Казка 14 - Нядзельны адпачынак на Ледзяной горцы (чытае Ліка Пташук)
Сапраўды выдатнай выдалася нядзельная раніца ў зімовым горадзе. На чыстым блакітным небе свяціла сонейка, снег зіхацеў і іскрыўся, храбусцеў пад нагамі, свежы ветрык абдзімаў расчырванелыя твары прахожых. Няўрымслівы Тузік ужо прыбег да Пеці ў гараж. Сёння сяброў чакала займальнае вандраванне. Сабака з такім захапленнем распавядаў пра Ледзяную горку, што не з'ездзіць туды было б сапраўдным злачынствам! "Будзе выдатна, – марыў Пеця, – скаціцца з такой вышыні па зіхоткім лёдзе на лыжах. І калі я добра разганюся, то верагодна, што вецер падніме мяне ў паветра, і я палячу! Клас! Я буду ляцець, як сапраўдны самалёт!"
Пеця так захапіўся гэтымі шчаслівымі думкамі, што зусім забыўся на самае галоўнае, бо ў яго, нажаль, няма крылаў! Але наконт гэтага яму не трэба было засмучацца. Прыйдзе час, і ўсе аўтамабілі ўзнімуцца пад аблокі. Гэта дакладна! Настане эра лятучага аўтамабільнага транспарту. Так што, у аўтамабіляў усё яшчэ наперадзе.
У дванаццаць гадзін, як і дамаўляліся, Тузік і Пеця сустрэліся з Кацяй і Сашам. Тыя грунтоўна падрыхтаваліся да займальнай паездкі. У руках яны трымалі лыжы.
– Горныя? – спытаў Тузік.
– Не, звычайныя. Горных у нас пакуль яшчэ няма.
Сябрам пашанцавала. Пеця хутка і без усякіх прыгод давёз іх у канец горада да Ледзяной горкі. У гэтым яму дапамог Трамвай №5. Ён суправадзіў чырвоненькі аўтамабіль да канчатковага прыпынку свайго трамвайнага маршруту. Увесь гэты час Трамвай ехаў па рэйках, а Пеця – побач па вуліцы.
– Вось яна, прыгажуня! – разам усклікнулі сябры, з захапленнем разглядаючы бліскучыя схілы Ледзяной горкі. – А якая высокая!
З самага ранку Ледзяную горку атакавалі дзеці. Яны з віскам з'язджалі з яе на санках, лыжах і лядянках. Саша з Кацяй тут жа сталі ўзбірацца наверх. А Тузік з Пецяй не ведалі, што ім рабіць, яны разгубіліся і працягвалі стаяць унізе.
Неўзабаве бліскучы дзіцячы аўтамабіль заўважыў галоўны інструктар.
– Вы жадаеце з'ехаць з гары? – пацікавіўся ён.
– Вельмі жадаю! – выпаліў Пеця.
– А вы? – інструктар паглядзеў на Тузіка.
– І я жадаю. Але ў нас няма лыж.
– Гэта не праблема, – махнуў рукой інструктар. – Хадзем са мной у памяшканне, я выдам вам увесь неабходны лыжны інвентар.
У працоўным павільёне каля сцяны стаялі лыжы, санкі, лядянкі, і яшчэ мноства ўсякіх прыстасаванняў для зімовых забаў. Тузіку спадабаліся лядянкі, а Пеця вельмі хутка быў пераабсталяваны ў снегаход. Як гэта змог зрабіць інструктар – застаецца загадкай. Але, мабыць, ён рабіў гэта не ў першы раз.
– Выдатнага адпачынку на Ледзяной горцы! – пажадаў сябрам інструктар.
Калі залезлі на гару, у Тузіка і Пеці ад захаплення аж дух займала. Такая вышыня!
– Не бойся! – параіў Пеця сябру. – Паехалі!
І яны разам ірвануліся наперад. Здавалася, не прайшло і хвіліны, як Тузік апынуўся ўнізе. "Ух, ты! Як выдатна!" – гаўкнуў ён і зноў панёсся ўгару, каб з'ехаць яшчэ раз.
А Пеця, што атрымалася ў яго? Ах, гэтыя ўсюдыісныя дзеці! І тут яны не пакінулі ў супакоі жывы дзіцячы аўтамабіль. Дзеці хутка зразумелі яго ўніверсальнасць і тое, што гэты незвычайны аўтамабіль-снегаход можа пракаціць іх з Ледзяной горкі.
