Цыганка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Цыганка
Цыганка
У цыганскай сям'і падрастала дачка – прыгажуня, пявуння, да танцаў цыганскіх з бразготкамі ды пад гітару вялікая ахвотніца! Маці з бацькам, вядома ж, песцілі сваю адзіную дачку. То пярсцёнак з жамчужынкай да дня нараджэння падораць, то шпільку срэбную, а то каралі з каштоўных камянёў. Ды і ўбораў святочных у дзяўчыны было звышдастаткова.      Калі ішла яна ганарлівай паходкай па вёсцы, усе любаваліся ёю. Маладыя хлопцы зазіраліся на прыгажуню, шмат каму з іх яна паланіла душу і сэрца. Але ніхто не падабаўся наравістай цыганцы. Яна прымала заляцанні маладога чалавека, яго падарункі і кампліменты, але замуж не ішла, а праз нейкі час зусім кідала яго.
     – Чаму ты, дачка, так абышлася са сваім кавалерам, чым ён табе стаў не люб? І прыгажун, і разумны, і працаўнік добры.
     – Ды хіба гэта кавалер? Няма ў ім ні сілы, ні мужнасці, ні кемлівасці, ды і заляцацца ён не ўмее.
     Сердавалі на дачку бацькі, лаялі, але нічога зрабіць не маглі.
     Гады ішлі. Дзяўчына пасталела, і краса яе паменшылася. Цяпер ужо менш кавалераў прыходзіла да яе ў хату. А праз нейкі час яны і зусім зніклі.
     Засмуткавала цыганка. Сумна стала ёй у бацькоўскай хаце. Бацька і маці старэлі, так і не дачакаўшыся ўнукаў і добрага спадарожніка для сваёй адзінай дачкі.
     – Таму ты самотная і нікому не люба, што сама нікога не кахала і нікому не дарыла сваё каханне і клопат, – журылася цыганка пасля такіх слоў, якія ёй даводзілася чуць ад самых родных людзей.
     
     Аднойчы ў лесе ўбачыла яна белагрывога жарабца. Саслабелы, той блукаў па лясных сцяжынках, чапляючыся сваімі бакамі за сукі і галіны. Пагладзіла дзяўчына каня і павяла яго ў вёску. Шкада ёй стала небараку, бо загіне ён тут у лесе адзін.
     Маці з бацькам нічога не сказалі дачцэ, а толькі назіралі, як яна выходжвала маладога каня. Адчувалі іх сэрцы, што знайшла яна выратаванне ад сваіх няўдач і бессардэчнасці.
     Дачка змянялася на вачах. Клопат аб кімсьці зрабіў яе шчаслівай. Цяпер у пацьмянелым позірку цыганкі загарэўся вясёлы і жывы агеньчык, ды і сама яна нібы памаладзела.
     Конь падрос, папрыгажэў, ператварыўшыся ў моцнага даўганогага з шаўкавістай грывай каня. Аднойчы раніцай цыганка не знайшла ў стайні свайго скакуна. Дарма яна клікала яго, шукала па ўсіх ускраінах вёскі, па палях і лясах. Няма каня. Знік ён, быццам і не было.
     Шмат дзён прагаласіла цыганка. Ізноў прыйшла да яе адзінота. Ужо і маці з бацькам засмуткавалі па дачцы. Але свет не без дабра і надзеі, не без цуду. Цуд здараецца, часам ён прыходзіць тады, калі яго зусім не чакаеш. Вось і да цыганкі прыйшоў такі цуд.
     Аднойчы ў яе хату пастукаўся чалавек. Жанчына адчыніла дзверы – на парозе стаіць прыгожы станісты мужчына, а позірк, як у яе каня.
     – Хто ты? – спытала цыганка.
     – Я той, каго ты выходзіла і выратавала. Мяне зачаравала злая ведзьма, калі я выпадкова зайшоў у яе валадарствы. "Ці ты памрэш з голаду, ці цябе з'ядуць ваўкі", – прыстрашыла вядзьмарка. Але мне падказала лясная Сава, што на самым далёкім краі дрымучага лесу жыве добрая Фея. Яна зможа мяне вызваліць ад злых чар. Калі я адужэў, то змог дабрацца да таго далёкага краю і адшукаць хату, дзе жыве добрая Фея. Яна вызваліла мяне. Цяпер я зноў стаў чалавекам і хачу рэштку свайго жыцця пражыць разам з табой, бо ты мая выратавальніца.
     Неўзабаве яны пажаніліся. І яшчэ вельмі доўга жылі на свеце ў згодзе, аддаючы адзін аднаму ўсё сваё каханне і клопат.
     
      Гэтая казка на рускай мове
17.03.18