
Галодныя Перапеляняты
Вясной, як толькі зямля паадтавала ад снегу і прагрэлася, прыляцела з поўдня маладая перапяліная сям'я. Вядома, што гэтыя птушкі падобныя на рабых курачак, толькі яны не такія тоўстыя і баязлівыя, як куры. Перапёлкі – энергічныя птушкі. Яны вельмі любяць падарожнічаць. Кожны год, выгадаваўшы на нашай паўночнай зямлі птушанят, перапёлкі ляцяць зімаваць у паўднёвыя краіны. Уяўляеце, колькі ўсяго цікавага яны сустракаюць на сваім шляху! Апрача таго, перапелянят птушкі гадуюць не аднаго ці дзвюх, а цэлы тузін. А вось злічы! Іх шмат – дзесяць альбо дванаццаць, а то і больш.
Дык вось. Маладыя перапёлкі, тыя, што нядаўна стварылі сям'ю і прыляцелі да нас, у нашы прыгожыя мясціны выводзіць сваё першае патомства перапелянят, не доўга думаючы, пасяліліся на ўскрайку бярозавага гаю ў высокай траве. Там птушкі і пабудавалі сваё ўтульнае гняздзечка.– Якое прыгожае месца мы абралі! – цешылася будучая мама Перапёлка. – Нашым дзеткам тут спадабаецца: бярозкі белыя трапечуць лісточкамі, на лузе – кветак вельмі многа, а там, за пагоркам, лес шуміць.
– Жу-жу-жу! Вітаю цябе, шаноўная суседка! – гучна зазвінеў крылцамі велізарны Чмель.
Ён пасяліўся побач з перапёлкамі ў земляной норцы. Там, у гняздзечку, ў Чмяля падрасталі дзеткі. Кожны дзень ён прыносіў ім смачны кветкавы нектар. Дзеля таго, каб хутчэй сабраць яго з палявых кветак, Чмялю трэба было хутка абляцець усю мясцовасць да самага лесу. Падляцеўшы да Кветкі, ён імгненна вывучаў яе з дапамогай сваіх велізарных вачэй. Затым, толькі з дазволу самай Кветкі, Чмель набіраў у свой хабаток крышачку салодкага нектару і ляцеў далей на пошукі іншай Кветкі.
– Вунь там, у лесе, – Чмель паказаў Перапёлцы ўдалячынь на цёмную палоску лесу, – растуць пшанічныя каласкі. Цяпер яны ўжо зацвітаюць.
– Ты туды лётаеш па нектар для сваіх дзетак? – спытала Перапёлка.
Сама ж яна ўжо наседжвала дзесяць пярэстых яек. З іх неўзабаве павінны былі вылупіцца яе маленькія перапеляняты.
– Так, – адказаў Чмель, з шумам узвіўся ўгару і хутка знік.
– Ох, колькі клопатаў у нас, бацькоў, – пашкадавала Чмяля будучая мама. – Хутка народзяцца і нашы птушаняты. Чым я буду іх карміць?
– Усё будзе добра, – супакоіў яе будучы тата. – Выкармім і выгадуем.
І вось, нарэшце, у перапёлак нарадзіліся пухнатыя малышы – перапеляняты. Цяпер бацькі з раніцы да вечара працавалі – прыносілі ў гняздо жучкоў, павучкоў, розных мошак, насенне раслін. Але птушаняты ўсё роўна не наядаліся.
– Як мы з імі паляцім зімаваць на поўдзень? – хвалявалася мама Перапёлка. – Яны такія слабенькія, дрэнна растуць і яшчэ не ўмеюць лётаць. А ўжо набліжаецца халодная дажджлівая восень.
Сусед Чмель да таго часу ўжо навучаў сваіх дзетак лётаць. Яны, як маленькія верталёты, узнімалі такі шум, што нават перапеляняты палохаліся.
– Вось і вы вучыце сваіх птушанят лётаць, – раіў Чмель Перапёлцы. – Час набліжаецца да зімы, вы ж не збіраецеся тут, у траве, зімаваць?
– Вядома, не. Нам трэба абавязкова адляцець, тут мы змерзнем! Але перапеляняты дрэнна растуць, ім не хапае ежы, – растлумачыла Перапёлка.
– Чаму ж вы раней не казалі мне пра гэта? – успудзіўся Чмель. – Я ведаю, чым можна накарміць перапелянят. Ад такой сытнай ежы яны хутка адужэюць і навучацца лётаць. Заўтра ж я адвяду вашу сям'ю на пшанічнае поле!
Дапытлівы Чмель усё даўно разведаў. Ён назіраў за пшанічным полем і бачыў, як кветкі на каласах пшаніцы ператварыліся ў маленькія зярняты і пачалі спець. Да канца лета ўсё пшанічнае поле стала залатым! У каласах паспелі бліскучыя залацістыя зярняты.
Раніцай Чмель прывёў Перапёлчыну сям’ю да пшанічнага поля.
– Бачыце, якое яно прыгожае, сапраўднае золата! – Чмель абляцеў усё поле і прывітаўся з пшанічнымі каласамі.
– Калі ласка, не пашкадуйце перапелянятам сваіх зярнят, – папрасіў ён. – Птушанятам трэба адужэць, падрасці і навучыцца лётаць.
– Вядома, мы іх будзем карміць, – загудзелі пшанічныя каласы. – Хай бацькі з перапелянятамі перасяляюцца жыць да нас на пшанічнае поле.
З таго дня да самай восені перапёлчына сям'я гасцявала на пшанічным полі. Тата птушанят не раз забаўляў усіх звонкімі песнямі. Ён быў вясёлы і вельмі рады таму, што цяпер не трэба з раніцы да ночы клапаціцца пра тое, чым карміць сваіх дзяцей. Смачнай ежы на полі было звышдастаткова, і яе не шкадавалі аддаваць пшанічныя каласы. Гэта ежа – залатыя зярняты. Яны такія смачныя і пажыўныя!
Дзякуючы добраму харчаванню перапеляняты хутка падраслі, адужэлі і неўзабаве навучыліся лётаць.
– Вялікі дзякуй вам, пшанічныя каласы, за вашу гасціннасць, – перад адлётам на поўдзень дзякавалі мама і тата перапелянят сваім выратавальнікам.
– А табе, дарагі Чмель, я ўдзячная за клопат і спагаду да чужой бяды, за тваю дабрыню, – сказала Перапёлка. – Ты назаўжды застанешся нашым лепшым сябрам!
Неўзабаве сям'я перапёлак паляцела зімаваць у паўднёвую краіну, туды, дзе цёплая зіма, і не бывае маразоў. Чмель жа нікуды не паляцеў. Ён уцяпліў жыллё і перазімуе са сваёй сям’ёй пад снегам у земляной норцы.
Што ж стане з пшанічнымі каласамі?
Людзі на адмысловых камбайнах іх пазжынаюць, затым абмалоцяць. Залацістыя зярняты патрапяць на млын, дзе з іх атрымаецца пухнатая белая мука. Муку запакуюць у папяровыя пакеты і адвязуць на хлебны завод. А пасля на прылаўках крам з'явяцца смачны белы хлеб, батоны і булачкі, манныя крупы і вермішэль. Так што смачна есці!
Гэтая казка на рускай мове
11.01.18