
Не сумуй
На вуліцы было шэрае непагодлівае надвор'е, хоць і не вельмі халоднае, але дажджлівае. Можна сказаць, што дождж амаль не спыняўся, а калі і пераставаў ліць, то ўсяго толькі на нейкія паўгадзіны ці гадзіну за цэлы дзень.
– Якая агіднасць! – услых казалі прахожыя. – І што за надвор'е выдалася сёлета! Дождж лье і лье!Людзі ішлі па вуліцах з мокрымі ад дажджу парасонамі, і ў іх вачах быў сум і нуда. Сярожа вяртаўся разам з мамай дахаты. Сёння ён не пайшоў у дзіцячы садзік, а напрасіўся да мамы на працу. Там у яе цікава – камп’ютэр, на якім можна пагуляць у займальную гульню, тэлефакс, прынтар. Сярожына мама працуе сакратаром у фірме. Яна рэдка бярэ яго з сабой, хаця Сярожу вельмі цікава на яе працы. Мама часам нават вучыць яго набіраць словы на камп’ютары і маляваць малюнкі.
Прыгадваючы мінулы дзень, хлопчык моўчкі ішоў, хаваючыся ад праліўнога дажджу пад сваім парасонам і стараючыся не ўступаць у вялікія лужыны. На тралейбусным прыпынку ён паглядзеў угару. Усё неба было зацягнута адной бясконцай шэрай хмарай, у якой не было ні пачатку, ні канца. Мама казала яму, што чула па радыё прагноз надвор'я, паводле якого дождж яшчэ будзе ліць не менш за тыдзень.
"Як гэта дрэнна! – думаў хлопчык. – Ні табе ў футбол пагуляць, ні табе на веласіпедзе пакатацца. Нудота!"
Назаўтра ў дзіцячым садку Сярожа разам са сваімі сябрамі, прыхінуўшыся насамі да халоднага шкла акна, з сумам марыў пра сонечны дзень, не ведаючы, як жа спыніць гэты марудны шэры дождж.
– Калі б не было дажджу, – заўважыў Слаўка, – я б ужо гуляў у футбол.
– А я б катаўся на веліке, – сказаў Сярожа.
– Надзея Пятроўна! Мы не хочам, каб ішоў дождж. Вы не ведаеце, як спыніць яго? – жаласна спыталі дзеці ў сваёй выхавальніцы.
– Спыніць дождж? Але я ж не чараўніца! – усміхнулася тая. – Можа, вам што-небудзь параіць дзядуля!
Яна паказала на дзверы, у якія, тым часам, уваходзіў сівы дзядуля, Машын дзед. Ён часта прыходзіў за ёй. Сярожа паглядзеў на дзеда, у яго разумныя вочы і вырашыўся на пытанне:
– Дзядуля, а можа, ты сапраўды ведаеш, як спыніць дождж? – ціхенька спытаў хлопчык.
– Так! Скажы, дзядуля, калі ведаеш! Нам вельмі надакучыў дождж! – з усіх бакоў на дзеда пасыпаліся пытанні.
– Дождж? Спыніць? – не мог зразумець стары. – Не, на жаль, не ведаю. Але, як мне здаецца, гэта вы б і самі змаглі зрабіць, калі б усе разам і крыкнулі Дажджу: "Спыніся!", а затым дружна паклікалі да сябе Сонейка.
Дзеці, пачуўшы такія словы, здзіўлена пераглянуліся: "Ты жартуеш, дзед! Няўжо, мы гэта зможам зрабіць?"
– А вы паспрабуйце, – сур'ёзна сказаў Машын дзядуля. – А раптам атрымаецца! Давайце ўсе разам! Раз, два, тры!
Тут дзеці асмялелі і разам крыкнулі:
– Ану, Дождж, спыніся! А ты, Сонейка, вызірні з-за хмар, паглядзі на нас! Мы па табе вельмі знудзіліся!
Дзеці заціхлі і пачалі чакаць, што ж будзе?
І адбыўся цуд – хмары паступова пачалі расступацца, а з неба на дзяцей паглядзела Сонейка!
– Яно нас пачула! – радасна закрычалі дзеці. – Яно вызірнула!
Малыя глядзелі на неба, на якім расступаліся хмары, на прамяні Сонейка, якое вызірнула з-за іх, і шчыра верылі ў тое, што гэта яны яго паклікалі да сябе.
Мабыць, усё так і было. Надвор'е пачало наладжвацца. Дождж прайшоў, лужыны падсохлі, і неўзабаве ўсе ўжо забыліся на дрэннае надвор’е. Дзеці каталіся на веласіпедах, роліках, гулялі ў мяч, скакалі, крычалі ад захаплення і свята верылі ў тое, што яны ўсе разам справіліся з Дажджом. А значыць, ім няма чаго баяцца! Іх жыццё абавязкова будзе выдатным і шчаслівым!
Гэты аповед на рускай мове
8.03.18