Залаты букет
Зрабіўшы ўрокі, Паліна вырашыла пайсці пагуляць. Нягледзячы на тое, што на небе ззяла ўжо не летняе, а восеньскае кастрычніцкае сонейка, на вуліцы было яшчэ вельмі цёпла. Аднак сябровак у сваім двары дзяўчынка не сустрэла і неяк адразу засумавала. Зірнуўшы на тратуар, яна ўбачыла шмат жоўтага лісця, якое апала з дрэў. У прамянях яркага восеньскага сонейка яно здаваліся залатым. "Мама любіць залаты колер, – прыгадала Паліна і пачала збіраць кляновае лісце. – Вось гэты вельмі прыгожы! – яна ўзяла ў рукі ярка-жоўты лісцік, падобны на залатую зорачку. – І гэты!" Склаўшы букет з самага лепшага кляновага лісця, дзяўчынка ўжо сабралася аднесці яго дахаты. Але тут з-за кляновых зорачак на яе зірнулі нечыя вясёлыя вочы. Уважліва прыгледзеўшыся, Паліна заўважыла хлопчыка, які стаяў наперадзе.
– Я – Прынц залатой Восені, – сказаў ён. – Дзяўчынка! Ты сабрала вельмі прыгожы восеньскі букет. Усю зіму да самай вясны ён будзе цешыць цябе, і будзе здавацца, што букет зроблены з яркіх сонечных прамянёў.І праўда, усю доўгую зіму Паліна глядзела на свой залаты букет і згадвала цёплыя і сонечныя кастрычніцкія дзянькі. Часам ёй нават здавалася, што лісцікі размаўляюць паміж сабой, прыгадваючы мінулае. А калі прыйшла вясна, і на дрэвах з'явіліся новыя зялёныя лісточкі, дзяўчынка не стала выкідваць свой букет з леташніх кляновых лісцікаў. Яна захавала яго на памяць пра сустрэчу з маленькім Прынцам залатой Восені.
Гэтая казка на рускай мове
24.12.17