Браты Сланечнікі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Браты Сланечнікі
Браты Сланечнікі
Раслі на бабуліным гародзе тры браты Сланечнікі. Яны былі падобныя на велізарныя кветкі з жоўтымі пялёсткамі. У сярэдзінках гэтых кветак спелі сотні белых семачак. Сонечныя прамяні сагравалі семачкі, а жоўтыя пялёсткі Ветрык абдзімаў.      Неяк Сонца паказала Сланечнікі Аблокам:
     – Паглядзіце ўніз на Зямлю. Бачыце ў бабуліным гародзе вунь тых даўганогіх прыгажуноў? Праўда, на мяне падобныя?
     – Так, вельмі падобныя, – пагадзіліся Аблокі. – Іх пялёсткі якраз як твае залатыя прамяні, толькі маленькія.
     – Гэй, сябры Сланечнікі! – звярнулася Сонца да братоў. – Вы там не дурэйце, імкніцеся вырасціць смачнымі свае семачкі. Цяпер яны белыя і няспелыя. Усё лета я буду іх саграваць, да восені яны паспеюць і памяняюць белы колер на чорны. Такімі семкамі вельмі любяць ласавацца птушачкі і людзі. Але ўвосень вы аддасце ўвесь свой ураджай бабулі, бо гэта яна вас пасадзіла, палівае і праполвае.
     – Мы ўсё ведаем і імкнёмся добра расці, – адказаў старэйшы брат Сланечнік, усміхаючыся і жмурачыся ад яркага сонечнага святла.
     Ён заўсёды глядзеў угару на Сонца, таму добра рос і набіраўся сіл. Сярэдні брат цягнуўся за старэйшым братам, стараўся ні ў чым яму не саступаць. А малодшаму брату не падабалася задзіраць галоўку ўгару і жмурыцца ад сонечнага святла. Ён схіляў яе ўніз да зямлі, спрабуючы разгледзець у траве жучкоў, вусеняў і мурашак.
     – Калі ты не будзеш глядзець на Сонца, – вучыў яго старэйшы брат, – тваю галоўку не сагрэюць сонечныя прамяні, а таму семачкі не змогуць паспець, яны застануцца белымі і неядомымі.
     Але малодшы Сланечнік не жадаў слухаць парады старэйшага брата і ўпарта глядзеў уніз. Яго галоўка хілілася ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль аднойчы Сланечнік ужо не змог выпрастацца і паглядзець угару на Сонца.
     – Ах, які ты бесталковы! – пажурылі яго браты, але дапамагчы ні чым не змаглі.
     "Чаму я не паслухаў старэйшага брата, – знерваваўся малодшы брат, – зараз я назаўжды застануся сагнутым уніз. Мае семкі не даспеюць, іх выкінуць у смеццевае вядро!"
     Але, на шчасце, усё атрымалася інакш. Калі бабуля ўбачыла, што Сланечнік схіліў галоўку, яна падвязала яго да калка, які ўторкнула ў зямлю побач з ім. Галоўка няўдачлівага героя выпрасталася, і ён ізноў убачыў Сонца.
     "Ах, якое ж яно светлае цёплае і клапатлівае!" – зразумеў малодшы брат. З таго дня ён стаў цягнуцца ўгару ўслед за старэйшымі братамі і ўжо ніколі не схіляў галоўку ўніз.
     Да восені ўсе семачкі Сланечнікаў паспелі. А калі на бабулін гарод прыляцела чародка Сінічак, браты пачаставалі семкамі птушак. Вядома ж, птушкі не здзяўблі ўвесь ураджай, яны пакінулі большую яго частку бабулі.
     Гэта яна ранняй вясной пасадзіла ў зямлю самыя буйныя, самыя спелыя леташнія семачкі. Калі з іх прадзяўбліся тоненькія зялёныя сцяблінкі, бабуля стала даглядаць іх. Яна палівала і абкопвала маладыя Сланечнікі. Сцяблінкі хутка раслі, неўзабаве на іх кончыках з'явіліся кветкавыя галоўкі. У сярэдзінках кветак пачало спець насенне, якое людзі завуць проста семачкамі. Сланечнікі падрасталі, а семачкі спелі. Нарэшце ўся сярэдзіна вялікіх кветак ператварылася ў сямейства спелых чорных семак.
     Сабраўшы ўраджай, бабуля адабрала некалькі самых буйных семачак, якія яна вырашыла захаваць да вясны наступнага года, каб потым іх зноў пасадзіць у зямлю.
     Будзем спадзявацца, што на будучы год на бабуліным гародзе вырастуць новыя Сланечнікі, вельмі падобныя на Сонца, толькі вельмі маленькае.
     
     p.s. на фота аўтара казкі праца маладой мастачкі з Мінска
     "Роспіс па шклу АЛЕНКІ ЗЫ"
     
      Гэтая казка на рускай мове
16.05.18