Ружовы куст - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Ружовы куст
Ружовы куст
Калі тата Веранікі сказаў, што іх сям'я са шматпавярховага дома пераязджае жыць у асобную хату з садам і гародам, дзяўчынка спачатку зусім не ўзрадавалася. Яе малодшы брацік, трохгадовы Сёмка, нічога не зразумеў – яму было ўсё роўна. А Вераніцы не хацелася губляць сяброўства з Алісай і Вадзікам са старога двара.      Да радасці дзяўчынкі ўсё аказалася не так ужо і дрэнна. У двары іх новай хаты расло шмат фруктовых дрэў і кустоў. Вясной гэты сад апрануўся ў дзіўны пахкі і прыгожы беласнежны ўбор. Каля брамкі зацвіла чаромха. Які цудоўны водар разліваўся па двары з яе малюсенькіх белых кветачак! А потым зацвілі белыя, ружовыя і фіялетавыя кусты бэзу. Вераніка бегала па садзе, кранала кветачкі, вельмі падобныя на маленькія зорачкі, і спявала. Так, так! Ёй хацелася спяваць і ўвесь час захапляцца, бо ў яе быў выдатны настрой!
     Але калі адцвілі чаромха і кусты бэзу, а з фруктовых дрэў абсыпаліся ўсе кветкі, настала лета. І зараз трэба было чакаць новай вясны, каб убачыць чароўную прыгажосць фруктовага саду.
     – Давай пасадзім у нашым садзе кветкі, – аднойчы прапанавала маме Вераніка. – Улетку яны будуць доўга цвісці, як у нашай бабулі.
     – Дачушка, я б пасадзіла іх, але ў мяне зусім не хапае на гэта часу. Раніцай мне трэба ісці на працу, а па вечарах даглядаць наш гарод, гатаваць ежу, сціраць бялізну.
     "Тады я сама пасаджу кветкі", – вырашыла Вераніка.
     У кветкавай краме дзяўчынка ўбачыла кусцікі садовых кветак. Разам з мамай яны купілі іх, а потым дачка пасадзіла кветкі ў садзе поруч маладой яблынькі.
     Некалькі гадоў Вераніка старанна даглядала сваіх гадаванцаў – абкапвала, палівала і падкормлівала ўгнаеннямі. Аднойчы на пачатку лета яе кусцікі зацвілі! Дзяўчынка не магла нагледзецца на далікатныя кветкі белага, ружовага, чырвонага, жоўтага, пурпурнага колеру.
     – Як я радуюся, гледзячы на вас! – цешылася яна і гладзіла яркія пялёсткі кветак, якія распусціліся на кусціках півонь, вяргінь і лілей.
     Вось толькі яе Ружовы Куст чамусьці не зацвітаў. Вераніка разам з брацікам Сёмкам з нецярпеннем чакалі, калі гэта здарыцца.
     А кусты садовых кветак – яны ж усе жывыя, ды яшчэ якія задавакі! Кожны дзень кусты півонь не маглі нахваліцца кустам вяргінь сваімі буйнымі кветкамі.
     – Нашы кветкі лепш пахнуць і буйнейшыя, – спрачаліся яны.
     З гэтым нельга было не пагадзіцца. Белыя і ружовыя кветкі – півоні – мелі тонкі вельмі прыемны водар. Але затое іншыя кветкі – вяргіні – былі яркія: жоўтыя, чырвоныя, ды і на кустах яны не вялі даўжэй за півонь.
     Куст лілей стараўся не ўмешвацца ў спрэчку сваіх суседзяў. Яго пурпурныя прыгажуні лілеі былі зусім не падобныя ні на півонь, ні на вяргінь. Яркія бліскучыя лілеі заўсёды падабаліся людзям за сваю незвычайную форму і зачараванне.
     Часам у квітнеючы сад з лесу прылятала Сарока. Яна ўсаджвалася на галінку маладой яблынькі і ўслухоўвалася ў гутарку садовых кустоў.
     – Пра што спрэчка? – разважала разумная птушка. – Пачакайце, хутка зацвіце Ружовы Куст. І тады ўжо ніхто з вас з ім не параўнаецца.
     – Няўжо? – абурыліся кусты півонь. – Тады трэба зрабіць так, каб ён ніколі не зацвіў!
     Але кожны дзень у сад прыходзілі дзеці. Вераніка разам у брацікам Сёмкам палівала і абкапвала ўсе кусты. Дзяўчынка падыходзіла да Ружовага Куста, кранала яго лісточкі і прасіла:
     – Хутчэй расцвітай! Я так хачу ўбачыць тваю першую кветку!
