Падкідыш - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Падкідыш
У хатцы ля самай ракі жыла Качка. Была яна вельмі важная і гультаяватая. А дзетак у яе было шмат. І ўсе малышы някемлівыя – то туды пабягуць, то сюды. Надакучыла Качцы за ўсімі глядзець, ды ўсіх карміць. Вырашыла яна пазбавіцца ад аднаго, самага маленькага качаняці. Павяла яна Бімку далёка па беражку ракі, ды і пакінула там аднаго, сама ж цішком сышла. Бімка дурненькі, не запомніў дарогі дахаты. Спалохаўся ён, што адзін застаўся, шукае маму, кліча, а яе нідзе няма.      Расплакаўся малыш. І тут, на шчасце, Плыток да берага ракі падплыў, маленькі такі, усяго толькі адно бярвенца, але разумны і добры.
     – Бімка! Сядай на мяне. Паплывём па рэчцы, а ты пільна ўглядайся – раптам сваю маму ўбачыш на беразе, – сказаў ён качаняці.
     Ускарабкалася качаня на Плыток, і яны паплылі. Глядзіць Бімка па баках, маму шукае. А яе нідзе няма. Толькі нейкая хатка ўдалечыні на беразе віднеецца. Падплылі бліжэй. З хаткі тры парасяты выбягаюць і сваёй маме-свінцы на качаня паказваюць, хвосцікамі віляюць, дзівуюцца, што такое маленькае качаня адно па рэчцы плыве.
     – Гэта твая мама? – запытаў Плыток.
     – Не, не мая, – усхліпнуў Бімка. І непрыемна яму стала, што парасяты жывуць разам са сваёй мамай, а ён – адзін. Заплакаў малыш, і яго дзюбка зусім панікла.
     – Не гаруй, знойдзем тваю маму, – суцешыў яго Плыток і далей паплыў.
     А там, за лукавінай ракі, яшчэ адзін прыгажун-домік стаіць, быццам сапраўдны церам-церамок.
     – Можа тут мая мама… – вырашыў Бімка.
     Але з церамка выбеглі тры маленькія блакітныя кацяняты, а за імі важна ступіла іх мама, вялікая шэрая котка.
     – І гэта не мая мама, – горка заплакаў Бімка.
     Доўга плылі яны па рацэ, міма розных домікаў праплывалі, але Бімкіну маму нідзе не сустрэлі. Ва ўсіх тых доміках жылі шчаслівыя шчанюкі, казляняты, кураняты, нават страусяняты. І ва ўсіх малых былі мамы.
     Стаміўся Плыток плыць па рацэ, ды і качаня зусім прамокла і прамерзла ад сырасці. Вырашылі яны спыніцца і адпачыць. Вылез Бімка з вады на бераг, каля ялінкі ў пясочак закапаўся ды і заснуў. На досвітку яго абудзілі птушачкі. Яны звінелі на ўсе галасы, вітаючы сонейка, якое толькі пачало ўзыходзіць на неба. Гучней за ўсіх каркала Варона. Яна прысела на галінку ялінкі, пад якой спала малое дзіця.
     Варона ўбачыла качаняці Бімку і адразу распытала яго пра ўсё. Даведаўшыся, што малыш стаў бездаглядным, яна адвяла яго ўглыб лесу да Курапаткі, у хатцы якой ужо жылі такія ж малышы, як і ён. Яны засталіся без матуль, таму іх гадавала добрасардэчная Курапатка. Яна стала ўсім гэтым маленькім птушанятам блізкай і дарагой, нібы іх другая мама. Курапатка карміла малышоў, гуляла з імі і вельмі хвалявалася за кожнага прыёмнага сыночка і дачушку, бо палюбіла іх, як сваіх родных дзяцей. Маленькае качаня Бімку яна таксама прыгалубіла (прылашчыла), накарміла і пакінула ў сябе.
     Прайшло лета. Прыёмныя дзеці Курапаткі выраслі і разляцеліся, хто куды, каб жыць самастойна і ствараць свае сем'і. Аднак усе яны абяцалі наведваць сваю маму Курапатку і дапамагаць ёй, калі спатрэбіцца. Аднойчы і наш Бімка паляцеў з хаты Курапаткі ў самастойнае жыццё. Ён падрос, адужэў і ператварыўся ў моцную і адважную птушку.
     Як стане дарослым, Бімка абавязкова пабудуе сабе дзе-небудзь добрую і ўтульную хатку-гняздзечка і зажыве шчасліва. Калі ж ён ажэніцца, у яго народзяцца качаняты. Нават, калі іх будзе шмат, Бімка ніколі не пакіне ў бядзе ніводнага свайго малога, а будзе даглядаць, гадаваць і любіць усіх, бо яны ж яго родныя дзеці.
     
      Гэтая казка на рускай мове
30.01.18