Сібірскія маразы 2018 года (казка-быль)
Дзесьці вельмі далёка на Поўначы Зямлі, у сібірскай тайзе, жыве сібірскі Дзед Мароз. Вядома, што Снежная Каралева, вярхоўная арганізатарка зімовых халадоў на Поўначы Зямлі, умела размяркоўвае абавязкі паміж усімі сваімі падначаленымі Дзядамі Маразамі.
Сібірскі Дзед Мароз марозіць расійскую Сібір – велізарныя абшары паўночнай Азіі ад Ціхага акіяна да Ўральскіх гор. У гэтай частцы Зямлі растуць вялікія тайговыя лясы, у іх водзіцца шмат розных звяроў і птушак. У Сібіры пабудаваны шматлікія гарады і мястэчкі, дзе жывуць сібіракі. Сібірскі Мароз ужо не малады, але імкнецца якасна выконваць даручаную яму справу. Як і ўсім старым, яму зусім не хочацца сыходзіць на адпачынак, каб цэлымі днямі праседжваць без справы ў сваім сібірскім маёнтку.Напрыканцы года, ледзь дачакаўшыся пачатку Зімы, Дзед Мароз тут жа ўзяўся за работу – скаваў лёдам сібірскія рэкі і азёры, ахутаў ледзяным холадам тайгу, у гарады напусціў сцюдзёныя завеі і лютыя маразы.
Сібіракі не чакалі такога хуткага пачатку Зімы. Людзі паднімалі каўняры паліто, нацягвалі на твар шапкі і незадаволена шапталіся:
– Што за Зіма такая выдалася ў гэтым годзе! Не паспела яна пачацца, а ў нас мароз аж пад трыццаць градусаў, ды яшчэ з ледзяным ветрам і снегам!
– Малайчына! – пахваліла сібірскага Дзядулю Снежная Каралева. – Хай людзі апранаюцца цяплей. Нябось, футры і цёплыя шапкі ў іх далёка ў шафах схаваны. Але дзетак не трэба марозіць. Спадзяюся, бацькі купілі кажушкі і футравыя боцікі сваім малышам.
Чулі сібіракі такія настаўленні Снежнай Каралевы ці не, не вядома. Вось толькі сваю зімовую адзежу яны тут жа дасталі з шафаў, а дзяцей у люты мароз у двор гуляць перасталі пускаць.
– Мама! Мы хочам пакатацца з ледзяной горкі! – хныхалі малышы.
– Вы ж захварэеце! Паглядзіце на тэрмометр! Мароз аж дваццаць пяць градусаў.
Аднак маленькім сібіракам не прывыкаць да такога надвор'я. Цёплая адзежа – унты і валёнкі, футравыя паліто і футры ратуюць дзяцей ад ледзянога сібірскага марозу.
Але, што гэта за мароз у дваццаць пяць градусаў? Для Сібіры – не так ужо і шмат. А зіма ідзе. Снежань месяц канчаецца, хутка Новы год надыдзе.
Сядзела неяк Снежная Каралева ў сваім ледзяным палацы на троне з зіхатлівага крыштальнага лёду і надумала вось што: "Папрашу я сібірскага Дзеда Мароза прыбавіць холаду. Раз ён замарозіў сібірскую зямлю да трыццаці градусаў, можа і да сарака пяці замарозіць".
Але, атрымаўшы такі ўказ ад сваёй уладаркі, Дзядуля сібірскі Мароз трохі засумаваў. Разумеў ён, што не выканае гэту задачу, сіл у яго ўжо малавата. Прыйшлося яму прасіць у Снежнай Каралевы дапамогу. Паслаў Дзядуля ў яе ледзяное каралеўства адказ: "Маўляў, не зладзіцца мне аднаму. Прыйшлі мне, галубка, Снежная Каралева, памочніка, ды маладзейшага".
– Ах, гэты сібірскі стары! Дзе ж мне яму памочніка ўзяць?" – раззлавалася спачатку Снежная Каралева.
Але калі яна выйшла са свайго змрочнага халоднага палаца на ганак і ўбачыла прамяністы небасхіл, адразу павесялела і неўзабаве сцяміла, што трэба зрабіць.
– Мабыць, пашлю я на дапамогу сібірскаму Дзеду Марозу аднаго са сваіх маладых слугаў, – вырашыла ўладарка і склікала ўсіх сваіх памочнікаў.
Калі пазбіраліся ледзяныя снегавікі, Снежная Каралева выбрала з іх самага жвавага і вясёлага Снегавічка, ператварыла яго ў маладога Мароза і загадала добра служыць сваёй Каралеве разам з сібірскім Дзедам Марозам. Узрадаваўся ледзяны Снегавічок такому нечаканаму павароту свайго жыцця і памчаўся на хуткасных санках з валадарстваў Снежнай Каралевы на Крайняй Поўначы ў паўднёвы бок Зямлі – Сібір.
