Дакрананне (успамин) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дакрананне (успамин)
Дакрананне (успамин)
Вось, нарэшце, скончыўся працоўны тыдзень. У сем гадзін вечара я ўжо дома. Але на вуліцы яшчэ светла, і душа рвецца туды, дзе заквітнелі дрэвы, дзе ўсё напоўнена пахамі маладой зеляніны.      І вось я ўжо бягу да возера, каб акунуцца ў гэты райскі куток прыроды да наступлення цемры. Перайшла праз дарогу і тут жа агортваюся "незямной асалодай". Іду па сцяжынцы, па абодва бакі якой падрастае мяккая пухнатая папараць, а дрэвы апрануты ў далікатную зялёную лістоту. Паўсюль цвітуць каштаны, яблыні, рабіны. На кончыках галінак елак распусціліся мяккія светла-зялёныя хвосцікі. Але самае галоўнае яшчэ наперадзе. Яно там, дзе возера. Адзін позірк - і душа самлела ад дзіўнай прыгажосці! Возера падобна на вялікае цёмнае люстэрка, а пасярэдзіне яго патанаюць у зеляніне два вострава. Яны застылі ў вячэрняй смузе, быццам сышлі са старонкі вельмі старой, але яшчэ не прачытанай казкі. Там, над астравамі лётаюць птушкі, а тут, ля берага, плаваюць качкі, разразаючы ваду і пакідаючы на яе паверхні бліскучыя, як лязо нажа, сляды.
     Нацешыўшыся чароўнай прыгажосцю вясновай прыроды, увабраўшы яе ў сваю душу, задаволеная, не спяшаючыся, іду назад. Па дарозе збіраю букецік з бэзавых кветачак. У хаце стаўлю яго ў маленькую вазачку і зноў захапляюся неапісальнай прыгажосцю Вясны...
     Немагчыма да канца зразумець і ўсвядоміць, як можа душа, якая вырвалася з палону бясконцай мітусні і клопатаў і толькі на некалькі хвілін дакранулася да квітнеючага Рая, да краёў напоўніцца яго пахамі і святлом, каб жыць потым з радаснымі ўспамінамі пра гэта шмат доўгіх манатонных дзён.
     
     Я не магу на вас забыцца,
     Вы ўсе са мной, як нават сплю.
     Вы мне скажыце, вы скажыце,
     Чаму я гэтак вас люблю?
     Бярозу тую — мнагаплачку,
     Што ля бацькоўскага двара,
     І тую рэчачку Вушачку,
     Якой далёка да Дняпра...
     І тую ўтульную мясцінку,
     Дзе мы пілі кляновы сок,
     І тую вузкую сцяжынку,
     Што быццам жоўты паясок...
     Я не магу на вас забыцца,
     Вы ўсё са мной, як нават сплю.
     Вы мне скажыце, вы скажыце,
     Чаму я гэтак вас люблю?
     
     Сл. П. Броўкі, муз. І.Лучанка
     
     
      Гэты аповед на рускай мове
25.11.17