
Вандраванне ў Атлантыку Лятучага Мышаняці
У адным вялікім і шумным горадзе павольна цякла рака. Па ёй часам плавалі караблі. Куды ці адкуль яны плывуць, рака ўжо даўно не цікавілася. Ёй надакучыў гэты занятак. За шмат гадоў свайго жыцця старая рака вельмі стамілася ад бясконцых гутарак цікаўных турыстаў на яе берагах і мастах. Вядома, рацэ падабалася, калі яе часам хвалілі за прыгажосць. Аднак усе казалі адно і тое ж, а выслухваць пахвалы па сто разоў за дзень ёй надакучыла.
Дарэчы, раку звалі Сенай. І цякла яна не дзе-небудзь, а праз цэнтр найпрыгожага горада Еўропы – Парыжа. Усе ведаюць пра Эйфелеву вежу, а пра Мост Згоды праз раку Сену хто ведае? Вы ведаеце? Мабыць, не ведаеце. А гэта адзін з самых ажыўленых мастоў Парыжа. З раніцы да позняга вечара па ім едуць машыны, ідуць людзі. Толькі ўначы Мосту Згоды становіцца трохі лягчэй, і ён можа трохі адпачыць.Вы думаеце – масты не жывыя? Яшчэ якія жывыя! Яны ўсё чуюць і разумеюць. А Мост Згоды такі добры, такі спагадлівы, такі станоўчы! Гэта ведаюць усе: і рака, і яе берагі, і нават маленькае Лятучае Мышаня, якое жыве пад Мостам Згоды ў яго расколіне. Лятучае Мышаня сябруе з ім і не злуецца, нават калі Мост Згоды не разумее, што Мышаня спрабуе яму растлумачыць. У такім выпадкуЛятучае Мышаня проста кажа:
– Нічога, ты зразумееш гэта ў іншы раз.
Як жа можна крыўдаваць на свайго сябра, калі ён на столькі гадоў старэйшы за цябе! Мосту Згоды ўжо больш за двесце гадоў. Не, ніколі Лятучае Мышаня не стане на свайго сябра крычаць. Рака Сена таксама паважае Мост Згоды. Часам яна ціхенька штосьці кажа яму, але часцей проста разважае сама з сабою, зрэдку плёскаючы хваляю.
Мост Згоды вельмі разумны, ён сапраўдны герой! Калі Лятучае Мышаня, седзячы ў сваёй расколіне, глядзіць на караблі, якія праплываюць міма, і кажа, што даўно марыць адправіцца ў вандраванне куды-небудзь далёка-далёка, каб паглядзець на іншую зямлю, Мост Згоды важна адказвае:
– Радзіма даражэй за ўсё. Яе немагчыма прамяняць ні на якую іншую зямлю!
Вядома, Лятучае Мышаня разумее, што для яго няма нічога даражэй за гэту раку, Моста Згоды і чаек, якія залятаюць на Мост Згоды, каб проста пасядзець на яго поручнях.
– А я і не збіраюся кідаць сваю Радзіму, – разважае Лятучае Мышаня. – Проста паплаваю разам з Караблём па акіяне, пагляжу на акіянскія хвалі і берагі і вярнуся назад.
Дзень і ноч маленькае Лятучае Мышаня марыць пра вандраванне. А ўсё пасля таго, як адзін Карабель, які прыплыў з Атлантыкі, пачаў выхваляцца пра тое, якая там прыгажосць, і як там цікава. Да таго ж, Карабель паабяцаў Лятучаму Мышаняці ўзяць яго з сабой у наступнае вандраванне.
– Я паплыву з Караблём у Атлантыку, але абавязкова вярнуся і распавяду табе пра ўсё, – аднойчы сказала Лятучае Мышаня свайму сябру. – Ты не крыўдуй. Мне б вельмі хацелася, каб і ты паплыў у вандраванне разам з намі, але ты ж…. – тут Лятучае Мышаня запнулася і вінавата паглядзела на Мост Згоды.
