Бедная Мурашка і шчаслівы Жучок (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Бедная Мурашка і шчаслівы Жучок (чытае Ліка Пташук)
Бедная Мурашка і шчаслівы Жучок (чытае Ліка Пташук)
Улетку бываюць вельмі спякотныя дні, калі сонца награвае зямлю настолькі, што на яе балюча ступіць басанож. У такія гарачыя дні вецер носіць па зямлі сухі гарачы пясок, лістота на дрэвах жоўкне, а трава ператвараецца ў высушаную сонцам жоўтую салому. Але дзесьці ў лесе яшчэ захоўваецца вільгаць у выглядзе ранішняй расы. Гэта маленькія кропелькі вады, якія, патрапіўшы ў абдымкі самых ранішніх прамянёў сонца, блішчаць і зіхацяць быццам крыштальныя пацеркі. Але праз некалькі гадзін пякучае сонца награвае расу, і яна ў выглядзе пары падымаецца ў неба.      Каб напіцца вады з такіх маленечкіх кропелек расы, птушачкам, мурашкам, жучкам і матылькам трэба прачнуцца вельмі рана перад узыходам сонца і адшукаць ранішнюю расу…
     Аднойчы адна маленькая рыжая Мурашка не змагла так рана прачнуцца, бо яна даглядала шчаслівы ранішні сон. А прачнуўшыся, Мурашка не змагла знайсці вакол сябе на лясных травінках і лісточках ніводнай кропелькі расы, бо тая ўжо выпарылася! Знемагаючы ад смагі, Мурашка, знясілеўшы, упала на зямлю.
     Тым часам побач з ёй поўзаў вясёлы і шчаслівы Жучок. Ён прачнуўся вельмі рана і ўжо паспеў напіцца ранішняй расы.
     – Ах, як мне хочацца піць! – прашаптала бедная Мурашка. – Добры Жучок! Калі ласка, дапамажы мне. Адшукай для мяне хоць адну кропельку ранішняй расы, бо я памру ад смагі.
     – Я паспрабую, – адказаў спрытны Жучок.
     Ён важна паварушыў доўгімі вусамі і адправіўся на пошукі. Але ўжо надышоў гарачы летні дзень, раса выпарылася, і ўсе травінкі і лісточкі былі сухія. Зразумеў Жучок, што не знойдзе ён ранішнюю расу, і ўсяўся капаць калодзеж. "Там, на глыбіні, ёсць сырая зямля. Я адшукаю ў ёй кропельку вады для беднай Мурашкі", – вырашыў Жучок.
     У хуткім часе да яго падляцеў стары сябар Чмель і паклікаў на сустрэчу з сябрамі.
     – Я не магу, – апраўдваўся Жучок. – Мне трэба выкапаць калодзеж, каб напаіць вадой бедную Мурашку.
     – Мурашка пачакае, калодзеж выкапаеш заўтра. Нашы сябры пакрыўдзяцца, калі ты не прыйдзеш.
     – Добра, – падумаўшы, пагадзіўся Жучок. – Мне будзе шкада, калі я не патраплю на нашу сустрэчу. – І ён паляцеў, так і не напаіўшы бедную Мурашку.
     А яна ляжала пад сухім лісточкам і ўжо не магла паварушыцца. Усё, што Мурашка змагла прамовіць, былі ціхія і слабыя гукі – "Пі-і-і-іць!".
     – Хто гэта так стогне? – спытаў Чарвячок. Ён выпаўз з нетраў (глыбіні) зямлі, дзе была яго хата. У падземнай хаце Чарвячка было волка і халаднавата, а тут, на паверхні, ён тут жа адчуў летнюю спёку.
     – Як горача наверсе! – здзівіўся Чарвячок. – Ах, гэта бедная Мурашка захварэла. Няшчасная, яна ж памрэ ад смагі!
     Жаласлівы Чарвячок тут жа палез пад зямлю і прынёс Мурашцы халоднай вадзіцы. Ён напаіў яе, і Мурашка ажыла.
     – Дзякуй, добры Чарвячок. Ты выратаваў мне жыццё! – сказала Мурашка і пабегла дахаты.
     Назаўтра Жучок усё-такі выкапаў калодзеж, дастаў кропельку вады і прынёс у тое месца, дзе ўчора пакінуў хворую Мурашку. Але яе там ужо не было.
     – Мурашка памерла! – спалохаўся Жучок.
     – Не, – адказала Травінка. – Яна не памерла, яе выратаваў добры Чарвячок.
     
     Мой паважаны чытач! Ніколі не адкладай на заўтра тое, што зможаш зрабіць сёння. Не кідай пачатую справу, дарабляй яе да канца. А калі твой сябар у вялікай бядзе, а ты можаш яму дапамагчы, зрабі гэта, не адкладна, не губляючы часу.
     
      Гэтая казка на рускай мове
15.02.18