Лясны Коцік (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Лясны Коцік (чытае Ліка Пташук)
Лясны Коцік (чытае Ліка Пташук)
Пасяліўся ў адным цудоўным лесе хатні Коцік. Вось як гэта было.      Неяк ішоў Коцік па лясной сцяжынцы і вясёлую песеньку напяваў. Маўляў, я – прыгожы, рыжанькі, мая шэрстка зіхаціць залатымі праменьчыкамі, вочкі ў мяне блакітныя, як вясновае неба, вусы доўгія, хвосцік пухнаты, лапкі мяккія, зубкі вострыя. Вось толькі мая гаспадыня, Аліса, разлюбіла мяне і прамяняла на маленькага шчанюка Цяпу. І няхай яго любіць. А я буду жыць у лесе!
     – Дзе ты будзеш жыць, дзе? – затрашчала з галінкі Сарока. – Няма ў цябе тут хаты, няма!
     – Няма, дык няма! – не здаваўся Коцік. – Мне і пад кусцікам спаць будзе добра. Я непераборлівы.
     Ішоў Коцік па лесе, ганарліва падняўшы свой рыжы хвосцік, пакуль не ўбачыў наперадзе цудоўную хатку з блакітным дахам, ружовым акенцам і кветкамі ў двары. Але ў хатцы той стаяў такі піск, такі крык, што Коцік вырашыў спыніцца. Ён ціхенька падкраўся да акенца, каб паглядзець, хто ж гэты піск і шум учыніў.
     – Там мышы, мышы! – каркнула Варона. Яна сядзела на плоце і глядзела на Коціка. – Яны, злыдні, прагналі нашу Кошачку з яе хаткі! Коцік, ты адважны?
     – Вядома, яшчэ які!
     – Тады прагані гэтых зладзюжак з хаткі. Наша Кошачка вунь там, высока на хвоі, ужо трэці дзень сядзіць, ад страху нават мяўкаць перастала.
     – Дурненькая! Мышэй спалохалася! – здзівіўся Коцік.
     Ён раздуў свае шчокі, выскаліў вострыя зубкі, выпусціў кіпцікі і з гучным крыкам накінуўся на мышэй:
     – Вось я вас! Уцякайце, а то зараз усіх, да адной, злаўлю і з'ем!
     Трыццаць тры шэрыя мышкі, убачыўшы зіхатлівага, нібы сонечны праменьчык, Коціка, так спалохаліся, што па іх спінках пабеглі тысячы дрыжыкаў.
     – Ах, ах, ах! Пі-і-і-і-і! – запішчалі баязлівыя мышкі і тут жа збеглі з Кошачкінай хаткі. Куды? Ды пад зямлю, у свае старыя цёмныя норкі. Што ім яшчэ заставалася рабіць?
     Кошачка ўсё бачыла і тут жа спусцілася з дрэва, а ў падзяку за добры і смелы учынак запрасіла Коціка да сябе ў госці. З таго часу ў яе хаце пануюць шчасце, радасць і каханне. Хатка з блакітным дахам нават папрыгажэла ад такога цудоўнага жыцця! У акенцы хаткі любяць зазіраць сонечныя праменьчыкі, з трубы ідзе блакітны дымок, а ў двары ля хаткі ўсю вясну, лета і восень квітнеюць пралескі і ландышы, рамонкі і васількі, незабудкі, званочкі і стакроткі.
     Былая гаспадыня Коціка, Аліса, даведаўшыся, дзе ён пасяліўся, прыйшла ў лес і стала прасіць яго вярнуцца да яе.
     Аднак Коцік не пагадзіўся:
     – Я сваіх сяброў не прадаю і дарагую Кошачку адну ў гэтай хатцы не пакіну. Ёй патрэбен абаронца, такі, як я!
     Паглядзела дзяўчынка на ганарлівага і адважнага Коціка, потым на свайго баязлівага сабачку Цяпу, які прыціснуўся да яе і дрыжаў, быццам асінавы лісток, і пабегла дамоў. Больш яна ніколі не прыходзіла ў лес, баючыся, як бы яе Цяпа не захварэў са страху.
     А ты, мой дарагі чытач, як лічыш, ці варта чагосьці моцна баяцца? Мо лепш стаць вясёлым і адважным абаронцам слабых, такім, якім стаў лясны Коцік.
     
     p.s. на фота пернікі, вырабленыя да Вялікдня ў прыходзе храма Раства Найсвяцейшай Багародзіцы ў вёсцы Прылукі Мінскага раёна.
     
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
29.03.18