Наш час (казка)
Па Зямлі ішоў Час. Ён глядзеў на Свет шырока расплюшчанымі добрымі вачыма, бойка ступаў сваімі тонкімі, як стрэлкі гадзінніка, ножкамі і ўсё цікаў і цікаў:
– Цік-так, цік-так, цік-так!Ніхто яго не бачыў і не заўважаў. Ён раствараўся ў паветры, але нястомна крочыў наперад і толькі наперад. Час ніколі не вяртаўся і нават не глядзеў назад. Яму было цікава толькі тое, што знаходзілася наперадзе. Напэўна, ён быў вельмі дапытлівым!
Іншы раз Час стамляўся ад бесперапыннай хуткай хадзьбы. І тады Анёлы падхоплівалі яго і неслі на сваіх беласнежных крылах. Маленькія Анёлы ведалі, што Часу нельга спыняцца, так загадаў яму самому Бог. Час ішоў па Зямлі, а ўсё праплывала міма яго – дрэвы, хаты, людзі, машыны. Дзень змяняўся ноччу, а ноч – днём.
На дарозе Час пакідаў свае яркія сляды. Нейкая частка гэтых слядоў знікала ў паветры, нібы дым, але некаторыя сляды, гукі і нават пахі захоўваліся вельмі надоўга. І тады любы чалавек, які звяртаў увагу на старыя сляды Часу, успамінаў, чуў і нават адчуваў штосьці вельмі знаёмае, але даўно мінулае. Гэта далёкае і даўняе ўсплывала ў яго памяці ў выглядзе нейкай выявы і нават настрою.
На шляху Часу часта сустракаліся дзеці і старыя. Ні адні, ні другія не бачылі Час наяве, але гэтак жа, як і ўсе іншыя жыхары Зямлі, яны адчувалі яго прысутнасць штосекундна. Бывала, што які-небудзь стары прасіў Час спыніцца, пачакаць, не спяшацца. А дзеці, насупраць, заўсёды прадганялі Час, нават стараліся абагнаць яго. І гэта тлумачылася вельмі проста – старыя не жадаюць яшчэ больш старэць і паміраць, дзеці ж імкнуцца як мага хутчэй вырасці, каб стаць дарослымі.
Вось так ішоў Час наперад і наперад па шырокім і бясконцым калідоры нашага Жыцця. Так ён і цяпер ідзе. Ідзе і ніколі не спыняецца гэты вечны, як наш Свет, Час.
"Цік-так, цік-так, цік-так", – ледзь чутны ў паветры ціхі, але вельмі выразны стук яго лёгкіх крокаў.
Гэтая казка на рускай мове
29.07.18