Казка музычнага лесу - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка музычнага лесу
Казка музычнага лесу
Аднойчы цудоўнай летняю парой ішоў Падарожнік праз лес, любаваўся стройнымі бярозамі і асінамі, велізарнымі ясенямі і дубамі, елкамі і хвоямі. Выйшаў ён на бераг ракі. Глядзіць – Сонейка ў небе ярка свеціць, хуткі Ручаёк з горкі да ракі бяжыць. Кроплі яго празрыстай вадзіцы іскрацца, быццам звонкімі бразготкамі па каменьчыках стукаюць і вясёлую песеньку спяваюць:      
     Дзінь, дон! Дзінь-дон!
     Жур-жыр! Жур-жыр!
     Насычым мы ўвесь мір
     Чыстаю вадою, смачнай ключавою!
     
     – Што за цудоўныя спевакі-малайцы! – захапіўся Падарожнік і далей пайшоў.
     А там новы цуд – лясная палянка ўся абсыпана яркімі кветкамі! Хлопчыкі, блакітнавокія Званочкі, весяляцца – пасярод палянкі танчаць, звіняць, разгойдваюцца з боку ў бок пад бадзёрую песеньку:
     
     Мы лясныя Званочкі
     У шаўковых сарочках
     Вельмі весела жывём,
     Сонцу песеньку пяём.
     
     Схіліўся Падарожнік да казачных кветак, усміхнуўся. Ужо вельмі яму спадабаліся іх вясёлыя азораныя сонцам тварыкі! Пайшоў Падарожнік далей, прыгаворваючы:
     – Ах, якія цудоўныя кветкі выраслі на лясной палянцы! Песенькі спяваюць Сонейку.
     І раптам аднекуль з велізарнай вышыні бязмежнага блакітнага неба прама перад ім апусціліся на Зямлю дзесяць найярчэйшых сонечных Прамянёў. Здавалася, што гэтыя гарэзы толькі што выскачылі з нябеснага "сонцаспада". Пераскокваючы з адной высокай травінкі на другую, яны зайгралі на іх, быццам на музычных струнах, вясёлую сонечную мелодыю.
     – Неверагоднае дзіва! – усклікнуў Падарожнік. – Ніколі не думаў, што сонечныя Прамяні могуць стаць такімі майстэрскімі музыкамі!
     Нацешыўшыся лясным канцэртам, Падарожнік пакрочыў далей. Увесь астатні шлях да сваёй хаты ён толькі і рабіў, што ўспамінаў цудоўны канцэрт казачнага лесу, сведкам якога выпадкова аказаўся. "Я таксама змагу змайстраваць струнны музычны інструмент. І ён будзе гучаць не горш за інструментаў казачнага лесу", – думаў ён. Вырашыў Падарожнік і неўзабаве змайстраваў такі інструмент. Толькі відаць, усё-такі гэтая справа была яму загадана самім Богам.
     
     Вось так і нарадзіўся на белы свет новы музычны інструмент з чароўным гучаннем. І назваў яго Майстар гуслямі. Гэта быў адзін з першых струнных інструментаў. Выраблены ён быў з парод дрэў, якія адрозніваліся найлепшымі рэзанатарнымі ўласцівасцямі. Верхняе дэка гусляў выточвалі з рэзананснай елкі, ніжняе – з клёна-явара. На яловае дэка нацягвалі металічныя струны, якія стваралі адмысловае яркае гучанне. Іх трэба было перабіраць пальцамі рук.
     У той час хадзілі гусляры па вёсках і гарадах. Яны клалі гуслі на калены ці падвешвалі ў сябе за шыю на рамяні, спявалі песні, весялілі народ пад гукі гусляў. Да таго ж, вясёлыя скамарохі распавядалі розныя небыліцы пра Майстра, які вырабіў першыя гуслі.
     Шмат гадоў прайшло з тых часоў. Нарадзіліся на белы свет новыя цудоўныя майстры, якія змаглі прыдумаць іншыя музычныя інструменты, падобныя на старадаўнія гуслі. Некаторыя з такіх інструментаў вядомыя нам усім. Гэта цымбалы і арфа. Прыгожыя звонкія і меладычныя галасы струнных інструментаў зачароўваюць сваім гучаннем. Слухаеш іх, і здаецца, што яны выйшлі з таго казачнага лесу, у якім аднойчы пабываў шчаслівы Падарожнік. Дзякуючы ўмелым музыкам, у гуках струн чутныя пералівістыя галасы горных ручайкоў, далікатныя мелодыі лясных званочкоў, звонкія галасы птушак.
     
     Я вам распавяла толькі адну казку з тысячы казак пра музычныя цуды, якія калісьці адбыліся і магчыма дагэтуль адбываюцца на белым свеце.
     
     Малюнак Насці Балыш
     
      Гэтая казка на рускай мове
11.07.18