Хто жыве на дне акіяна? - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Хто жыве на дне акіяна?
Хто жыве на дне акіяна?
На дне велізарнага акіяна жыла вялікая ізумрудная Чарапаха. Яна была настолькі старая, што нават сама не памятала, колькі ёй гадоў. На галаве Чарапаха насіла карону з каштоўных камянёў і лічыла сябе каралевай. Хто ведае, можа яна і сапраўды нарадзілася ў каралеўскай сям'і і з'яўлялася спадчынніцай каралеўскага трона. Так ці інакш, цяпер ужо ніхто не ведаў, хто кіраваў каралеўствам на дне акіяна да яе. Старэйшай за ізумрудную Чарапаху за шмат міль вакол у акіяне нікога не было.      Усе дзеці старой Чарапахі ўжо даўно перасяліліся жыць у іншыя моры і акіяны, і толькі юны Чарапашонак, зусім яшчэ малы, жыў побач з ёй у яе каралеўскім палацы. Гэты палац быў вельмі раскошным. Вакол усё бліскацела і зіхацела. Упрыгожванні з каляровых каралаў і акіянскага багавіння, з перламутравых ракавінак і каралі з жэмчугу былі паразвешаны па ўсім палацы. Каралева спала на пасцелі з наймяккчэйшага багавіння, і нават пясок на дне акіяна тут быў не простым, а сабраным з драбнюткіх пясчынак.
     Старая Чарапаха амаль увесь час адпачывала. Аднак палац не пуставаў. Сотні каралеўскіх слуг былі гатовы выканаць любое яе ўказанне. Процьма марскіх павукоў і крабаў, узброеных цвёрдымі непрабіўнымі панцырамі, абаранялі каралеўскі палац з усіх бакоў. Гіганцкія васьміногі стаялі на варце ля варот палаца і былі гатовы адбіць любы напад ворагаў. Ды і ў палацы было мноства слуг. Рознакаляровыя каракаціцы імгненна падладжваліся пад настрой сваёй гаспадыні. Змяняючы колер, як сапраўдныя хамелеоны, яны былі гатовы выканаць любы загад яе вялікасці каралевы. А кальмары дапамагалі ім, бо сваімі дужымі шчупальцамі яны маглі рабіць усё, што заўгодна. Танцавальны ансамбль маленькіх каралеўскіх крэветак арганізоўваў прадстаўленні пад музыку даўгавусых крэветак, а музычнымі інструментамі ім служылі прыгожыя перламутравыя ракавінкі.
     Па вечарах сама каралева ўкладвала спаць маленькага Чарапашонка і чытала яму казкі. Вось толькі ўсе казкі сваёй бабулі малы ўжо чуў, яму хацелася зведаць штосьці новае. Аднойчы старая Чарапаха загадала самаму вялікаму гіганцкаму Васьміногу вылавіць каго-небудзь у акіяне і прывезці ў яе каралеўства. Такім чынам каралева спадзявалася здабыць новыя казкі, якія, вядома ж, ведаюць акіянскія насельнікі і распавядаюць сваім дзецям.
     – Самымі разумнымі людзі лічаць дэльфінаў. Гэтыя марскія жывёлы, напэўна, захоўваюць у памяці шмат казачных гісторый пра акіян, – вырашыла Чарапаха і адправіла Васьмінога на паляванне.
     Неўзабаве той прыцягнуў Дэльфіна і пасадзіў яго ў клетку.
     – Ты ведаеш старажытныя акіянскія паданні і быліны? Табе іх хто-небудзь распавядаў? – спытала Чарапаха ў свайго нявольніка. – Калі ўспомніш пяць такіх гісторый і распавядзеш мне, я цябе адпушчу.
     Бедны Дэльфін не ведаў пяці гісторый, ён успомніў толькі тры казкі пра акіян. Чарапаха раззлавалася і не захацела яго адпускаць. Васьміног, ведаючы, што Дэльфіну нельга доўга заставацца на дне акіяна без паветра, што ён можа памерці, сказаў пра гэта каралеве.
     – Хай падумае і ўспомніць яшчэ дзве гісторыі, тады ты яго адпусціш, – пазяхнула старая Чарапаха і пайшла спаць.
     Малы Чарапашонок пачуў гэтыя словы, і як толькі бабуля Чарапаха заснула, сказаў Васьміногу:
     – Адпускай Дэльфіна. Я не хачу, каб ён памёр, і сам прыдумаю дзве гісторыі, а потым распавяду іх каралеве.
     Вось так Чарапашонак выратаваў Дэльфіна ад пагібелі. На развітанне ён сказаў:
     – Калі ласка, прабач маю бабулю за яе злы ўчынак. Жыві доўга-доўга. Я люблю цябе. Бывай!
     – Дзякуй, мой юны сябар! – адказаў Дэльфін. – Я ў цябе ў даўгу. Калі табе патрэбна будзе дапамога, пакліч мяне, і я прыйду.
     Затым Дэльфін паплыў да свайго дома.
     З таго часу Чарапашонак ужо не слухаў бабуліны казкі перад сном. Малыш падрос і стаў больш самастойным. Ён часта сплываў з падводнага каралеўства своёй бабулі Чарапахі, каб больш даведацца пра вялікі акіянскі дом. Аднойчы пасля стомнага плавання Чарапашонак прастудзіўся і захварэў. Усё каралеўства лячыла яго травянымі настойкамі, але малыш ніяк не мог паправіцца. Тады мудры Васьміног сказаў:
     – Я ведаю, дзе жыве твой сябар Дэльфін, і паплыву да яго за парадай. Можа быць, ён дапаможа табе акрыяць.
     Васьміног знайшоў Дэльфіна, а той, даведаўшыся пра хваробу Чарапашонка, прынёс яму самыя лепшыя лекі сваёй сям'і. У дзяцінстве бабуля Дэльфіна лячыла яго гэтымі лекамі.
     Неўзабаве Чарапашонак акрыяў. І цяпер не толькі ён, але і каралева Чарапаха была вельмі ўдзячная Дэльфіну і яго сям'і за дапамогу. Яна доўга прасіла прабачэння ў Дэльфіна за свой злы і неабдуманы ўчынак.
     Вось так, здавалася б, зусім розныя сем'і – каралевы Чарапахі і Дэльфіна – змаглі пасябраваць. У жыцці часта так здараецца. Мы знаходзім сабе новых вельмі добрых і адданых сяброў там, дзе зусім не чакалі іх знайсці.
     
      Гэтая казка на рускай мове
9.08.17