– Не, я не магу паплыць у вандраванне, – заважнічаў Мост Згоды ў адказ. – Ведаеш, колькі ў мяне клопату! Што будзе, калі я паплыву? Хто будзе перапраўляць гэтых людзей, усе гэтыя машыны з аднаго берага на другі? Не, я не магу ўсё гэта так пакінуць. Мой абавязак быць тут!
– Я разумею. Але ты не журыся, добра? – Лятучае Мышаня ласкава паглядзела на свайго сябра і пагладзіла яго па вялікай моцнай каменнай спіне.
Неўзабаве мара Лятучага Мышаняці здзейснілася. Карабель, які малыш чакаў і вартаваў, уначы падплыў да Моста Згоды, асвятліў яго сваім ліхтаром і паказаў Мышаняці яго месца на палубе. Узрадаваны малыш тут жа пераляцеў на Карабель.
– Я абавязкова вярнуся! Да сустрэчы! – пракрычала Лятучае Мышаня свайму сябру.
– Буду чакаць твайго вяртання. Шчаслівай дарогі! – ціха прамовіў у адказ Мост Згоды.
Ён не сумняваўся ў словах маленькага Мышаняці. "Хай павандруе, – разважыў стары. – Малады, жвавы, яму ўсё вельмі цікава".
А нашы вандроўнікі ўжо плылі па рацэ Сене. Яе хвалі толькі злёгку пагойдвалі палубу Карабля. Даволі хутка і без праблем Карабель праплыў пад усімі мастамі сваёй роднай ракі і, развітаўшыся з ёй, апынуўся ў праліве.
– Гэты праліў завецца Ла-Манш, – сказаў Карабель Лятучаму Мышаняці. – Паглядзі, якія тут хвалі і вецер! Гэты праліў суровы, і вада ў ім халаднейшая, чым у нашай Сене. Ты не баішся?
– Я? Ні кропелькі! – ганарліва адказаў малыш.
Ён казаў праўду. Чаго яму баяцца? Ён жа плыве на такім вялікім і дужым акіянскім Караблі!
– Калі трэба будзе, я змагу дапамагчы табе! – прапанавала Лятучае Мышаня Караблю. – Ведаеш, у мяне вельмі чуткі слых, і я змагу пачуць любы ціхі гук.
– Так, я пра гэта ведаю, – адказаў Карабель.
Ён ведаў, што ў Лятучага Мышаняці і сапраўды вельмі добры слых. У гэтым яму дапамагаюць вушы, бо яны падобныя на маленькія рэхалакатары.
– Я магу і не заўважыць, а ты сачы, каб мы не напароліся на якую-небудзь падводную скалу і не прабілі дно, – папрасіў Карабель свайго пасажыра.
Надышла ноч, але вандроўнікі не спалі. Яны плылі наперад і толькі наперад. Карабель асвятляў свой шлях вялікім і магутным ліхтаром, аднак з-за густой смугі яму ўсё роўна было дрэнна відаць, што робіцца наперадзе. І тады Лятучае Мышаня села на нос Карабля і натапырыла свае вушы-лакатары.
Раптам яно ўчула нечы голас! Гэты ўсхваляваны голас даносіўся з цемры, ён гудзеў і пра нешта папярэджваў.
– Не спяшайцеся! Наперадзе скала! – пачула Лятучае Мышаня і тут жа паведаміла аб гэтым Караблю. І толькі потым Лятучае Мышаня даведалася з дапамогай сваіх вялікіх вушэй, што наперадзе сапраўды ёсць нейкая перашкода!
Нечае папярэджанне выратавала Карабель, і ён паспяхова абмінуў падводную перашкоду. Лятучае Мышаня задумалася. Яно зразумела, што гэта сам Атлантычны акіян размаўляў з імі і паведаміў пра небяспеку.
Развіднела. Седзячы на носе Карабля, маленькі вандроўнік бачыў, наколькі велізарны і бязмежны Атлантычны акіян! Хвалі плёскаліся, шумелі, зіхацелі ў прамянях ранішняга сонца. Яны былі цудоўнага бірузовага колеру.
