Індыйскія слонікі (чытае Ліка Пташук)
Калісьці вельмі даўно выпадкова з неба на Зямлю зваліўся Анёлачак. Ён не ўтрымаўся ў нябёсах на сваіх маленькіх крылцах і патрапіў прама ў непраходныя індыйскія джунглі. Як ні шукалі Анёлы свайго малыша, яны не змаглі яго знайсці ў густых трапічных зарасніках. Што рабіць?
І тады на дапамогу да іх прыйшлі нябёсы. Яны ператварылі свае чароўныя аблокі ў сера-блакітных сланоў і адправілі іх у джунглі шукаць маленькага Анёла.Гэта былі першыя сланы, якія калі-небудзь падарожнічалі па Зямлі. Яны прыйшлі ў індыйскія джунглі і моцнымі хобатамі пачалі прыбіраць з дарогі дрэвы і іншыя расліны, тым самым пракладаючы сабе дарогу ў густых зарасніках.
Праз нейкі час сланы адшукалі маленькага Анёла і дапамаглі яму зноў падняцца ў неба, а самі засталіся на Зямлі. Яшчэ шмат дзён яны прабіраліся праз трапічны лес і, нарэшце, дабраліся да далёкіх вёсак, дзе жылі індыйцы.
Людзі палюбілі гэтых вялікіх і спакойных жывёл за іх працавітасць, высакароднасць і чуласць. А сланы, пасябраваўшы з людзьмі, ужо не жадалі зноў вяртацца на неба. Яны дапамагалі індыйцам, выконваючы самую цяжкую фізічную працу: цягалі бярвенне і іншыя грузы, разам з людзьмі будавалі хаты. Мясцовыя жыхары, адчуўшы, наколькі (як шмат) моцныя сланы палягчаюць ім жыццё сваёй дапамогай, сталі дзякаваць небу, услаўляючы яго пасланцоў, і маліцца за іх.
І пайшла па Зямлі гаворка (пагалоска) пра чароўных жывёл – індыйскіх сланоў, якія прыносяць шчасце і поспех. Людзі пачалі рабіць з дрэва, гліны маленькіх слонікаў і дарыць іх адно аднаму на шчасце. Яны малявалі сланоў на карцінах, вышывалі на ручніках і на адзежы. Нават сярод дзіцячых цацак з'явіліся прыгожыя слонікі, зробленыя рукамі людзей.
З тых часоў прайшло шмат гадоў. Змяніўся наш свет. Але індыйскі слонік так і застаўся шчаслівым талісманам, які прыносіць людзям поспех.
А як жа нябёсы? Ці не шкадуюць, што падарылі Зямлі сваіх чароўных слонікаў?
Зусім не. Яны толькі рады гэтаму.
Гэтая казка на рускай мове
13.03.18