Падарунак маленькай Феі
У дзвюх вельмі добрых жанчын, сябровак з дзяцінства, падрасталі дочкі. Дачушку мамы Наташы звалі Насцяй, а дачушку мамы Лены – Ксюшай. Дзяўчынкі былі аднагодкамі і абедзве перайшлі вучыцца ў другі клас.
Мама Наташа вельмі любіла і шанавала сваю сяброўку Лену. Яны часта хадзілі адна да адной у госці і бралі з сабой дачок. Насця адрознівалася бойкім і наравістым характарам. Яна заўсёды і ўсюды хацела быць першай. Ксюша ж, спакойная і ласкавая, не прэтэндавала на першыя ролі.Дзяўчынкі пасябравалі. Ксюша старалася саступаць Насці і слухала яе парады. Насці падабалася быць галоўнай, завадатаркай. Яна прыдумляла гульні і ва ўсім кіравала Ксюшай. Хоць і тая не была ціхоняй. Яна добра вучылася ў школе, шмат чытала і хадзіла ў гурток малявання. Насця ж вучылася ў школе музыцы і танцам. І мама Наташа, і мама Лена не крыўдзілі сваіх дзяўчынак. Усяго ў іх было даволі – тэлефоны, планшэты, розныя гульні, веласіпеды, ролікі, лялькі.
Аднойчы, калі Насця гасцявала ў Ксюшы, то ўбачыла ў яе пакоі вельмі прыгожую ляльку. На ляльцы была шыкоўная сукенка, упрыгожаная ярка-чырвонай ружай. Ксюша сказала, што гэта яе любімая лялька Вера. Яе падарыў ёй на дзень нараджэння хлопчык, які сядзеў з ёй у школе за адной партай.
Насця, пачуўшы гэту гісторыю пра хлопчыка, адразу ж затаіла крыўду. Ёй стала вельмі непрыемна, што Ксюшы дораць хлопчыкі такія падарункі, а ёй не. І яна вырашыла нашкодзіць сваёй сяброўцы. Калі Ксюша выйшла з пакоя, Насця адарвала пунсовую ружу з сукенкі лялькі і выкінула ў акно. Потым дзяўчынка засунула ляльку за шафу, каб яе сяброўка нічога не заўважыла.
Назаўтра Ксюша ўспомніла пра ляльку Веру і пачала яе шукаць. Але лялька як у ваду канула.
– Мама! Ты не ведаеш, дзе мая лялька з ружай? – спытала дачка.
– Не ведаю. Аднак дапамагу табе яе адшукаць.
Мама Лена ўключылася ў пошукі і неўзабаве выцягнула ляльку з-за шафы.
– Што гэта? – здзівілася мама. – У тваёй лялькі адарвана ружа і падрана сукенка. Хто гэта зрабіў?
Ксюша паглядзела на ляльку і заплакала.
– Гэта ж мая любімая лялька. Яе падарыў мне Ілюша. І я зусім не разумею, што з ёй адбылося!
– Так гэта не ты сапсавала яе сукенку? Хто ж гэта зрабіў?
– Я зусім нічога не разумею. У нядзелю я паказвала ляльку Насці. Але я не веру, што гэта зрабіла яна.
– Вядома, не, – пацвердзіла мама. – Насця – добрая дзяўчынка. Яна не будзе такое рабіць. Можа гэта напракудзіў наш Кузя?
Мама строга паглядзела на чорнага пудзеля, які круціўся каля іх.
– Кузя! Гэты ты нарабіў? – дапытвалася мама ў сабакі. – Ты? Як ты мог!
У адказ сабака толькі вінавата падціскаў хвост і вушы. Ён нічога не мог прамовіць у сваё апраўданне.
– Эх ты! – пасароміла яго мама, але яна не асмелілася пакараць сабаку, бо ўсе ў хаце вельмі любілі свайго Кузьку. – Не засмучайся, дачушка! Сукенку ляльцы мы зашыем, – сказала матуля.
Вось так з часам і забылася гэта гісторыя. Усе прывыклі да лялькі Веры без ружы. А на наступны дзень нараджэння бабуля падарыла ўнучцы новую вельмі прыгожую ляльку. Ксюша назвала яе Кацяй.
Прайшоў год. Дзяўчынка скончыла другі клас. І ў яе з'явілася больш вольнага часу. Неяк яна дастала ўсе свае лялькі і пасадзіла іх поруч сябе на канапе. Трохі пагуляўшы з цацкамі, Ксюша пабегла да сябровак у двор. А лялькі глядзелі адна на адну і ўсміхаліся. Іх зацікавіла гэтае знаёмства.
Новая лялька Каця была самай прыгожай, але зусім не здавалася зазнайкай. Убачыўшы зашытую сукенку ў адной з лялек, яна разгаварылася з ёй і даведалася пра сумную гісторыю. Лялька Вера распавяла, як сяброўка Ксюшы адарвала з яе сукенкі пунсовую ружу і выкінула ў акно.
