Саксафон - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Саксафон
Саксафон
Дзесьці на белым свеце яшчэ дагэтуль у старажытных таемных сховішчах схаваны зямныя скарбы. І гэта не толькі золата і каштоўнасці. Парой губляюцца на шматлікія гады вельмі патрэбныя і важныя для чалавецтва прадметы.      Выдатны музычны інструмент – Саксафон, калісьці створаны ўмелым майстрам, таксама быў згублены і забыты на доўгія гады. А адшукаў яго зусім выпадкова ў напаўразбураным замку адзін цікаўны чалавек, скрыпач, музыкант вялікага сімфанічнага аркестра. Разам з сям'ёй: жонкай, дачкой і сынам гэты чалавек падарожнічаў па свеце. На экскурсіі ў старадаўнім замку, праходзячы праз велізарную залу, тонкі музычны слых гэтага чалавека ўлавіў нечы ціхі голас, вельмі падобны на гучанне кларнета. Калі скрыпач падышоў бліжэй, ён зразумеў, што загадкавы голас утоены ў сцяне замка. Разам з экскурсаводам яны адшукалі ў сцяне сховішча, у якім доўгі час захоўваўся невядомы музычны інструмент. Хто і навошта паклаў яго туды, было не зразумела.
     Яркі бліскучы, падобны на выгнутую трубу старадаўні духавы інструмент, нарэшце, патрапіў у патрэбныя рукі. Але як на ім іграць, і ці зможа ён гучаць так, як гучаў раней, шмат гадоў назад? Ніхто гэтага не ведаў. Дый сам інструмент, змучаны доўгай няволяй, вельмі баяўся, што яго голас не будзе гучаць так, як калісьці гучаў. Але калі Саксафон вынеслі з цемры старога замка на белы свет, і ён убачыў незвычайна яркую чароўную прыгажосць прыроды, яго душа схамянулася, і ён заспяваў таксама, як і раней.
     – Дык, ты ж сапраўдны скарб! – зразумеў скрыпач. – Я пакажу цябе сваім сябрам музыкантам. Твой звонкі меладычны голас упрыгожыць гучанне нашага аркестра. Цябе палюбяць. Знойдзецца музыкант, хто абавязкова пасябруе з табой на ўсё жыццё.
     Так і выйшла. Саксафон спадабаўся ўсім. Малады музыкант сімфанічнага аркестра ўзяў інструмент у рукі, пагладзіў яго зіхатлівае выгнутае цела, дакрануўся да бліскучых клапанаў і зайграў. Саксафон заспяваў далікатна, ласкава, натхнёна!
     – Хто ж так доўга хаваў ад усіх нас гэты цуд! – усклікнулі музыканты аркестра.
     Але Саксафон прамаўчаў. Ён не хацеў успамінаць мінулае жыццё ў цемры і холадзе за сцяной старажытнага замка. У той тайнік яго калісьці схаваў нядбайны малады Прынц, які паленаваўся вывучаць нотную грамату і вучыцца іграць на музычным інструменце, таму і сказаў бацьку Каралю, што выпадкова ўтапіў Саксафон у глыбокім возеры.
     
     Малюнак Насці Балыш
     
      Гэтая казка на рускай мове
25.07.18