Сібірскі Дзед Мароз тэрмінова навучыў маладога памочніка свайму рамяству. Добра, што ў Дзядулі ў каморы стаяў запасны чароўны кій. Аддаў ён гэты кій маладому Марозу і сказаў настуыпныя словы:
– Марозь зямлю, але паступова, і ведай меру, бо ў Сібіры людзі і звяры жывуць. Яны могуць не вытрымаць вельмі моцны мароз.
– Добра, – паабяцаў малады Мароз.
Але, як вы паспелі здагадацца, ён зусім не збіраўся гэта рабіць. Яму не хацелася сядзець склаўшы рукі, калі можна так пазабаўляцца!
Малады і жвавы ён схапіў Дзядуляў кій і памчаўся на сваіх хуткасных санках падарожнічаць па Сібіры. І стукаў, і стукаў ён чароўным кіем, пакуль не апусціў тэмпературу ў Сібіры да – 40, а то і – 45 градусаў.
– Ах, як холадна! – енчылі жанчыны і дзеці, бабулі і дзядулі. А мужчыны хмурыліся і шчыльней нацягвалі на твар шалікі і шапкі.
– Што гэта такое робіцца ў Сібіры! – казала маскоўскае радыё.
А па тэлебачанні паказвалі засыпаныя снегам сібірскія гарады і людзей, якія ўцякаюць у цёплыя хаты ад калючай завірухі, што адмарожвае насы і вушы.
Ды і масквічам ужо заставалася не доўга чакаць, калі на іх абурыцца гэтая суровая сібірская зіма. А ўсё таму, што маладому Марозу надакучыла марозіць адну толькі Сібір. І ён напрасіўся ў Снежнай Каралевы ў "камандзіроўку" за Ўральскія горы, ва ўсходнюю Еўропу – бліжэй да Волгі і Масквы.
Што тут пачалося! Вялікі мароз і снежныя буры абрушыліся на заходнія раёны Расіі.
У аэрапортах замярзалі самалёты, яны не маглі падняцца ў паветра з-за завей і снежных заносаў узлётнай паласы. Аўтамабілі гразлі ў снезе на дарогах, а людзі – у гурбах на вуліцах гарадоў і мястэчкаў. Добра, што футры, цёплыя шапкі і зімовыя боты ў запаслівых расейцаў таксама былі. І сваіх дзетак яны стараліся цёпла апранаць.
А што ж далей? Ці супакоіўся на гэтым малады Мароз? Зусім не.
Зараз яму захацелася яшчэ далей чыніць свае лютыя справы, хоць Зіма сыходзіла, ёй трэба было саступаць месца Вясне.
– Можна мне і заходнюю Еўропу трохі падмарозіць? Кажуць, што там на берагах Атлантычнага акіяна, Міжземнага і Чорнага мораў узімку людзі ходзяць у лёгкіх куртках. І што яны будуць рабіць, калі я вазьму і падмарожу вуліцы ды снег ім накідаю? Добра?
– Добра. Толькі не доўга там затрымлівайся ды і не марозь вельмі моцна, – дазволіла Снежная Каралева. – Вясна набліжаецца, хутка Сакавік.
Жартаўнік і свавольнік, малады Мароз спешна памчаўся на Захад. Неўзабаве і зусім недарэчы ўсе еўрапейскія краіны, якія чакалі, што з дня на дзень пачнецца цёплае вясновае надвор'е, ахінуў мароз і засыпаў снег. У гэтых еўрапейскіх краінах мала ў каго ў шафах знайшліся цёплыя зімовыя шапкі і курткі.
Маладыя людзі, ледзь прыапрануўшыся, у захапленні выбягалі на вуліцы, каб пагуляць у снежкі або сляпіць снегавіка. Белы снег яны бачылі першы раз у жыцці!
– У нас снега не было пяцьдзесят гадоў! – казала паўднёва-еўрапейскае радыё. – Што гэта такое робіцца сёлета? Сёння ж першае сакавіка, пачатак Вясны!
Так, так! Дзяўчына Вясна ўжо ступіла на Поўнач нашай Зямлі. Яна стаяла і назірала за маладым Марозам, які раздурэўся, дакорліва пагражала яму пальчыкам і паказвала на гадзіны. Маўляў, твой час выйшаў, ляці дадому.
Прыйшлося гарэзе тэрмінова ляцець назад, у сібірскую тайгу. Там ён паступова супакоіцца ад такога бурнага запалу. Разам з сібірскім Дзедам Марозам яны адправяцца адпачываць у маёнтак Дзядулі Мароза да пачатку наступнай зімы. А якая яна будзе, такой жа лютай і марознай ці не, пакажа час.
p.s. З пачатку сакавіка 2018 года ў заснежанай Беларусі паступова пачаў раставаць снег. Вялікія лужыны адталай вады паўкрывалі тратуары ў гарадах і мястэчках. Вось такі невясёлы і зусім не сонечны пачатак вясны – снег з дажджом.
Гэтая казка-быль на рускай мове
10.08.18