Кіт, кіцяня і дэльфіня - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Кіт, кіцяня і дэльфіня
Кіт, кіцяня і дэльфіня
У бязмежным сусветным акіяне, які ахутвае ўсю нашу Зямлю, жыў велізарны кіт. Яму далі мянушку Гарбаты за востры плаўнік на спіне. Кіт часта вынырваў з вады, паказваючы Сонцу шырокую спіну, на якой красаваўся маленькі "горбік". Жыццярадасны кіт ніколі не крыўдзіўся на сваю мянушку, наадварот, яна яго нават бавіла.      Вясёлы кіт любіў паскакаць і пакуляцца ў вадзе, нягледзячы на сваю велізарную вагу. Часам, ён пачынаў вельмі гучна раўці, што нават заглушаў гудкі вялікіх акіянскіх лайнераў. А яшчэ Гарбаты любіў пускаць высока ў неба фантаны з акіянскай вады. Гэты дарослы кіт паводзіў сябе, як маленькае дзіця!
     Але аднойчы і ў яго нарадзіўся маленькі сынок, кіцяня Док! Гарбаты так узрадаваўся, што гатовы быў цэлы дзень скакаць і плюхацца ў вадзе. Вось толькі мама кіцяняці не дазваляла Гарбатаму гэта рабіць, каб не парушаць спакой малыша. А калі Док трохі падрос і адужэў, бацькі вырашылі, што прыйшоў час пазнаёміць сына з велізарным сусветным акіянам Зямлі.
     – Тата! Куды мы паплывём? – спытаў Док. – Я баюся! У такім велізарным акіяне можна заблудзіцца!
     – Не бойся, сынок, не заблудзімся! – супакоіў яго тата. – Я добра ведаю ўвесь сусветны акіян і пакажу табе самыя цікавыя месцы: акіянскія астравы, скалы, рыфы і глыбокія ўпадзіны. А яшчэ, я пазнаёмлю цябе са сваімі старымі сябрамі: рыбамі, васьміногамі і кальмарамі, цюленямі, марскімі коцікамі і птушкамі. Птушкі жывуць на астравах і часта прылятаюць да мяне, каб пагаварыць і падзяліцца навінамі. Самы лепшы мой сябар, Альбатрос. Гэта моцная і вельмі адважная птушка. Ён не раз папярэджваў мяне пра небяспекі, якія сустракаліся на маім шляху. Я ўдзячны Альбатросу за добрае і адданае сяброўства.
     Неўзабаве сям'я кітоў адправілася ў вандраванне. Але час ляціць вельмі хутка. Вандроўнікі нават не заўважылі, як прайшоў цэлы год, а яны ўсё яшчэ плавалі і плавалі па блакітных хвалях, адкрываючы для сябе новыя цікавыя месцы вялікага акіянскага дома. Тысячы кіламетраў водных дарог адмералі кіты сваімі моцнымі плаўнікамі і хвастамі. Усё, што тата-кіт абяцаў паказаць сыну, ён ужо паказаў. І цяпер ім, тром кітам, якія стаміліся ад доўгага вандравання, захацелася адпачыць. Аднак, калі падыходзячае месца для адпачынку было знойдзена, здарылася непрадбачаная акалічнасць. Аднойчы, гуляючы, Док убачыў у вадзе побач з сабой маленькае спалоханае дэльфіня.
     – Як цябе зваць? – спытаў Док.
     – Філька.
     – Ты плаваеш у акіяне зусім адзін? – здзівіўся Док.
     – Так, бо я згубіўся... – жаласна піснуў Філька.
     – Ты не ведаеш, дзе твой дом?
     – Не, – Філька адмоўна памахаў галоўкай. – Я ведаю толькі адрас. Гэта Бэзавы востраў. Адтуль з мамай і татам мы адправіліся ў плаванне. А дзе гэты востраў, і як да яго даплысці, я не ведаю. У мяне няма компаса, а арыентавацца па Сонцы, зоркам альбо па Месяцы я яшчэ не навучыўся.
     – Затое мой тата ўмее гэта рабіць. Мы адвядзём цябе дамоў! – цвёрда сказаў Док і паплыў да свойго бацькі, каб паведаміць яму пра беднае дэльфіня.
     Хіба мог добры тата-кіт, нават калі ён моцна стаміўся, не дапамагчы дэльфіняці! Не, не мог. Таму Гарбаты разам з Докам адразу ж вырашылі адвесці малога дамоў.
     – Наша мама адпачне і пачакае нас тут, – сказаў тата-кіт. – А дарогу да Бэзавага вострава нам з табой пакажа Сонца.
     Цэлы дзень тата-кіт разам з Докам і Фількам плылі да таго месца ў акіяне, дзе знаходзіўся дом дэльфіняці. І толькі праз дзвесце кіламетраў воднага шляху ўдалечыні паказаўся запаветны востраў.
     – Гэта твой востраў? – спытаў Гарбаты.
     – Так, гэта ён! – узрадаваны Філька хутка паплыў да вострава.
     Неўзабаве ля берага з вады паказалася яго шчаслівая галоўка, а потым і ўсё цельца. Дэльфіня радасна падскоквала ўгару, махала хвосцікам і пускала фантанчыкі.
     – Вось і добра! Тут яго бацькі. Цяпер нам можна вяртацца назад, – пахвальна прагыркаў тата-кіт.
     – Мама! Яны выратавалі мяне і прывялі дамоў! – пішчаў Філька, прытуліўшыся да вялікай матулінай спіны.
     – Шчыры дзякуй вам, сябры! Вы дапамаглі майму сыночку знайсці родных! – радасна праспявала мама-дэльфініха. – Аказваецца, наш акіянскі дом не без дабрачыннасці. У ім жывуць вялікія моцныя і добрыя кіты, якія дапамагаюць маленькім і слабым!
     Пасля гэтага выпадку сям'я кітоў і сям'я дэльфінаў сталі лепшымі сябрамі. Яны часта разам адпраўляюцца ў новыя вандраванні, а калі будзе патрэбна, заўсёды змогуць дапамагчы адно аднаму.
     
      Гэтая казка на рускай мове
9.08.17