– Куды вы? – крыкнуў Пеця і ўключыў гудок. Але было позна. Дзеткі ўжо заскочылі на яго сядзенні. І ён, разагнаўшыся, панёсся ўніз.
– Ш-ш-ш-жжжж! – скрыгаталі лыжы, слізгочучы па ледзяным схіле.
– А-а-а-а-а! – крычалі ўсхваляваныя дзіцячыя галасы.
– Клас! – свістаў гудок аўтамабіля.
Здавалася, неба і лёд зліліся разам, і аўтамабіль Пеця на велізарнай скорасці ўздымаецца ўгару, у яго адрастаюць крылы, і ён імкліва лунае ў неба, слізгаючы па паветры, нібы па ледзяной горцы…
Як гэта было сапраўды? Так ці не так? Застаецца загадкай. Але бясспрэчна тое, што сваё нядзельнае вандраванне на Ледзяную горку ўсе сябры – Тузік, Пеця, Каця і Саша – з захапленнем згадваюць дагэтуль.
Але за нядзельным днём насталі будні. Пеціна жыццё пайшло сваім ранейшым ходам. Каця і Саша засяродзіліся на вучобе. Вядома, шчаслівыя выхадныя дні яшчэ будуць і не раз ува ўсіх іх.
А як жа Тузік? У асяроддзі сваіх сяброў ён аказаўся самым не занятым ніякай адказнай працай. Перад ад'ездам у вёску Андрэй падарыў яму сотавы тэлефон.
– Тузік, дапамагай, чым можаш, маёй маме. Добра паводзь сябе, не засмучай яе, – папрасіў Андрэй.
Сябры праводзілі Тузіка на чыгуначны вакзал і пасадзілі ў электрычку. Сабака павёз бабулі падарункі і прывітанні ад родных. Там, у вёсцы, на станцыі яна сустрэне яго, а дома пачастуе смачнай ежай.
Жыццё ў вёсцы, па-ранейшаму, коціцца па сваіх "вясковых рэйках". Бабуля клапоча па гаспадарцы, корміць Хрушу, курэй, Пеўня, Мурку і Тузіка. Сабака часам бярэ адмысловыя маленькія лыжы і едзе ў лес да сваіх сяброў, каб даведацца, як яны там зімуюць, ці не патрэбна ім нейкая дапамога.
Непрыкметна прыйдзе вясна, растане снег. Загудзяць пчолкі і чмялі, матылькі будуць зіхацець рознакаляровымі крылцамі, прыляцяць звонкагалосые птушкі. Жыццё ў лесе забурліць, як шпаркі ручаёк. Тады і ў вёсцы наступяць клапотныя дні. Усе яе жыхары пачнуць засяваць свае гароды, угнойваць і прыводзіць у парадак сады.
Горад таксама не стаіць на месцы. Яго жыццё змяняецца кожны дзень. Тысячы людзей спяшаюцца на працу, школьнікі ідуць у школы, малыя дзеткі ў дзіцячыя сады і яслі, а старыя, як могуць, дапамагаюць дзецям і ўнукам у іх штодзённых клопатах.
А незвычайны жывы дзіцячы аўтамабіль ведае ўжо амаль уся дзятва яго горада. Ён з задавальненнем прыязджае ў Дзіцячы парк, каб сустрэцца з дзецьмі. Вось толькі на лета Пеця з'язджае ў вёску. Там яго чакае бабуля, Тузік, Певень і куры, парася Хруша і лясныя сябры. Кацюша таксама часта наведвае сваю бабулю, гасцюе ў яе і дапамагае ёй па гаспадарцы.
Спадарыня Тараторкіна і Андрэй задаволены, што іх Пеця знайшоў сабе такія карысныя заняткі. У яго шмат сяброў, якія яго любяць, а ён любіць іх.
І калі вы, дарагія дзеці, прыйдзеце на шпацыр у гэты Дзіцячы парк, то абавязкова ўбачыце там ярка-чырвоны дзіцячы аўтамабіль. Спытайце ў яго: "Гэта ты – Пеця?". І вы пачуеце ў адказ звонкі голас яго аўтамабільнай сірэны. А калі яшчэ лепш прыслухаецеся, то зразумееце ўсе яго думкі і словы.
Я ўпэўнена, што і ў вашым родным горадзе ёсць Дзіцячы парк. І там жывуць і працуюць “разумныя” дзіцячыя аўтамабілі. Яны чакаюць сустрэчы з вамі!
Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
Гэтая казка на рускай мове
11.02.18