– Ведаеш, – прамовіла лялька Каця. – Я зараз жа пайду ў лес і знайду там новую кветку для тваёй сукенкі!
Неўзабаве лялька Каця непрыкметна для Ксюшы і яе мамы ўцякла з хаты ў лес. Доўга блукала яна па лесе, аднак акрамя маленькіх незабудак ды фіялак, рамонкаў ды васількоў нічога знайсці не змагла. А калі пачало цямнець, лялька Каця вырашыла вярнуцца дахаты. Але тут на яе шляху сустрэлася Сава.
– Што ты тут робіш, лялька Каця? – спытала Сава.
– Я шукаю прыгожую кветку, падобную на пунсовую ружу, каб упрыгожыць сукенку маёй сяброўкі, лялькі Веры.
– А я ведаю, дзе жыве маленькая Фея Кветак. Яна зможа знайсці такую кветку. Хочаш, я адвяду цябе да яе? – прапанавала Сава.
– Вядома, хачу! – узрадавалася лялька Каця.
У лесе ўжо зусім сцямнела. Аднак лялька Каця не спалохалася цемры. Яна разумела, што сяброўка, лялька Вера, чакала яе вяртання і верыла, што яна прынясе ёй запаветную кветку. Сава ўзяла вялікі ліхтар і пайшла з лялькай Кацяй па сцяжынцы ўглыб лесу. Усе лясныя жыхары ўжо спалі, а ваўкі і дзікі, на шчасце, у гэтым лесе не вадзіліся.
Праз паўгадзіны Сава з лялькай Кацяй дайшлі да вельмі цікавай хаткі. Яна была падобная на велізарны Званочак і асвятлялася знутры блакітным святлом. Пад такім дахам-каўпачком і хавалася жыллё маленькай Феі Кветак.
Нягледзячы на познюю гадзіну, Фея яшчэ не спала. Яна чытала казкі кветкам. Фея аказалася цудоўнай маленькай дзяўчынкай з вялікімі добрымі вачыма. Уся яе хатка прыемна пахла і была ўпрыгожана вазонамі з дзіўнымі кветкамі. Ні кроплі не шкадуючы, Фея аддала ляльцы Каці сваю самую прыгожую кветку – пунсовую Лілею. Апрача таго, пунсовая Лілея была чароўнай. Яна не магла звянуць і, нават аказаўшыся зрэзанай, заўсёды пахла далікатным водарам.
Выказаўшы падзяку маленькай Феі Кветак за такі дарагі падарунак, лялька Каця пайшла назад. Добрая бабулька Сава асвятляла сваім ліхтаром лясную сцяжынку, пакуль не вывела ляльку Кацю на дарогу, якая прывяла яе дахаты.
Позняй ноччу, калі ўсе ў хаце ўжо спалі, прамерзлая і стомленая, але задаволеная лялька Каця адчыніла дзверы і ўвайшла ў пакой. Усе лялькі з нецярпеннем чакалі яе. Яны паўкрывалі ляльку Кацю цёплай мамінай хусткай, а пунсовую Лілею прымацавалі да сукенкі лялькі Веры.
Раніцай Ксюша і яе мама ўбачылі цудоўную кветку на сукенцы лялькі Веры і ад здзіўлення нават не ведалі, што і казаць. Толькі сабака Кузя ніяк не здзівіўся. Ён даведаўся пра ўсё яшчэ ўначы, калі раптам расчыніліся ўваходныя дзверы, і на парозе з'явілася Ксюшына лялька Каця з вялікай пунсовай кветкай у руцэ.
З нагоды такога цуду мама Лена патэлефанавала сваёй сяброўцы Наташы і запрасіла яе ў госці разам з дачкой. Ксюша тут жа распавяла ўсю гісторыю, якая адбылася з яе лялькай, сваёй сяброўцы. Насця паглядзела на Ксюшу, потым на ляльку, і слёзы пырснулі ў яе з вачэй!
– Што з табой, Насця? – здзівілася Ксюша.
– Гэта я вінаватая ва ўсім. Я адарвала ружу! – рыдала Насця.
Дзяўчынцы было вельмі непрыемна прызнавацца ў такім нядобрым учынку. Але яна ўсё-такі вырашыла расказаць сяброўцы пра ўсё, бо зразумела – нельга зайздросціць і рабіць шкоду тым, хто цябе любіць.
Вядома ж, Ксюша і сама лялька Вера адразу ж даравалі Насці. З таго часу дзяўчынкі ўжо ніколі не крыўдзілі адна адну. Яны сталі такімі ж добрымі і надзейнымі сяброўкамі, як і іх мамы.
p.s. фота Аляксея Кудраўцава
Гэтая казка на рускай мове
12.12.17