Лясны Інтэрнэт (чытае Ліка Пташук)
Неяк у адзін з вераснёвых дзён у дзівосным лесе на беразе мора з'явілася з зямлі маленькая Апенька. Гэты грыбок быў настолькі малы, што ледзь бачыў навакольны свет. Усё мінулае лета стаяла неймаверная спякота, і грыбы амаль не раслі. Толькі адзін-адзінюткі Мухамор, ужо стары, адрахлелы, стаяў на сваёй ядавітай ножцы і вылучаўся сярод травы чырвоным у крапінку капялюшыкам. Грыб вырас даўно, яшчэ ўвесну, і ведаў пра ўсё, што адбывалася ў лесе. Прайшло некалькі дзён. Апенька падрасла і нават навучылася размаўляць.
– Які ты вялікі! – сказала яна Мухамору. – Я хачу хутчэй стаць такой жа, як ты! Скажы, як мне гэта зрабіць?– Не спяшайся расці, – адказаў ёй Мухамор. – Вялікай і дарослай ты заўсёды паспееш стаць, а вось дзіцём зможаш быць, толькі калі ты яшчэ маленькая. Дзецям заўсёды цікавей жыць на свеце, чым дарослым. Яны спрытныя, хуткія і дапытлівыя. Колькі новага і цікавага ім адкрывае белы свет! Ведаеш, якая гісторыя здарылася з дзецьмі нашага лесу гэтым летам?
І стары Мухамор распавёў Апеньцы пра тое, што ў іх лесе ёсць дзіцячая школа. Там вучаць грамаце. Неяк Варона прынесла Саве буквар і арыфметыку. Яна іх знайшла на паляне. Гэтыя кніжкі хтосьці з дзяцей забыў, калі адпачываў з бацькамі ў лесе. Сава вельмі разумная. Яна па арыфметыцы самастойна навучылася лічыць і асвоіла па буквару грамату. А потым Сава вырашыла адкрыць лясную школу. Яна стала вучыць дзяцей жыхароў лесу чытаць і пісаць. Важаняты, ваверчаняты, зайчаняты, лісяняты, ваўчаняты і нават некаторыя птушаняткі прыходзяць да яе ў школу. Хутка ўвесь лес стане пісьменным!
Улетку ў лесе бывае шмат турыстаў. Людзі адпачываюць, збіраюць грыбы, ягады. І, вядома, часам што-небудзь губляюць. Вось і новенькі сотавы тэлефон хтосьці ўмудрыўся згубіць. А звераняты вельмі цікаўныя. Яны ўжо даўно падгледзелі, як карыстацца тэлефонам і вырашылі патэлефанаваць. Але куды ж? Ды ў самую Амерыку! Тую, што знаходзіцца там, далёка, за морам і акіянам.
Спачатку яны звярнуліся ў даведку, дзе даведаліся нумар тэлефона Амерыкі. Набраўшы тэлефон, яны пачулі ў трубцы, чый бы Вы думалі голас? Ды самага звычайнага Зайца. Ён паведаміў, што працуе ў Амерыканскім лясным таварыстве аховы звяроў і запрасіў іх, сваіх суседзяў з-за акіяна, у госці. Лясныя жыхары былі вельмі ўдзячны за запрашэнне. Асабліва ўзрадаваліся іх дзеці. Ім так хацелася пабываць у Амерыцы! Але як жа туды патрапіць?
Параіліся звяры і птушкі і вырашылі пабудаваць карабель. Вядома, хутка пабудаваць добры карабель складана. Але калі вельмі захацець, тады ўсё магчыма. Днямі і начамі працавалі лясныя жыхары, асабліва стараліся бабры і зайцы. І вось сумеснымі намаганнямі быў пабудаваны выдатны новенькі карабель.
Пачалі збірацца звяры ў плаванне. Шлях няблізкі. Нарэшце, скончыліся апошнія падрыхтоўкі. Не забыліся і на падарункі для мерыканскіх сяброў. На палубу пасадзілі спачатку самых маленькіх зверанят. Апошняй уселася на карму карабля Сава. Усе адправіліся ў дарогу. Цэлы тыдзень плыў карабель. Птушкі ўзляталі высока ў неба і сачылі за тым, каб не збіцца з дарогі. Сам цар марскіх глыбінь, Няптун, дазнаўшыся, што ў акіяне плывуць звяры і птушкі на вялікім караблі, паслаў ім у праваднікі Дэльфіна, які суправаджаў карабель да самай Амерыкі.
Нарэшце, усе ўбачылі доўгачаканую Амерыку. А калі карабель прычаліў, і звяры сышлі на бераг, то стала ясна, што ў Амерыцы такі ж самы лес, як і ў іх дома. Вельмі прыемна, што амерыканскія звяркі прыйшлі сустракаць гасцей. Усе былі рады адзін аднаму і хутка пасябравалі. Амерыканскія зайцы і вавёркі, лісы і ваўкі аказаліся такімі ж, як і ў нашай краіне. У таварыстве аховы звяроў нашых зверанят уразіў камп’ютэр, якога яны раней ніколі не бачылі. Незвычайным было і тое, што амерыканскія звераняты ўмеюць за ім працаваць і нават карыстаюцца Інтэрнэтам. З дапамогай яго яны звязваюцца са звяркамі розных частак Амерыкі і ведаюць, хто, дзе і як жыве.
Пагасцявалі нашы звяркі ў Амерыцы, павандравалі і сталі збірацца ў зваротны шлях. А працаўнікі Амерыканскага таварыства аховы звяроў падарылі ім на ўспамін камп’ютэр і навучылі Саву працаваць за ім. Калі ўсе вярнуліся дадому ў свой родны лес, Сава навучыла маленькіх звяркоў працаваць за камп’ютэрам і нават таму, як выйсці ў Інтэрнэт. Звераняты паслалі па электроннай пошце сваім сябрам за акіян ліст і неўзабаве атрымалі адказ. Цяпер яны ведаюць пра ўсё, што адбываецца там.
Мухамор скончыў свой аповед. Апенька ўважліва слухала яго, можа яна і не ўсё зразумела, слухаючы свайго старэйшага сябра, але ўлавіла галоўнае – жыць на свеце вельмі цікава!
Гэтая казка на рускай мове
5.03.18