачуўшы такія словы ад хлопчыка, стары тут жа перахацеў ісці дадому. Нібы новы струмень бадзёрай энергіі ўліўся ў яго цела, і яму захацелася гаварыць, каб бліжэй пазнаёміцца з гэтым маладым чалавекам.
     – Я таксама лётчык, – сказаў ён. – Толькі ўжо не лётаю. Адстаўнік.
     – Так? – здзівіўся хлопчык. – Вы ваенны лётчык? Лёталі на знішчальніках?
     – Лётаў.
     – Ого!
     – І ты будзеш лётаць, калі захочаш.
     – Абавязкова!
     – Вось і добра. Імкніся да сваёй мары, толькі не бойся нічога.
     – Я ведаю. Мне трэба быць лётчыкам, такім, якім быў мой прадзед. Ён распавядаў мне пра вайну, пра ваенных лётчыкаў.
     – І ты ж жывеш на знакамітай вуліцы, гуляеш на спартыўнай пляцоўцы ў скверы імя…, – стары не паспеў дагаварыць.
     Саша яго апярэдзіў:
     – Імя Гастэла! – усклікнуў ён. – Я ўсё ведаю, дзядуля.
     – Малайчына. Тады добра. Я яшчэ прыйду сюды. Ты часта выходзіш гуляць на гэтую спартыўную пляцоўку?
     – Выходжу, зараз прыйдуць мае сябры, – усміхнуўся хлопчык.
     А стары лётчык, натхнёны і нават усхваляваны ад такой нечакана прыемнай сустрэчы з маладым чалавекам, бадзёра пакрочыў па алеі сквера, радасна ўдыхаючы напоенае цеплынёй і шчасцем гэтай раніцы паветра сваёй мірнай краіны – Беларусі.
     
      Гэты аповед на рускай мове
14.08.18