Сад успамінаў (аповед)
На лаўцы пад ценем старых дрэў сядзела бабуля з палачкай. Маладыя людзі праходзілі міма, але рэдка хто з іх спыняў свой позірк на ёй. Ніхто не заўважаў шчаслівага выраза яе вачэй. Гэтыя вочы, нібы дзве зорачкі, ззялі добрым святлом на маршчыністым твары бабулькі. Яна ўспамінала…
Так, ёй было што ўспомніць, бо яе маладыя гады праходзілі менавіта тут, на гэтым месцы. Бабуля аглядалася па баках, і перад ёй расквітаў выдатны сад яе ўспамінаў...Калісьці ля дарогі стаяла хата з вялікім садам у двары, у якой яна жыла са сваімі роднымі. Тут прайшло яе дзяцінства, юнацкасць. Колькі радасных і светлых хвілін нагадалі некранутыя дагэтуль маленькія кавалачкі з яе пражытага жыцця – дрэвы, вуліца з кварталам са старых хат!
А цяпер на лаўцы ля сваёй хаты, як калісьці раней, сядзела маладая дзяўчына. Яна глядзела на той сад свайго дзяцінства і юнацкасці, адчуваючы кожнай часцінкай памаладзелай душы водар яго кветак, музыку яго лістоты. І няхай ніхто з людзей, якія праходзілі міма, не разумеў таго, што рабілася з ёю, яна ж у гэтыя хвіліны была бязмерна шчаслівая!
Некалькі гадзін праляцела, быццам адно імгненне, а бабульцы зусім не хацелася пакідаць выдатны сад сваіх успамінаў. Цямнела. Але на лаўцы ля дарогі ўсё яшчэ віднеўся самотны сілуэт. А міма праходзілі, прабягалі маладыя людзі. Яны кудысьці спяшаліся і думалі пра сваё, пра тое, што цяпер адбываецца ў іх жыцці. І нікому не прыходзіла ў галаву ўспамінаць пра былое. І гэта не дзіўна, бо маладосці не ўласціва жыць успамінамі.
Я не магу пра вас забыцца.
Вы ўсе са мной, як нават сплю.
Вы мне скажыце, мне скажыце,
Чаму я гэтак вас люблю?
Бярозу тую многаплачку,
Што ля бацькоўскага двара,
І тую рэчачку Вушачку,
Якой далёка да Дняпра,
І тую сціплую мясцінку,
Дзе мы пілі кляновы сок,
І тую вузкую сцяжынку,
Што быццам жоўты паясок.
Я не магу пра вас забыцца,
Вы ўсе са мной, як нават сплю.
Вы мне скажыце, мне скажыце,
За што я гэтак вас люблю?
Песня (муз. І. Лучанок, сл. П.Броўка)
Гэты аповед на рускай мове
03.06.18