Дубовы гай - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дубовы гай
Дубовы гай
У старадаўнія часы ў велізарных дрымучых лясах сяліліся злыя вядзьмаркі. Людзі баяліся іх, таму ў густы непралазны гушчар лесу не заходзілі.      
     Аднойчы адзін фатограф падчас сваёй працоўнай паездкі па выдатных месцах нашай роднай Беларусі патрапіў у прыгожы стары дубовы гай. Фатограф хадзіў па лясных сцяжынках і любаваўся стогадовымі дубамі. Усе яны, як на падбор, мелі велізарныя галінастыя зялёныя кроны, дужыя таўшчэзныя ствалы. Але самым цікавым было тое, што на кожным дрэве фатограф угледзеў па адным, а то і па два бусліныя гнязды.
     – Вось гэта дуброва! – захапіўся ён і з задавальненнем зрабіў цікавыя фотаздымкі.
     На зваротным шляху фатограф сустрэў грыбніка, які распавёў яму яшчэ больш цікавейшую не то легенду, не то казку, а, магчыма, сапраўдную гісторыю, якая гадоў сто назад здарылася ў той самай дуброве.
     Вось як гэта было. У тыя часы блукала па тутэйшых мясцінах злая вядзьмарка, шукала месца, дзе б ёй можна было пасяліцца. І спынілася яна ў маладой дуброве, паблізу ад паселішча. Пабудавала сабе хатку і зажыла. Стала варажыць і тым самым грошы зарабляць. Хадзілі да яе жыхары з найбліжэйшых мястэчак, хто жадаў паваражыць ці нагавор на каго напусціць. Гэтыя ліхія справы бачыў Бог і паслаў па вясне ў гай чараду маладых буслоў гнездавацца.
     Буслы – усе гэта ведаюць – прыносяць шчасце і адганяюць ліха.
     Маладыя птушкі звілі гнёзды на дрэвах і заняліся галоўнай справай – гадавілі сваіх маленькіх птушанят. І столькі ад прысутнасці буслоў у дубовы гай найшло добрай энергіі, што дубы, якія распачалі сохнуць ад злых чараў вядзьмаркі, ізноў ажылі і адужэлі. Іх паніклыя галіны пацягнуліся ўгару да неба і сонца, лісточкі насыцыліся свежым гаючым сокам.
     Ох, і не спадабалася ўсё гэта ведзьме! Не прывыкла яна жыць у асяроддзі добрых сіл прыроды. І стала чартоўка варажыць, злыя духі ў дубовы гай прывабліваць.
     З восені да вясны, пакуль буслы адпачывалі ў Выраі, вядзьмарка напускала на гай моцныя вятры, праліўныя дажджы, а затым – траскучыя маразы, спрабуючы зламаць сілу дубоў. Але дрэвы, нібы адважныя салдаты, напружвалі ўсе свае сілы, імкнучыся не зламацца і выжыць. Яны з нецярпеннем чакалі вясну. І яна прыходзіла. Белакрылыя птушкі напаўнялі гай. З кожным годам буслоў станавілася ўсё больш і больш, бо іх дзеці падрасталі, стваралі свае сем'і і нараджалі новае патомства.
     Шмат гадоў ваявала злая вядзьмарка з добрай сілай дубовага гаю, але так і не змагла яе перамагчы. Пастарэла чартоўка, ператварыўшыся ў злую Бабу Ягу. Такую мянушку далі ёй людзі, перастаўшы хадзіць да яе на варажбу. Зразумелі яны, што акрамя злосці і шкоды нічога ад вядзьмаркі не атрымаюць.
     Але тая не здалася. Не хацелася ёй паміраць. І збегла яна ад усіх у глухое непраходнае месца велізарнага лесу, пасялілася там і, пагаворваюць, што жыве дагэтуль. Таму людзі і баяцца заходзіць у такія цёмныя і страшныя гушчары ў лесе, каб не сустрэцца там з нячыстай сілай.
     А дубовы гай год ад году ўсё прыгажэў і прыгажэў. Пасталелыя дубы з радасцю прывячалі на сваіх велізарных зялёных галінах белых буслоў. З часам усе дрэвы ў гаі займелі белакрылых жыхароў. Кожны год увесну да родных мясцін ляціць вялікая чарада добрых птушак. Яны абнаўляюць старыя гнёзды і жывуць у іх да позняй восені.
     З таго часу людзі з найблізкіх вёсак без страху з вялікім задавальненнем прыходзяць у стары дубовы гай, каб палюбавацца на прыгажуноў - белых буслоў і адпачыць ад летняй спёкі ў цяньку раскошных зялёных дубоў.
     
     p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
     
      Гэтая казка на рускай мове
24.07.18