Водар Першага Кахання (аповед-казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Водар Першага Кахання (аповед-казка)
Водар Першага Кахання (аповед-казка)
Сярожа вучыўся ў 11б класе, у якім было з трыццаці вучняў дзесяць дзяўчынак. За ўсе гады вучобы ў школе яму ніколі яшчэ не падабалася ніводная дзяўчынка. Да жаночага полу ён быў абсалютна абыякавы. Юнак не разумеў, як могуць камусьці падабацца гэтыя пустышкі са счарнелымі, быццам пасля нядаўняй бойкі вачамі і з сінімі, як у ведзьмаў, ногцямі. Яны ўсе задаюцца, выкручваюцца перад настаўнікамі. А ў іх мазгах нічога разумнага няма, і быць не можа. Так ён заўсёды думаў, нават, калі глядзеў тэлевізійныя перадачы, у якіх увесь час мільгалі напаўраспраненыя худыя “кікімары”.      Але атрымалася так, што на два апошнія гады вучобы яму прыйшлося перайсці ў іншую школу, дзе быў мацнейшы клас. Сяргей марыў паступіць вучыцца ў ВНУ, а без добрых ведаў туды, як вядома, не паступіш. У новым класе хлопец звярнуў увагу на адну дзяўчыну. Яна была прыгожая, але фарбы на яе твары не было і, як ні дзіўна, ніякіх дурных крыўлянняў з яе боку Сяргей не назіраў. Дзяўчына старалася добра вучыцца і не зазіралася на хлопцаў. Часам Сяргей перакідваўся з Ленай парай звычайных школьных фраз. І, дзіўна, ён пачаў разумець – яна яму падабаецца! Сяргей назіраў за дзяўчынай, за яе позіркам, паваротам галавы, паходкай. Але яму сорамна было прызнацца нават сабе ў тым, што да Лены ён не абыякавы.
     Непркметна прыйшла вясна. Не за гарамі першае вясновае свята – Міжнародны жаночы дзень 8-га сакавіка. Хлопцы з Сярожынага класа вырашылі павіншаваць сваіх аднакласніц з іх святам, купіць ім ружы. Сабралі грошы. Каму даручыць куплю? І тут Сяргей вызваўся сам. Ён пагадзіўся купіць і прынесці на свята ў школу дзесяць руж.
     Раніцай сёмага сакавіка ён сабраўся ў школу раней звычайнага і пабег за кветкамі. Хлопец так хваляваўся, што нават не заўважыў, што на вуліцах яго роднага горада Мінска ўжо з раніцы было шмат людзей і большасць з іх мужчыны. А надвор'е, як на заказ, выдалася выдатнае – сонечнае, вясновае. На Нямізе каля універмага прадавалі самыя розныя вельмі прыгожыя жывыя кветкі. Позірк хлопца спыніўся на далікатных бледна-ружовых галоўках. Сяргей не мог ведаць і нават меркаваць, што адчувалі ў гэтыя хвіліны ружы, якія ён сабраўся купіць. Да таго ж, ён не здагадваўся, дзе кветкі выраслі і як сюды патрапілі.
     Аднак самі ружы добра памяталі, як іх зрэзалі і як везлі ў вялікіх скрынках на самалёце з паўднёвага горада. З гутарак людзей кветкі зразумелі, што іх аддадуць дзяўчатам і жанчынам у дзень жаночага свята. Усім вядома, што кветкі - знак кахання і шчасця, асабліва такія прыгожыя ружы! Таму яны павінны ў гэты дзень паспрабаваць падарыць жанчынам як мага больш прыемных хвілін!
     Сяргей узяў у рукі пахкі букет і паглядзеў на кветкі з любоўю і хваляваннем, быццам на каханую дзяўчыну. А ружы, апынуўшыся ў руках маладога чалавека, імгненна адчулі да яго вялікую сімпатыю! Яны нават зразумелі, пра што думае гэты прыгожы хлопец. Далікатныя бледна-ружовыя кветкі ўмомант паярчэлі, пасвяжэлі, іх водар стаў яшчэ больш цудоўным!
     Калі Сярожа ўвайшоў у клас, усе вучні ўжо пазбіраліся і рыхтаваліся да ўроку. Убачыўшы ў руках у аднакласніка вялікі букет жывых кветак, усе заўсміхаліся і прыціхлі. Пачалося віншаванне. Дзяўчаты сарамліва дзякавалі. Яны былі крануты ўвагай да сябе і адчулі прыліў пяшчоты да сваіх хлопцаў. Магчыма, гэта пачуццё ім падарылі кветкі?
     Кожная Ружанька, патрапіўшы ў руку да сваёй юнай выбранніцы, глядзела на яе пяшчотным позіркам і жадала кахання і шчасця. "Будзь шчаслівая, кахай і будзь каханай!" – у думках казалі дзяўчынам кветкі.
     Вось і Лена ўзяла ружу, паднесла да твару, удыхнула яе лёгкі водар і прамовіла:
     – Дзякуй Вам, хлопцы! Вы падарылі нам водар Вясны!
     І сапраўды, увесь клас напоўніў прыемны водар руж! А юнаку здалося, што ў яго душу ўвайшло штосьці незвычайна светлае і яркае, да краёў напоўніўшы яе п'янлівым пачуццём цеплыні, лёгкасці, радасці і шчасця. Напэўна, гэта было яго Першае Каханне!
     
      Гэты аповед-казка на рускай мове
24.07.18