Матылёк і Жарабя (чытае Ліка Пташук)
Цудоўным летнім ранкам на чыстае блакітнае неба ўзышло яскравае Сонейка. Яно асвяціла палі, лясы, балоты і пагоркі, потым зазірнула на знаёмую лясную палянку. А там ужо ўсе прачнуліся: кветачкі павярнулі да святла сімпатычныя вясёлыя тварыкі, засакаталі конікі, загудзелі пчолкі і жучкі.
– Якая сёння палянка вясёлая! – усміхнулася Сонейка і адправіла да яе свае маленькія тоненькія залацістыя праменьчыкі. Хай яны там паскачуць ды пагуляюць. На палянцы цяпер так добра!А тым часам бегла па лясной сцяжынцы Жарабя. Яно было яшчэ зусім маленькім і таму спяшалася да сваёй мамы. Убачыўшы такую надта развясёлую палянку, Жарабя не ўтрымалася, каб не пабегаць і не паскакаць па ёй.
Ляцеў па лесе малыш Матылёк. Ён таксама спяшаўся да сваёй мамы. Аднак, заўважыўшы яркія і пахкія кветачкі на лясной палянцы, ён не змог праляцець міма і сеў на самую вялікую і прыгожую кветку.
І тут Жарабя з Матыльком убачылі адно аднаго.
"Гэта што яшчэ за дзіва такое?" – падумалі яны абое.
Ніколі раней у сваім жыцці Жарабя не бачыла матылькоў. І яму вельмі спадабалася гэтае далікатнае стварэнне з тонкімі карункавымі перламутравымі крылцамі.
Але і Матылёк ніколі ў сваім жыцці не бачыў жарабят. А гэтае рыжае даўганогае Жарабя з пухнатай грыўкай і хвосцікам, з вялікімі карымі вачыма было такім прыгожым!
– Ты ўмееш лятаць? – спытала Жарабя.
– Так! І гэта самы лепшы мой занятак! – адказаў Матылёк.
– А я вельмі люблю бегаць і скакаць! – прызналася Жарабя.
– Тады давай пагуляем у даганялкі, – прапанаваў Матылёк. – Даганяй мяне! – Матылёк тут жа пырхнуў і паляцеў на іншы бок лясной палянкі, а Жарабя паскакала ўслед за ім.
Паглядзелі пчолкі, жучкі і конікі, як гуляюць Жарабя з Матыльком, і ім таксама захацелася пагуляць. Зашумела, загудзела, засакатала лясная палянка, а сонечныя праменьчыкі так (гойсалі) расскакаліся па ёй, што падскоквалі нават вышэй самых вялікіх дрэў.
Пачулі лясныя звяркі неверагодны шум, убачылі вельмі яркае святло, якое скача, і спалохаліся.
– Пажар! – закрычалі звяркі. – Пажар на лясной палянцы!
Усе насельнікі лесу кінуліся ратаваць лясную палянку.
А пакуль яны туды беглі, Сонейка, якое раней за ўсіх заўважыла непарадак на палянцы, хутка супакоіла сваіх малышоў.
– Ой! – раптам апамятаўся Матылёк. – Мне ж трэба ляцець дахаты. Мяне там чакае і, напэўна, дужа хвалюецца мама.
– І мне трэба бегчы дахаты, – падтрымала яго Жарабя. – А то і мая мама будзе хвалявацца.
– Тады да заўтра! – сказаў Матылёк.
– Да заўтра! – адказала Жарабя.
І яны адправіліся да сваіх матуль. А ўслед за імі і Сонейка паклікала маленькіх праменьчыкаў дахаты. Яны паляцелі ўслед за Сонейкам і неўзабаве схаваліся за гарызонтам.
Надышоў вечар. Палянка сціхла. Усе мошкі, жучкі, чарвячкі, пчолкі і конікі пайшлі адпачываць да раніцы.
Матылёк і Жарабя ўжо ляжалі ў сваіх ложачках і згадвалі, якім цудоўным быў гэты дзень! Яны былі задаволены, што пасябравалі. І няважна, што Матылёк і Жарабя на выгляд такія розныя. Важна тое, што ім цікава разам гуляць на вясёлай сонечнай лясной палянцы.
Гэтая казка на рускай мове
03.06.18