     Вядома ж, Ружовы Куст чуў словы Веранікі, але яму было непрыемна ад таго, што кусты, якія раслі побач з ім, так неўзлюбілі яго. "Я не буду цвісці, – вырашыў Ружовы Куст. – Навошта мне непрыемнасці. Хай я буду проста звычайным кусцікам, абсыпаным зялёнымі лісточкамі. Тады ніхто не стане зайздросціць мне, а значыць, не будзе ненавідзець".
     Прайшло некалькі гадоў. Вераніка падрасла. Яна вучылася ў чацвёртым класе, а яе брацік Сёмка – у першым. Дзеці таксама, як і раней, з любоўю даглядалі свае садовыя кусты.
     Мама хваліла іх, паўтараючы:
     – Дзякуючы вам, мае дарагія, я кожнае лета магу любавацца выдатнымі кветкамі: пурпурнымі лілеямі, ружовымі і белымі півонямі, жоўтымі і чырвонымі вяргінямі. Але чаму не зацвітае Ружовы Куст? – дзівілася яна. – Яму ўжо надышоў час расцвісці.
     – Не ведаю, матуля! – уздыхала дачка. – Мы з Сёмкам вельмі добра даглядаем яго. Ты ж бачыш, якія буйныя ў яго лісточкі, ды і кусцік добра расце ў вышыню.
     Як заўсёды раптам здарылася непрыемнасць. Вераніка захварэла ды ў які час – на пачатку лета, калі зацвілі ўсе яе кусты, акрамя ружовага. Дзяўчынка ляжала ў ложку і не магла нават выйсці ў сад, каб палюбавацца на прыгажосць кветак.
     Кожны дзень яна пыталася ў браціка:
     – Ружовы Куст зацвёў?
     Аднак атрымаўшы адмоўны адказ, Вераніка цяжка ўздыхала.
     Прыляцела Сарока, пачула гутарку дзяцей і распавяла кустам аб усім:
     – Зайздроснікі! Зараз ніхто не скажа вам, якія вы прыгожыя. Ваша гаспадыня моцна хварэе. Яна нават можа памерці!
     – Небарака! – пашкадаваў дзяўчынку куст лілей.
     "Як гэта дрэнна для нас!" – падумалі кусты півонь.
     – Трэба прыспешыць Ружовы Куст. Калі ён зацвіце, Вераніка акрыяе, – вырашыў добры куст жоўтай вяргіні.
     А калі на яго яркую, нібы маленькае сонейка, кветку села Пчолка, ён папрасіў яе ўгаварыць Ружовы Куст выпусціць з набрынялай пупышкі сваю першую кветку Чайнай Ружы.
     – Калі ласка, расцвітай! Ад цябе залежыць здароўе Веранікі! – прамовіла Пчолка.
     І адбыўся цуд! Раніцай на Ружовым Кусце з'явілася далікатная пахкая чароўная кветка Чайнай Ружы!
     – Ах, якая яна прыгожая! – у адзін голас сказалі кусты півонь, лілей, вяргінь і яблынька.
     Прыляцела Сарока, палюбавалася кветкай і затрашчала на ўвесь сад:
     – Не смець зайздросціць Чайной Р-р-ружы! Не смець!
     Потым яна падляцела да хаты і затрашчала ў расчыненую фортачку:
     – Чайная Р-р-ружа цвіце! Р-р-ружа цвіце!
     Гэтую трашчотку пачулі дзеці і, хоць Сёмка нічога не зразумеў з паведамлення птушкі, хлопчык тут жа пабег у сад. Там ён убачыў далікатную ружовую кветку і паспяшаўся распавесці пра гэта сястры.
     – Ура! Твая кветка расцвіла! – з парога крыкнуў ён.
     – Праўда? – узрадавалася дзяўчынка. – Я так хачу на яе паглядзець, але толькі Сенька, глядзі, не зразай яе! Я паздаравею вельмі хутка. Тады сама пайду да яе.
     Усё так і адбылося. Праз некалькі дзён Вераніка паднялася з пасцелі і пайшла ў сад, каб палюбавацца на доўгачаканую кветку Чайнай Ружы. Яна пацалавала яе ў далікатную пухнатую галоўку і сказала:
     – Я ведала, што ты абавязкова распусцішся! Дзякуй, ты вылечыла мяне!
     
     З тых часоў кусты ў садзе больш ніколі не зайздросцілі адзін аднаму. Яны зразумелі, што дзяўчынка любіць і клапоціцца аб іх. А ім трэба быць удзячнымі ёй за гэта і радаваць дзяцей і іх бацькоў сваёй прыгажосцю.
     
      Гэты аповед-казка на рускай мове
2.05.18