– Які ж ты прыгожы, акіян! Калі б ні гэта вандраванне, я б ніколі не ўбачыў цябе, – захоплена сказаў малыш.
Карабель плыў і плыў наперад, а хвалі біліся і біліся аб яго борт. Раптам з вады вынырнула нечая вялікая галава, потым гэты “цуд” паказаўся ўвесь цалкам, ён нават вільнуў вялікім хвастом!
– Хто гэта? Акула? – спытала Лятучае Мышаня ў Карабля. Яно і раней чула пра тое, што ў Акіяне жывуць вялікія акулы.
– Не, гэта не Акула, а Дэльфін, – адказаў Карабель.
– Куды вы накіроўваецеся? – спытаў цікаўны Дэльфін, падплыўшы да Карабля.
– Да Канарскіх астравоў, – адказаў Карабель. – Яны далёка адгэтуль?
– Не вельмі далёка. Хутка вы іх убачыце. Плывіце, у добры час! – адказаў Дэльфін і, махнуўшы на развітанне хвастом, знік у акіянскай вадзе.
Сапраўды, неўзабаве падарожнікі заўважылі наперадзе нейкую гару. Яна падымалася прама з вады. Падплыўшы бліжэй, яны ўбачылі, што гэта востраў, а ў яго сярэдзіне не гара, а патухлы вулкан. Пазней, са слоў жыхароў вострава падарожнікі даведаліся, што гэта адзін з Канарскіх астравоў, а вулкан на ім завецца Тэйдэ. Гавораць, што гэта самая высокая кропка Атлантычнага акіяна.
Калі глядзіш на зямлю гэтага вострава, можа здацца, што ты патрапіў на Месяц альбо на Марс, таму што вакол адны скалы і няма ніводнай травінкі. І наогул, усе Канарскія астравы вулканічнага паходжання, а па легендзе яны – гэта ўсё, што засталося ад знакамітай Атлантыды, якая затанула.
Некалькі дзён Карабель прабыў каля Канарскіх астравоў. Вандроўнікі даведаліся шмат цікавага пра дзіўныя астравы ў акіяне. На гэтых астравах расло шмат высокіх пальмаў, разнастайных кактусаў і вельмі незвычайных дрэў, падобных на цмокаў з казкі. На галінах дрэў жылі маленькія хвалістыя папугайчыкі. А яшчэ тут раслі мандарынавыя дрэвы, абсыпаныя смачнымі сакавітымі аранжавымі мандарынкамі.
Павандраваўшы вакол Атлантычнай казкі, Карабель адправіўся дадому. Маленькае Лятучае Мышаня ўжо знудзілася па свайму сябру Мосту Згоды і таму з нецярпеннем плыла назад. "Як ён там?" – думала Лятучае Мышаня.
А Караблю некалі было задумвацца. Ён павінен быў прыплысці дахаты цэлым непашкоджаным і прывезці свайго пасажыра. Маленькае Лятучае Мышаня вельмі стамілася, аднак не паказвала выгляду. Малыш ведаў, што Карабель стаміўся яшчэ больш.
Нарэшце, вандроўнікі даплылі да праліва Ла-Манш. А неўзабаве яны сустрэліся са сваёй роднай ракой Сенай.
– Як вы, шмат убачылі цікавага? – спытала рака.
– Мы пабывалі на Канарскіх астравах, і з намі размаўляў сам Атлантычны акіян! – цяпер ужо Лятучае Мышаня хвалілася рацэ.
Але калі Карабель падплыў да Моста Згоды, Мышаня падзякавала Караблю за цікавае вандраванне, потым павіталася з сябрам і адразу ж схавалася ў яго расколіне. Стомлены вандроўнік хутка заснуў.
А Мост Згоды не падганяў яго з аповедамі. Ён разумеў, што яго сябру спачатку трэба добра адпачыць пасля займальнага вандравання па Атлантычным акіяне.
Гэтая казка на рускай мове
29.07.18