
Бесказырка белая
У адной гарадской кватэры ў стогадовай бабулі яшчэ стаіць ў куце пакоя стары куфар. Навошта ён патрэбен! Лак на вечцы куфра пацямнеў, засаўка зламалася, узоры і надпісы амаль не бачныя. Але бабуля свой куфар беражэ, бо захоўвае ў ім самыя дарагія яе сэрцу рэчы. Нядаўна яна паказвала іх праўнучцы, адзінаццацігадовай Алёнцы.
– Глядзі, Алёна! Вось гэтую сукенку я апранала, калі мы, вясковыя дзяўчыны, збіраліся на вечарынкі, спявалі песні, вадзілі карагоды. Бачыш, якія цікавыя фальбоны на спадніцы і рукавах. Я сама шыла гэты ўбор. А ў такой белай сукенцы я выходзіла замуж. Паглядзі, які прыгожы карункавы каўнер. Яго я доўга вышывала. Вось гэты стары ручнік вісеў у чырвоным куце нашай вясковай хаты. Мая мама сама саткала яго на кроснах і ўпрыгожвала ручніком абраз Найсвяцейшай Багародзіцы.Алёна з цікавасцю разглядала старадаўнія ўборы і ручнікі:
– Якія цудоўныя пацеркі, яны з саломкі. А вось яшчэ адны – не разумею, з чаго яны зроблены?
– З самацветаў. Іх падарыў мне мой будучы муж перад вяселлем.
– Бабуля! Якая прыгожая скрыначка! – Алёнка дастала са дна куфра маленькую берасцяную скрыначку. – Што ты ў ёй захоўваеш?
– Там нашы з дзедам вясельныя кольцы.
– Пакажы!
– Ды яны не залатыя, медныя, але для мяне даражэй залатых. Прохар Сямёнавіч, твой прадзед, быў вельмі добрым чалавекам, да таго ж, першым хлопцам на вёсцы. Стройны, высокі, кучаравы, сінявокі. Як зайграе на гармоніку, усе дзяўчаты абкружаць яго, песні спяваюць. Шчаслівейшай за мяне не было нікога на свеце! А як мне зайздросцілі сяброўкі!
Алёнка слухала бабулю, разявіўшы рот. Чамусьці дагэтуль дзяўчынка нават не ўяўляла, што ў яе быў такі выдатны прадзед! На сцяне ля акна вісела фатаграфія прабабулі з прадзядулем. Праўнучка ўважліва ўгледзелася ў іх твары на збляклым ад старасці фота.
"Ды яны ж тут зусім юныя, – падумала яна, – яшчэ маладзей за маёй мамы з татам. І такія прыгожыя. А ў дзеда – татавы вочы!" – ашаламілася Алёнка.
Толькі цяпер яна зразумела гэта, і яе нават узрадавала нечаканае адкрыццё.
– Бабуля! Дзед Прохар быў вельмі падобны на майго тату, у яго такія ж вочы!
– Так-так! Я гэта даўно заўважыла, унучачка. Твой прадзед, Прохар Сямёнавіч, не прыйшоў з вайны. Ён загінуў на фронце. Мая дачка, Маша, а для цябе яна – бабуля, вырасла без бацькі. Але, калі Маша выйшла замуж і нарадзіла твайго тату, Пецю, стала зразумела, што хлопчык вельмі падобны на дзеда Прохара. Бог даў яму такі ж светлы і добры позірк, такія ж сінія, як мора, вочы.
– Бабуля! Дзед Прохар быў мараком, праўда?
– Так. Ён служыў на караблі ў Ваенна-марскім флоце.
– І гэта "марская шапка" са стужачкамі яго?
– Не. Бесказырку я купіла Пецю, твайму тату. Ён насіў яе ў дзяцінстве.
Алёнка асцярожна ўзяла ў рукі татаву шапку, пакратала доўгія чорныя стужачкі:
– Бабуля! А ты калі-небудзь плавала на вялікім караблі?
– Не, унучачка.
– Ведаеш, бабуля, – твар дзяўчынкі раптам стаў вельмі сур'ёзным, – калі я вырасту, то паеду да мора і буду працаваць на вялікім караблі.
– Ты хочаш?
– Так.
– Але для гэтага табе трэба будзе вельмі шмат чаму навучыцца. Здолееш?
– Вядома, здолею! – Алёнка выразна паглядзела ў бабуліны вочы.
Яна сапраўды ведала, што зможа ўсё. Важна толькі захацець. А яна захацела, вельмі захацела быць падобнай на свайго выдатнага прадзеда!
– Я буду вельмі рада, калі ўсё будзе так, як ты сказала, – бабуля пяшчотна абняла і пацалавала ўнучачку. – Давай пакладзём гэтыя рэчы назад, у куфар, бо нам зараз трэба класціся спаць, – прапанавала яна.
І вось ужо зноў усе старыя рэчы з куфра ўлегліся на свае ранейшыя месцы. Толькі бесказырцы не хацелася ўкладвацца туды ўслед за ўсімі рэчамі. І яна засталася на версе, на вечцы куфра. Напэўна, гэта Алёнка яе туды паклала, каб яшчэ і яшчэ раз паглядзець на яе і паразважаць пра сваю мару...
Хутка восень. Алёнка зноў пойдзе вучыцца ў школу, цяпер ужо ў пяты клас. Але яна не забудзе галоўную гісторыю бабулінага куфра. І татава бесказырка стане для яе запаветным талісманам.
– А ты, тата, чаму не стаў мараком? – аднойчы спытае яна ў бацькі.
– Неяк не давялося. Лётчыкам мне больш хацелася стаць.
– Так! Ты – лётчык! А я буду мараком!
– Ты?
– Так, я.
– Тады ўжо станавіся афіцэрам марскога флота.
– А што я буду рабіць?
– Дапамагаць капітану выводзіць карабель у плаванне і паказваць правільны шлях, каб не заблудзіцца ў марскіх водах, альбо будзеш выконваць іншыя важныя даручэнні.
– Мне будзе вельмі цікава! – Алёнка задумалася.
– Гэта не жаночая прафесія, – тут ужо мама ўмяшалася ў гутарку.
– Чаму! І дзяўчыны працуюць ва флоце, – прамовіў тата.
– Гэта цяжкая прафесія, – заўпарцілася мама.
– А я не баюся! – цвёрда прамовіла дачка.
– Калі так, тады ўсё залежыць ад цябе, – пагадзілася мама і падумала: "Уся ў бацьку. Няхай будзе такой жа, як і ён, адважнай і дужай. Гэта добра!"
Пажадаем жа і мы Алёнцы шмат сілы, цярпення і поспехаў на жыццёвым шляху. А яе добры дом і родныя людзі, вядома ж, дапамогуць сваёй дарагой дзяўчынцы здзейсніць запаветную мару.
Гэты аповед на рускай мове
21.02.18