Чаму бярозы белыя (казка-быль) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чаму  бярозы белыя (казка-быль)
Чаму бярозы белыя (казка-быль)
На беразе ціхага ляснога Белага возера сядзелі два рыбакі – хлопчык гадоў васьмі і сівавалосы старык. У празрыстай вадзе застылі паплаўкі вудачак. Рыба не жадала есці прынаду. Здаецца, у гэтым возеры панавала загадкавае жыццё, альбо ў той дзень усе азёрныя насельнікі былі задаволеныя і сытыя.      Хлопчык глядзеў на адлюстраванне дрэў у люстраной роўнядзі вады, на “казачныя постаці” пухнатых аблокаў у небе над возерам і раптам гучна спытаў:
     – Дзядуля! А чаму наша возера завецца Белым? Вада ж у ім не белая, а празрыстая!
     – Празрыстая… – задумаўся стары.
     Ён акінуў позіркам азёрную роўнядзь, берагі, якія пазарасталі чаротам, потым падняў вочы на прыгажуню бярозу, што схілілася над вадой.
     – Мабыць, раней вада ў нашым возеры і сапраўды была белая. Інакш, яму б не далі такую назву, – растлумачыў дзядуля.
     – Белая? – здзівіўся хлопчык. – Як гэта, адкуль яна ўзялася?
     – Вельмі проста. У свеце шмат загадак, якія яшчэ не разгадаў чалавек. І гэта таксама загадка, альбо можа проста чараўніцтва.
     – Чараўніцтва? – унук падняў на дзядулю здзіўленыя вочы.
     – Хочаш, я распавяду табе загадкавую гісторыю пра гэтыя мясціны, – прапанаваў стары.
     – Хачу.
     – Тады слухай.
     Калісьці даўным-даўно тут яшчэ не было ніякага возера, і гэтага бярозавага гаю таксама не было, – Дзядуля паказаў на высокія белыя бярозы, якія раслі ўздоўж берага. – Вясновай парой плыло па небе белае пухнатае Воблака. Не, не зусім такое, якое цяпер застыла над нашым возерам і любуецца сваім адлюстраваннем у вадзе. Воблака было напоўнена да краёў чароўнай белай вадой. Яно прыплыло сюды, менавіта ў гэтае месца, каб выліць усю сваю ваду і напоўніць ёю нізіну. Хто паслаў чароўнае Воблака ў нашы родныя мясціны, застаецца загадкай. Але, верагодна, гэта быў вельмі разумны і добры Стваральнік зямной прыгажосці.
     Воблака выканала сваю задачу і выліла ўсю ваду ў нізіну. Без вады яно стала лёгкім, як пушынка, і хутка паляцела ў невядомыя далі. А Возера з белай вадой засталося на Зямлі. Людзі назвалі гэты цуд Белым Возерам.
     Але ў той жа час адбылася яшчэ адна неверагодная падзея. Пакуль чароўнае Воблака плыло па небе, ад яго адарваліся некалькі белых кропелек і паляцелі ўніз. Калі кропелькі чароўнай вады зваліліся на адталую ад снегу зямлю, яны патрапілі на маленькія зялёныя парасткі, якія яшчэ толькі-толькі вызірнулі з зямлі, і напоўнілі іх велізарнай жыццёвай сілай!
     Праз некалькі гадоў з маленечкіх парасткаў выраслі чароўныя дрэўцы. Па іх тонкіх ствалах пабег светлы жыватворны сок. Дрэўцы раслі не па днях, а па гадзінах, накіроўваючы свае тонкія галінкі-нітачкі ўгару да неба. Але кара ў маладых дрэўцаў была не цёмна-карычневага колеру, як ва ўсіх астатніх дрэў, а белая, нібы вытканая з кавалачкаў белых пухнатых аблокаў.
     Людзі, якія прыходзілі на бераг Белага Возера, заўважалі, што маладыя дрэвы чымсьці засмучаныя, але ніхто не мог зразумець, чаму яны смуткуюць. "Мы кропелькі белай вады з нябеснага воблака! – шапталі маладыяі дрэвы белым аблокам, якія ляцелі па небе. – Мы жадаем жыць у небе разам з вамі, як жылі раней!" Але аблокі нічога не разумелі, бо перад імі на зямлі былі не кроплі нябеснай вады, а высокія зялёныя расліны. Аднак чароўныя дрэвы ўпарта раслі і раслі ўгару, імкнучыся адарвацца ад зямлі і паляцець у неба. Іх лёгкія кроны з тонкіх галін і сапраўды былі падобныя на невялікія серабрыстыя аблокі.
     Неяк праз малады чароўны гай ішоў незнаёмы чалавек. Ён пакратаў прыгожую белую кару, пагладзіў тонкія ствалы дрэў і прамовіў такія словы: "Якія выдатныя белыя дрэвы выраслі на беразе Белага возера. Прыгажэйшых дрэў я не сустракаў!"
     Белыя Бярозы (так іх ахрысціў добры чалавек) спачатку не паверылі словам незнаёмца. Але потым, зазірнуўшы ў ваду і разгледзеўшы ў ёй свае адлюстраванні, зразумелі, што і сапраўды яны прыгожыя.
     На галінках Белых Бяроз па вясне вырасталі доўгія “завушніцы”, падобныя на застылыя кроплі вады, а ў высокіх стройных ствалах струменіўся чароўны сок, які надаваў далікатным дрэвам велізарную жыццёвую сілу. Увосень з чароўных “завушніц” выляталі аблокі лёгкага насення. Яны рассяляліся па нашай зямлі.
     Вось чаму цяпер у шматлікіх месцах нашай радзімы можна сустрэць Белую Бярозу. Людзі ганарацца, калі побач з іх жыллём расце такое прыгожае дрэва ці шуміць белы бярозавы гай. Ты бачыш, – дзядуля паказаў унуку на высокія дрэвы, якія раслі ўздоўж берага, – побач з нашым Белым возерам, вырас вялікі бярозавы гай. Напэўна, гэта нашчадкі тых самых першых дрэў, якія нарадзіліся з кропелек чароўнага белага Воблака. А вада ў нашым Белым возеры з часам страціла свой першапачатковы колер, стала блакітнай і нават празрыстай, як паветра.
     Дзядуля скончыў свой аповед. Дзень набліжаўся да свайго завяршэння. Трэба было вяртацца дахаты. Па сцяжынцы, якая віхляла паміж стройнымі ганарлівымі белымі дрэвамі, ішлі два чалавекі, вялікі і маленькі. Хлопчык падыходзіў да бяроз, кратаў іх ствалы, шурпатую кару і разважаў: "Сапраўды гэтая кара вельмі падобная на кавалачкі белых аблокаў. Значыць, у нашых дрэвах на стагоддзі ўтоена штосьці загадкавае, чароўнае". Белыя бярозы адчувалі дакрананне мяккай дзіцячай далонькі і таксама думалі, але пра нешта сваё. Напэўна, яны марылі зноў стаць белымі аблокамі…
     
     p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
     
      Гэтая казка на рускай мове
24.11.17